Сёння ў Мінску адкрыецца музей "Лошыцкая сядзіба"
Летась завяршыліся работы па рэстаўрацыі сядзібнага дома.
Музей размешчаны ў будынку былога сядзібнага дома, помніка архітэктуры другой паловы XVIII – XIX стагоддзяў. У склад сядзібы ўваходзяць пейзажны парк, флігель, домік вартаўніка, руіны капліцы, комплекс бровара і будынак былога млына.
Летась завяршыліся работы па рэстаўрацыі сядзібнага дома: адноўлены архітэктурныя элементы, фрагменты жывапіснага дэкору, ляпніна, рэканструяваны унікальныя кафляныя печы і камін. Экспазіцыя ўключае адноўленыя жылыя інтэр'еры сядзібы: вялікую і малую гасціныя, бальную залю, кабінет, кухню, сталовую, канапавую, аформленыя ў стылях мадэрна, неаракако, гістарызму. У інтэр'ерах прадстаўлена мэбля, прадметы побыту, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапіс, графіка з фондаў Музея гісторыі горада Мінска, Замкавага комплексу "Мір", Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, а таксама з прыватных збораў калекцыянераў.
Гістарычны раздзел экспазіцыі знаёміць з этапамі станаўлення і развіцця Лошыцы з Х стагоддзя да нашых дзён. У выставачнай залі музея экспануецца выстава "Дух часу і раскошы", мода і стыль 1820—1920-х гадоў з калекцыі Ігара Сурмачэўскага.