«Рускі мір» здаровага чалавека. Новы выпуск гістарычнага серыяла «Трызуб і Пагоня» з Кацярынай Ваданосавай

Выйшаў пяты выпуск гістарычнага серыяла «Трызуб і Пагоня» ад кампаніі «Будзьма беларусамі», прысвечанага самым цікавым старонкам супольнай гісторыі Беларусі і Украіны. Таямнічы свет войнаў і інтрыг, кахання і барацьбы за ўладу, смерці і нараджэння дзяржаў адкрывае гледачам тэлевядоўца і спявачка Кацярына Ваданосава.


Што стагоддзямі ўкладалася ў паняцці «рускі» ці «русіны»? Дзе шукаць сапраўдную Русь? Эліта «рускага свету» ВКЛ — хто гэта? Як і калі Масква зрабіла ўласным ўсё «рускае»? Проста, дасціпна і з гумарам пра гэта распавядзе ў новым выпуску вядоўца Кацярына Ваданосава.
Можна пачуць, што зараз не час для культуры, тым больш, не час для беларуска-ўкраінскай гісторыі... Але ці можна перакрэсліць 1000 гадоў нашага супольнага мінулага, агульных герояў і ўсяго, што нас звязвала так доўга? Мы перакананыя — не!
Чаму гэта так важна? Зменлівы свет занадта часта спрабуе дыктаваць, якім народам сябраваць, якім не. Пра што казаць, а пра што — маўчаць. З Украінай нас, беларусаў, аб’ядноўвае занадта шмат. Таму самы час даведацца, як наша супольная гісторыя выглядала цягам мінулых стагоддзяў.
«Трызуб і Пагоня» з Кацярынай Ваданосавай ад кампаніі «Будзьма» — гэта расповед пра 1000 гадоў супольнай гісторыі беларусаў і ўкраінцаў. Войны, інтрыгі, барацьба за ўладу, грошы, каханне, смерць і нараджэнне дзяржаў. Тое, што аб’ядноўвае. Тое, пра што варта ведаць.