«Прыбіраюць усіх, хто асуджаў гвалт». У Купалаўскім працягваюцца звальненні
У Купалаўскім, верагодна, працягваюць звальняць тых, хто пасля выбараў выказаўся супраць гвалту і падтрымаў артыстаў, якія звольніліся ў знак пратэсту. Пра гэта «Нашай Ніве» распавёў цяпер ужо экс-прэс-сакратар тэатра Мікалай Заяц.

У загадзе на звальненне самога Мікалая ад 31 сакавіка
прычыну пазначылі так: «У сувязі з прыёмам на працу работніка, для якога гэтае
месца будзе асноўным».
Справа ў тым, што Мікалай працаваў у Купалаўскім па
сумяшчальніцтве — на 0,5 стаўкі. У пачатку жніўня 2020 года ён планаваў зрабіць
тэатр асноўным месцам, але не паспеў:
«21 жніўня 2020 года маю пасаду вывелі ў прастой. У ім я
знаходзіўся да звальнення. Падчас прастою заробак складаў 2/3 ад акладу. У
нашым выпадку прастой быў без абавязку прысутнічаць на працоўным месцы, таму і
нейкіх канкрэтных задач ні часовае кіраўніцтва, ні новае не ставілі. На днях
мне прыйшоў ліст, дзе паведамлялася пра маё звальненне. З новым кіраўніцтвам я
і сам не планаваў працаваць, чакаў вываду з прастою і збіраўся звальняцца, таму
агулам для мяне гэта добрая навіна.
Раней тэатр быў месцам, дзе гуртавалася інтэлігенцыя, дзе
жыла беларуская культура. На пасаду прэс-сакратара Купалаўскага я прыйшоў у
2020-м годзе. Было некалькі сумоўяў, апошняе з іх праводзіў Павел Латушка. Было
бачна, што гэты чалавек цалкам адданы працы на карысць беларускай культуры. На
жаль, сённяшняя ўстанова пачынае адыходзіць ад ранейшых ідэалаў».
