Прайшоў пленэр мастакоў па месцах Першай сусветнай
Грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж” ажыццяўляе міжнародны культурна-асветніцкі праект “Пераклічка стагоддзяў: Першая сусветная вайна і свет сёння”. Прысвячаецца ён 100-годдзю з пачатку Першай сусветнай вайны.
На нямецкіх пазіцыях ля Крэва
— Гэта ўжо другая часць праекта “Пераклічка стагоддзяў”. Першы праходзіў у 2012 годзе і прысвячаўся падзеям вайны 1812 года, — расказала каардынатар праекта Наталля Святкіна.
Уключае праект міжнародныя летнія творчыя майстэрні і грамадска-навуковыя чытанні, конкурс эсэ, серыі перасоўных выставаў і культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў у музеях і бібліятэках, літаратурныя чытанні.
У рамках праекта з 29 ліпеня па 15 жніўня праходзіў пленэр мастакоў. У ім удзельнічалі студэнты і выкладчыкі ўстаноў мастацкага профілю з Беларусі, Расіі, Украіны. Прыехалі яны з Гомеля, Магілёва, Мінска, Навасібірска, Чалябінска, Тулы, Ленінградскай вобласці, Кіева. Усяго — 37 чалавек.
Удзельнікі пленэру пабывалі ў Магілёве, Мінску. На экскурсіі па сталіцы суправаджаў іх старшыня праўлення дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” Вячаслаў Бандарэнка.
Мастакі наведалі Вілейку, Смаргонь і мясцовыя музеі, Заброддзе, Баруны, Солы, Крэва, Залессе, Гальшаны, Наваспаск, узбярэжжа возера Мядзел і іншыя мясціны, звязаныя з гісторыяй Першай сусветнай вайны. Там жа працавалі над эскізамі будучых карцін.
— Удзельнікі пленэру наведалі рускія і нямецкія могілкі, нешматлікія, на жаль, помнікі героям Першай сусветнай Вайны, — расказвае Наталля Святкіна. — Агледзелі руіны замка і храма, якія былі практычна знішчаны гэтай вайной, нямецкія доты і рускія акопы, змаглі зірнуць на дарогу, што падзяляла дзве арміі і з боку рускіх пазіцый, і з боку нямецкіх.
Пра ўражанні ад пленэру запытаў у выкладчыка Тульскага каледжа мастацтваў Міхаіла Блейхера.
— Уражанні цудоўныя. Другі раз з гэтай арганізацыяй прыязджаю ў Беларусь. Мне тут падабаецца, адчуваю сябе як у сваёй сям’і. Гэтак бывае, калі прыязджаеш да далейшых сваякоў (далейшых — у сэнсе адлегласці) і адчуваеш сябе вельмі ўтульна. Мы тут шмат чаго пабачылі, пазнаёміліся з Беларуссю.
— Якія мясціны найбольш уразілі?
— Не хацеў бы вылучаць, бо многія маюць трагічную гісторыю. Зараз прыехалі з Крэва — вельмі прыгожа. Уразіла Крывая Горка — там спалучаецца незвычайная прыгажосць месца і горыч трагедыі.
Магчыма, удзельнікі пленэру прыедуць сюды яшчэ раз увосень — маляваць крэўскія краявіды.
— Што стане вынікам праекту? — пытаю ў Наталлі Святкінай.
— Выстава, якая пройдзе ў 2014 годзе ў Мінску. Калі музеі тых мясцін, дзе праходзіў пленэр, будуць зацікаўлены ў ёй, таксама змогуць паказаць гэту выставу.
Алесь Высоцкі, www.rh.by
Фота Сямёна Шаўцова