Польскі бестселер «Сонька» пераклалі на беларускую і прэзентуюць у Мінску

Прэзентацыя беларускамоўнага перакладу рамана знакамітага польскага пісьменніка Ігната Карповіча «Сонька» адбудзецца 23 лістапада ў рамках цыклу «Месяц польскай літаратуры».

sonka_afisz_23.11.2018.jpg


У прэзентацыі беларускага выдання прымуць удзел: аўтар кнігі Ігнат Карповіч і перакладчыца Марыя Мартысевіч. Мадэратарам імпрэзы выступіць паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.
Ігнат Карповіч (польск. Ignacy Karpowicz) — адзін з найяскравейшых сучасных польскіх пісьменнікаў. Нарадзіўся ў 1976 годзе ў вёсцы Случанка на Беласточчыне. Выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта, спецыяліст па іберыстыцы і афрыканістыцы. Аўтар васьмі раманаў, чатыры з якіх уваходзілі ў шорт-ліст галоўнай літаратурнай прэміі Польшчы «Nike». У 2010 годзе атрымаў прэстыжную прэмію часопіса «Палітыка» за раман «Баладыны і рамансы» (польск. «Balladyny i romanse»). Перакладае мастацкую літаратуру з англійскай, іспанскай і амхарскай моваў.
«Сонька» стала ў Польшчы сапраўднай літаратурнай сенсацыяй. У гэтай кнізе сустракаюцца мінулае і цяпершчына, жыццё і смерць, каханне і нянавісць. Раман «Сонька» перакладзены на венгерскую, літоўскую, нямецкую, рускую, украінскую мовы. Паводле рамана быў пастаўлены спектакль на падмостках Драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі ў Беластоку з удзелам беларускіх акцёраў Святланы Анікей (Сонька) і Аляксандра Малчанава (Міша) у рэжысуры Агнешкі Карыткоўскай-Мазур, а таксама створаны аўдыяспэктакль, які гучаў на хвалях «Польскага радыё Беласток». У 2015 годзе раман «Сонька» быў намінаваны на літаратурную прэмію «Nike».
Прэзентацыя адбудзецца 23 лістапада ў кнігарні «Сон Гогаля» (Мінск, вул. Леніна, 15). Пачатак а 19 гадзіне. Уваход вольны.