«Плошча Калумба», альбо Ці камфортна дзівакам?

Шчыры, цёплы, свой, неабыякавы. Такія ўражанні пакінуў зборнік аповесцяў і апавяданняў «Плошча Калумба» Сяргея Лапцэвіча.

Плошча Калумба, Нью-Ёрк

Плошча Калумба, Нью-Ёрк

Ужо ў самым пачатку, калі толькі прачытала пару старонак, — адразу адчула ў кнізе Сяргея Лапцэвіча шчырасць, яго героі сапраўдныя, свойскія і ў той жа час незразумелыя для большасці дзівакі. І такія дзівакі прывабліваюць нават тых, хто звычайна негатыўна да іх ставіцца. Бо трошачкі зайздросціш таму, як яны ўспрымаюць жыццё. Іх светапогляд — нестандартны, адкрывае новыя накірункі ўспрымання жыцця. І такі светапогляд — ноша не для кожнага.

«Плошча Калумба» пісалася на працягу 5 гадоў, але, са слоў аўтара, не ўсе расказы трапілі ў зборнік. «Мне здаецца, сёння ўсе мы знаходзімся ў нейкім пераходным стане, таму агульначалавечыя праблемы ўсюды падобныя, перагукаюцца. З іншага боку, мы не паспяваем сачыць за тым, як мяняюцца свет, культурная сітуацыя, не разумеем, як выжыць у суровым канкурэнтным асяроддзі», — казаў Сяргей Лапцэвіч на прэзентацыі зборніка.

Гэта гісторыі простых людзей, якія жылі ў розныя часы: у часы СССР (часы вайны і «перабудовы»), у «ліхія» 90-я, у нашай сучаснасці, у эміграцыі ў ЗША. Усіх іх аб’ядноўвае толькі адно: кожны павінен быў прыстасоўвацца да новых умоваў. У кагосьці гэта атрымлівалася, у кагосьці — не. Кніга прываблівае тым, што адлюстроўвае перш за ўсё псіхалагічныя хваляванні герояў, якія сутыкнуліся з новай рэальнасцю.

Сяргей Лапцэвіч дэманструе ўменне назіраць і рабіць свае высновы, успрымаць «іншага», шукаць прычынна-выніковыя сувязі і матывы паводзінаў. Імпануе, што ў зборніку кожнае апавяданне не толькі раскрывае новы сюжэт, але і можа звяртацца да персанажа з папярэдніх аповедаў, што надае цэласнасць кнізе.

5d9ca45b18763ac14f31654ed0cef982.jpg

Што падкупляе і выклікае сімпатыі ў героях «Плошчы Калумба»? Па-першае, амаль усе персанажы — тонкія натуры. Прычым шмат з іх трапіла на скрыжаванне эпох і на змену ўяўленняў ды светапоглядаў.

Па-другое, героі «Плошчы Калумба» змагаюцца з канфліктам паміж унутраным і вонкавым. Гэты канфлікт так і не атрымалася вырашыць, даводзілася адаптоўвацца, дзесьці ламаючы сябе, прыстасоўвацца ці заставацца толькі ў сваім «ўнутраным», што вядзе да канфлікту з «вонкавым».

Трагічнасць і самотнасць герояў у тым, што яны не ўпісаліся ў сістэму (вонкавае), хоць і былі ўключаны ў яе, але ж сваім жыццём і адчуваннем усё ж выходзілі па-за яе межы. Яны схільныя да бунтарства супраць сістэмы, але да дзеянняў справа рэдка калі даходзіць. Героі «Плошча Калумба» могуць увасабляць спробы ўцёкаў ад прысутнай ім сацыяльнасці, будучы ў яе уключанымі, імкнучыся адгарадзіцца ад вонкавага свету і жыць толькі ў сваім.

Кожны персанаж — сусвет, і толькі ён вырашае, што і хто будзе ў гэтым сусвеце. На працягу жыцця ідзе барацьба паміж выбарам — застацца адданым самому сабе або абраць пратаптаную ў сацыяльнасці сцежку, пайсці па ўжо зробленаму шляху, бо свой пракладаць значна цяжэй. Цяжэй не толькі таму, што сіл на гэта патрэбна болей, больш смеласці, але і складана ўступаць у барацьбу з адкатанай за многія гады сацыяльнасцю. Больш таго, героі апавяданняў могуць у розныя перыяды жыцця быць у сістэме, потым выйсці з яе, а пазней зноў увайсці.

Гэта героі з цяжкімі і няпростымі лёсам, якія і ў сталым узросце не могуць адкінуць хваляванні і траўмы свайго дзяцінства, яны заўсёды трошкі жывуць у сваім мінулым. Сумуюць па сябрах, па ранейшым жыцці, па былой лёгкасці, не здольныя адпусціць стары боль. У кожны час, у кожным пакаленні ёсць такія асобы, якія ці ідуць уперад, ці рэфлексуюць над сваім мінулым, ці засталіся на мяжы. Мяне прываблівае меланхалічнасць герояў «Плошчы Калумба», дзе кожны нясе на сабе адбітак глыбокай, невыяўнай пакуты і болю.

Па-трэцяе, мне падабаецца, што персанажы кнігі зведваюць экзістэнцыйныя пражыванні кожнага моманту свайго жыцця. Яны імкнуцца жыць праз адчуванні гэтага свету, каб не проста існаваць у пустэчы, а на самай справе жыць напоўніцу: каб глыбока адчуваць, што жывеш, бо інакш цесна, бо па-іншаму немагчыма, бо тое — здрада самому сабе.

Падкупляе дыскурс эміграцыі. Эмігранты з былых краін Саюзу — вельмі розныя людзі, якія надзвычай па-рознаму былі настроеныя да ад’езду і пасля. Адны так і не здолелі цалкам адаптавацца і памятаюць пра радзіму толькі лепшае, і гэтыя невялічкія ўспаміны з’яўляюцца перашкодай, і ўнутры сядзіць пытанне без адказу: «А можа вярнуцца?» Яны сумуюць па страчанай радзіме, але сіл вяртацца не маюць. На радзіме ў іх было пачуццё нейкай годнасці, значнасці, а ў эміграцыі гэта адчуванне было страчана.

Аднак ёсць і тыя, хто дастаткова добра ўладкаваліся, і ў іх няма ніякіх праблем з самааднясеннем, яны ўжо лічаць сябе «карэннымі амерыканцамі», і любы ўспамін пра былую радзіму выклікае нервовы цік.

На мой погляд, Сяргей Лапцэвіч ставіць у сваім зборніку адно пытанне: ці можа ў нашым свеце псіхалагічна камфортна існаваць чалавек з адметнай індывідуальнасцю, з адметным светапоглядам, з іншым адчуваннем жыцця, з іншым разуменнем падзей, уяўленнем пра чалавечыя адносіны? А можа, гэта заўсёды траўмаваныя людзі, якія вымушаны жыць у самоце, усё жыццё весці барацьбу з самімі сабой і з сусветам?

Калі падагульняць, то «Плошча Калумба» — гэта чытанне, якое дазваляе зірнуць на сябе збоку. Чытачу даецца свабода разумення і выбару глыбіні. І ўжо справа кожнага — успрыняць кнігу як нешта экзістэнцыйна значнае ці як просты твор з выбітнымі героямі.

Сяргей Лапцэвіч

Сяргей Лапцэвіч