Пераможцам Славянскага базару стаў мексіканец
Прадстаўнік Мексікі Радрыга дэ ла Кадена выйграў XXIII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2014». Па выніках двух фінальных дзён ён набраў 186 балаў і атрымае Гран-пры конкурсу.
Радрыга дэ ла Кадена. Фота БелТА
Першая прэмія конкурсу дасталася Віталіе Негруца з Малдовы, які набраў 179 балаў, другая — Вераніцы Дораш з Украіны (177 балаў), трэцяя — Дзіна з Харватыі (175 балаў).
Беларус Артур Міхайлаў завяршыў конкурс сёмым.
Усяго ў конкурсе ўзяў удзел 21 выканаўца. 12 і 13 ліпеня прайшлі два фінальныя этапы. У першы дзень удзельнікі выконвалі кампазіцыі на адной са славянскіх моў у суправаджэнні аркестра, у другі
— сусветны хіт пад фанаграму «мінус 1».
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца ў Віцебску 14 ліпеня.
Уладальнік Гран-пры атрымае грашовы прыз — 20 тысяч долараў ЗША, першай прэміі — 15 тысяч, другой — 10 тысяч, трэцяй — 5 тысяч долараў.
БелаПАН