«Новы Замак» — новае літаратурнае выданне Гродзеншчыны
Нарэшце дачакаліся сябры Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” свайго літаратурнага выдання. Яго пісьменнікі вырашылі назваць “Новы Замак”. Пад такім назовам і выйшаў з друку першы нумар літаратурнага альманаха ў Мінску ў выдавецтве “Кнігазбор”.
Назва альманаха “Новы Замак” мае ўвасабляць духоўныя каштоўнасці Наднёмання: у Новым каралеўскім замку захоўваюцца музейныя зборы, калекцыі старадрукаў і фонды Гродзенскай абласной бібліятэкі імя акадэміка Яўхіма Карскага.
Гартаючы “Новы Замак” прыгадаўся мне выпуск кнігі літаратурнай Гродзеншчыны “Краю мой — Нёман” (Мн., 1986) з прадмоваю Васіля Быкава. Народны пісьменнік Беларусі тады пісаў: “У багатым і разнастайным культурным жыцці Беларусі Гродзеншчына займае, мабыць, адно з самых адметных месцаў. Вядома, найперш тут шмат значыць традыцыя, якая цягнецца здаўна і звязана з многімі славутымі імёнамі ў духоўным набытку народа… Бурны пасляваенны росквіт літаратурных талентаў Гродзеншчыны працягваецца да гэтага часу, усё буйнеючы па значэнню і шырачыся па маштабу…”.
Але гэтым талентам сёння няма дзе друкавацца і не было на працягу шматлікіх гадоў. Калі рэдактарам “Гродзенскай праўды” быў Іосіф Багіна, а літсупрацоўнікам там працаваў паэт Юрка Голуб, то ў 2002–2005 гадах пры абласной газеце выходзіў літаратурны штогоднік “Галасы”, дзе змяшчаліся творы літаратараў Гродзеншчыны. Калі рэдактарам “Гродзенскай праўды” паставілі Алену Берасневу (цяпер яна прызначана дэпутатам Палаты прадстаўніком РБ), то яна ліквідавала са старонак “Гродзенскай праўды” літаратуру і спадчыну, а таксама знішчыла “Галасы”. Таму, лічыце, з 2005 года гродзенскія літаратары не маюць свайго ўласнага папяровага выдання. Сёння выхад “Новага Замка” — сапраўды, нейкае свята, радасць, надзея. У ім апублікаваны творы 21 аўтара з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны.
Літаратурны альманах адкрывае паэзія Ганны Аўчыннікавай, Дануты Бічэль, Анатоля Брусевіча, Анатоля Валюка, Уладзіміра Васько, Юркі Голуба, Міхася Губернатарава, Алеся Жамойціна, Міколы Канановіча і іншых таленавітых паэтаў.
З прозаю чытачоў знаёмяць Сяргей Астравец, Валянцін Дубатоўка, Стас Ільін, Ала Петрушкевіч. Станіслаў Суднік прапанаваў альманаху свае пераклады з польскай мовы Аляксандра Макрэцкага, Антоні Масліцкага, Чэслава Сэнюха.
Прафесар Аляксей Пяткевіч цікава напісаў “Крэскі з мае дарогі” — дзённікі 1980–1990-х гадоў.
У альманаху шмат іншых чытэльных матэрыялаў, якія вартыя ўвагі не толькі крытыкаў, але і простых чытачоў.
Верыцца, што літаратурны альманах “Новы Замак” стане выдавацца значна часцей, чым адзін раз у год. І ён працягне добрыя выдавецкія літаратурныя традыцыі Гродзеншчыны, якія існавалі раней.