“Невядомыя фатаграфіі Уладзіміра Мулявіна”

26 лютага ў 17.00. ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры» (Палац Рэспублікі) адбудзецца адкрыццё фотавыставы Юрыя Іванова “Невядомыя фатаграфіі Уладзіміра Мулявіна”.



20ed70c7_d034_4905_a503_e8a39bd4467d.jpg

2016 год, абвешчаны Годам культуры ў Беларусі, поўны значных юбілейных датаў выдатных дзеячаў беларускай культуры, сярод іх — 75-годдзе з дня нараджэння народнага артыста СССР, заснавальніка і мастацкага кіраўніка беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры” Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна.

На працягу многіх гадоў вядомы фатограф Юрый Іваноў, адзін з блізкіх сяброў музыканта, зрабіў мноства здымкаў У. Мулявіна, многія з якіх будуць прадстаўлены ўпершыню ў адным з залаў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”.

Юрый Сяргеевіч Іваноў нарадзіўся ў 1939 годзе ў Сімферопалі. У Беларусі жыве з 1956 года. Працаваў фотакарэспандэнтам у газетах “Знамя юнацтва” і “Савецкая Беларусь”, Агенцтве палітычных навінаў, Беларускім тэлеграфным агенцтве, Расійскім агенцтве міжнароднай інфармацыі “РІА Навіны” ў Беларусі. На працягу некалькіх гадоў узначальваў аддзел фотаілюстрацый газеты "Культура". У цяперашні час — спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

У  1987 годзе ўвайшоў у лік 100 лепшых фатографаў свету. Прымаў удзел у стварэнні кнігі “Адзін дзень з жыцця Савецкага Саюза” (Collins Publishing, USA). У 1990 годзе яго фотаздымак “лятучкай” быў прызнаны лепшай фатаграфіяй свету за 10 гадоў (1980-1990). Юрый Іваноў —адзіны з фотакарэспандэнтаў, хто быў у Віскулях у снежні 1991 года падчас падпісання белавежскіх пагадненняў, якія адзначылі распад Савецкага Саюза. Персанальныя выставы фатографа праходзілі ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Амерыкі. Лаўрэат прэміі WORLD PRESS PHOTO ў Гаазе, прэміі Саюза журналістаў Беларусі, прэміі “Залатая Літара”.

Юрый Сяргеевіч  — аўтар шматлікіх здымкаў выбітных палітычных лідэраў, грамадскіх і культурных дзеячаў, спартсменаў. Яго фотаздымкамі ілюстраваны школьныя падручнікі, спецыяльныя выпускі міжнародных выданняў, энцыклапедыі і інш.

Кантактныя тэлефоны:

+375 29 621-25-05 (фатограф Іваноў Юрый Сяргеевіч),

+375 29 853-75-98 (дырэктар галерэі Сапоцька Павел Міхайлавіч)

Выстава доўжыцца да 12 сакавіка 2016 года

Адрас галерэі: Кастрычніцкая пл., 1 (Палац Рэспублікі)

Тэл. / Факс: 327-26-12

Час працы: 11.00-19.00.

Выходныя: нядзеля, панядзелак

уваход вольны