Як не ўцягнуць Беларусь ў вайну

У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі з верасня пачаў працаваць Цэнтр гісторыі геапалітыкі. Яго галоўная задача — падрыхтаваць дзяржструктурам рэкамендацыі, як не дапусціць ўцягвання Беларусі ў ваенныя канфлікты.



ryzski_mir_1_logo.jpg

Двухтомнік «Рижский мир в судьбе белорусского народа».

Пра гэта стала вядома 17 верасня, пад час прэзентацыі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі ілюстраванага навуковага двухтомніку «Рижский мир в судьбе белорусского народа. 1921-1953 годы», які выйшаў у сталічным выдавецтве «Беларуская навука» накладам у 500 асобнікаў.

Калектыўная манаграфія ахоплівае падзеі ад польска-савецкай вайны да ліквідацыі польскага ўзброенага падполля на тэрыторыі БССР. Кожны раздзел выдання мае грунтоўны дакументальны дадатак. Асаблівую ўвагу аўтары двухтомніку надалі хадзе Рыжскіх мірных перамоў і беларускаму пытанню на гэтых перамовах.

Дырэктар Інстытуту гісторыі, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч зазначыў, што па выніках Рыжскага міру 1921 году палова беларускага народу супраць яго волі вымушана была пражываць у Польскай дзяржаве. «Больш таго, Заходняя Беларусь з’яўлялася адсталым аграрным краем, эканоміка якога мела рысы паўкаланіяльных краін, што абвастрала сацыяльныя супярэчнасці. Польскія ўлады праводзілі палітыку паланізацыі Заходняй Беларусі і імкнуліся перашкодзіць беларусам развівацца ў адпаведнасці з нашымі нацыянальна-культурнымі традыцыямі. Такое становішча прывяло да моцнага руху барацьбы беларусаў за свае нацыянальныя і сацыяльныя правы. Шматлікія ўдзельнікі гэтага руху выступалі за тое, каб беларускі народ уз’яднаўся ў рамках адзінай нацыянальнай дзяржавы. Таму асаблівае месца ў гісторыі нашай краіны займаюць лёсавызначальныя падзеі верасня-кастрычніка 1939 года, калі была ліквідавана гістарычная несправядлівасць — падзел беларускага народу», — сказаў Вячаслаў Даніловіч.

rizhsk_m_r_2_logo.jpg

Выступае Вячаслаў Даніловіч

Ён назваў двухтомнік «першай грунтоўнай працай» па гэтай праблеме ў сучаснай гістарычнай навуцы. Дырэктар Інстытуту гісторыі паведаміў, што ў навуковай установе з верасня пачаў працаваць Цэнтр гісторыі геапалітыкі.

Кіраўнік гэтага цэнтру, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя прапанаваў дзеля кансалідацыі беларускага грамадства на дзяржаўным узроўні святкаваць дату ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР 14 лістапада, бо ў гэты дзень у 1939 годзе нечарговая III сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла адпаведны закон.

Акадэмік запрасіў да працы ў цэнтры гісторыкаў, сацыёлагаў, эканамістаў і юрыстаў для таго, каб папулярызаваць навуковыя дасягненні айчынных гуманітарыяў, пашыраць супрацоўніцтва з калегамі, у першую чаргу, з краінаў Балтыі, Польшчы, Украіны і Расіі, а таксама весці актыўную навукова-інфармацыйную працу ў беларускім грамадстве, каб яно ўсвядоміла — лёс беларускага народа не толькі складаны і супярэчлівы, але і гераічны. Аднак галоўная аналітычная задача цэнтру — падрыхтаваць дзяржаўным структурам тыя рэкамендацыі, што дапамогуць вырашаць актуальныя знешнепалітычныя праблемы, у тым ліку па недапушчэнню ўцягвання Беларусі ў ваенны канфлікт са сваімі братамі, падкрэсліў Аляксандр Каваленя.  

Акадэмік Міхаіл Касцюк звярнуў увагу на невырашаныя пытанні гісторыі 75-гадовай даўніны. Гаворка, між іншым, ідзе і пра тое, што ў загадзе камандуючага Беларускім фронтам, камандарма II рангу Міхаіла Кавалёва і іншых сябраў ваеннага савету фронта, выдадзенага ў Смаленску 16 верасня 1939 года, адзначалася: «мы ідзем, не як заваёўнікі, а як вызваліцелі нашых братоў беларусаў, украінцаў і працоўных Польшчы». Апроч таго, у загадзе гаварылася пра намер не толькі аб’яднаць Заходнюю Беларусь з БССР і Заходнюю Украіну з УССР, але і стварыць Польскую Саюзную Сацыялістычную Рэспубліку (менавіта Саюзную, а не Савецкую!). Такая пастаноўка пытання сведчыць, што кіраўніцтва СССР меркавала ісці нашмат далей, чым было зроблена на самой справе, падкрэсліў Міхаіл Касцюк.

Трэба адзначыць, што вечарам 17 верасня ў сталічнай сядзібе Партыі БНФ адбыўся круглы стол «17 верасня 1939 года ў лёсах беларускага і польскага народаў», у якім прыняў удзел вядомы беларускі даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў.

У сваім выступе ён, між іншым, адзначыў, што з пазіцый міжнароднага права падзеі 75-гадовай даўніны з’яўляюцца актам агрэсіі СССР супраць Польшчы, паколькі між імі існавала дамова аб ненападзе 1932 году, а ў 1933 годзе Савецкі Саюз падпісаў Канвенцыю аб вызначэнні агрэсіі. Згодна гэтых міжнародных дакументаў, дзеянні СССР супраць Польшчы з’яўляюцца ўварваннем, хоць вайна і не была аб’яўлена, а не вызваленчым паходам Краснай Арміі, як дэкларавалася, падкрэсліў навукоўца. Апроч таго, ён нагадаў, што пасля гэтага так званага вызваленчага паходу пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць мясцовага насельніцтва.

«Нават па афіцыйнай статыстыцы ў выніку шасці дэпартацый (з 1940 па 1952 гады) у аддаленыя раёны СССР было выслана 133.800 чалавек, а па маіх дадзеных —190 тысяч. Не менш 15 тысяч чалавек былі расстраляныя на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку асобы з беларускага Катынскага спісу. Акрамя таго, шмат людзей загінула пад час дарогі, высылкі, ссылкі і спецперасялення. Аднак дакладную лічбу ахвяраў гэтых злачынстваў сталінізму мы ніколі не даведаемся. Каб уявіць маштабы трагедыі, што напаткала заходніх беларусаў, неабходна дадаць абмежаванні грамадзянскіх правоў, канфіскацыю прыватнай уласнасці і прымусовую калектывізацыю», — падкрэсліў Ігар Кузняцоў.

На ягоную думку, усе гэтыя злачынствы аніяк не могуць апраўдаць уз’яднанне беларускага народу ў межах БССР. Дарэчы, з моманту падпісання Рыжскай дамовы 18 сакавіка 1921 году да 17 верасня 1939 году Савецкі Саюз ні разу не ставіў пытанне пра неабходнасць мірных перамоў па вяртанню Заходняй Беларусі ў склад БССР і СССР. «А масавыя рэпрэсіі прывялі да таго, што пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР насельніцтва Заходняй Беларусі проста не жадала бараніць савецкую ўладу», — адзначыў Ігар Кузняцоў.