Натуралёвы шыявяз: каго найчасцей цытуюць беларусы?
Цытатамі мы размаўляем, карыстаемся імі, як словамі. Цытаты дапамагаюць вызначыць у натоўпе «свайго», размяжоўваюць людзей розных культур, нават калі яны размаўляюць на адной мове. Большасць цытат у майго пакалення беларускамоўных — па-руску. З кніг на рускай мове, з фільмаў на рускай мове, з фільмаў у рускай агучцы, з рускамоўнага, зноў жа, інтэрнэту. З рускіх «пасловіц і пагаворак» урэшце, якія нас з 2-га па 4-ты клас прымушалі вучыць напамяць у школе.

Цытатамі мы размаўляем, карыстаемся імі, як словамі. Цытаты дапамагаюць вызначыць у натоўпе «свайго», размяжоўваюць людзей розных культур, нават калі яны размаўляюць на
адной мове. Большасць цытат у майго пакалення беларускамоўных — па-руску. З кніг на рускай мове, з фільмаў на рускай мове, з фільмаў у рускай агучцы, з рускамоўнага, зноў жа, інтэрнэту. З
рускіх «пасловіц і пагаворак» урэшце, якія нас з 2-га па 4-ты клас прымушалі вучыць напамяць у школе. Але ў гэтым моры русізмаў і калькаванняў з англійскімі і польскімі выспачкамі
сустракаюцца чыста беларускія выразы, якія аб’ядноўваюць жыхароў Беларусі незалежна ад моўнай пазіцыі. Я зладзіла ў сваім блогу апытанне: а якія беларускія цытаты вы ўжываеце? Вынікі
апынуліся даволі стракатымі, і яны сталі асновай для кароткага агляду, які я прапаную вашай увазе.
«Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся?»
н/з беларускай літаратуры
Калі ў космас паляціць трэці беларускі касманаўт, абавязкова трэба пакласці яму з сабой «Новую зямлю» Якуба Коласа — як сімвал сапраўды касмічнай значнасці гэтага твора для
беларусаў. Сталыя чытачы сведчаць: менавіта мовай «Новай зямлі» гаварылі іх вясковыя матулі — самая што ні ёсць матчына мова! Правераны рэцэпт: для мовы завучванне напамяць
урыўкаў НЗ — як натуральная касметычная маска для скуры.
Вядома ж, школьная праграма па белліту — цэлы Клондайк «аб’ядноўваючых» цытатак. «Трэба дома бываць часцей», «цвёрда трымаўся юнак на
дапросе», «няма таго, што раньш было», «не разбіць, не спыніць, не стрымаць», і нават «между протчым» ды «хрэн табе ў
вочы» — гэтыя і іншыя фразачкі з беларускай класікі часта можна пачуць у гаворцы самых розных беларусаў у далёка не класічным кантэксце. Ведаць слупоў айчыннага пісьменства паводле
зместу ў хрэстаматыі — адметная ўласцівасць народу: «людзі на балоце», «трывожнае шчасце», «знак бяды», «кепска
будзе», — частата згадвання гэтых назваў у адрыве ад кантэксту твораў сведчыць: пісьменнікі даволі трапна вызначылі, што баліць чытачу. Што да выяўлення нацыянальных архетыпаў, то
тут вылучыўся вядучы «байкер» нашай паэзіі Кандрат Крапіва з неўміручымі вобразамі дыпламаванага барана, жабы ў каляіне, свінтуса грандыёзуса. Але нават
«пякучка-Крапіва» не ў стане ўгнацца за народнай славай «энцыклапедыі сялянскага жыцця».
Як выявіла маё апытанне, сярод нас не так мала людзей, для якіх «Новая зямля» была не проста прымусовым чытвом у школе, а часткай сямейнага выхавання. «Усё лепшае
— адтуль!» — сцвярджае Алесь Арцюховіч, амерыканскі вучоны ў галіне лазерных даследаванняў беларускага паходжання. Алесь вырас у Гародні, яго маці працавала ў Доме народнай
творчасці — у гэтай атмасферы хлопец круціўся змалку. «Новую зямлю» любілі і са смакам цытавалі маці, бацька (лётчык па прафесіі) і смяшлівая цётка Тася: «Аладкі
кроілі ў квадраты (хоць геаметрыі не зналі»); «І так, бывала, наясіся, што хоць на пупіку круціся»; «А ў торбе хлеб і, пэўна, сала, і весялей шмат хлопцам
стала»; «Такі ўжо звычай беларускі — у клумку выпіўка, закускі», — гэтыя і некаторыя іншыя цытаты Алесь не забывае і ў Амерыцы.
Відаць, самыя цытаваныя моманты паэмы — пытанне: «Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся?» і адказ на яго: «Паскудства, брат — і не пытайся!», якія
характарызуюць экзатычную кулінарыю «дзядзькі-кухара». Як сцвярджае Алесь, «Дзядзька Антось — самы жывы персанаж у НЗ. Ім немагчыма не захапляцца. заўсёды ў нейкія
эскапады ўлезе». У лідэрах таксама абсалютна неафарыстычныя, але такія ўтульныя радкі: «Дзень быў святы. Яшчэ ад рання блінцы пякліся на сняданне». Цытуюць усе!
«Адмысловы гелікоптэр сеў на амбасаду»
пу-пу-пурысты-авантурысты
Вінцук Вячорка — філолаг і палітык, а дакладней,
філолаг-палітык, бо сваёй актыўнай дзейнасцю ў галіне беларушчыны, якая дагэтуль «магутна, гучна мкне», паўплываў на моўны апарат цэлага пакалення. Нацыянальныя суполкі
«Талака» ды «Майстроўня», адраджэнне тарашкевіцы і іншыя яго дасягненні на ніве пурызму беларускай мовы для сучаснай моладзі — міф, які сягае сваімі
каранямі ў «далёкія» ўжо 1990-я. Гэтак жа і знакамітыя цытаты з яго цыркулююць паміж людзьмі ў форме гарадскіх легенд ды лінгвістычных анекдотаў. Апытаныя гадваюць яго фразу:
«Між іншым, наш з вамі суайчыннік». Маўляў, яшчэ малады Вінцук Вячорка, выступаючы падчас сходак заўзятараў беларушчыны ў 1980-я дадаваў такое ўдакладненне пасля кожнага названага
замежнага імені. На Вячорку спасылаюцца і тыя, хто час ад часу ўжывае выраз: «Натуралёва, шыявяз!» — знак безумоўнай згоды з папярэднім выказваннем і з лёгкай доляй
іроніі.
Журналіст Зміцер Дзядзенка расказвае: «Паводле легенды, фраза паходзіць з маладосці Вінцука Вячоркі, які яшчэ падчас навучання на філфаку адзначаўся моўным пурызмам. Рускамоўныя калегі,
жадаючы ці то спраўдзіць свае веды, ці то пажартаваць, пыталіся: «Валентин, а правда ли, что по-белорусски галстук будет шыявяз?» На што Вячорка, згодна з агіяграфічным паданнем,
годна ківаў галавой і, не сумеўшыся, адказваў: «Натуралёва, шыявяз!» Без спасылкі на спадара Вінцука, але маючы на ўвазе той жа гародчык, закідвае каменьчык і лінгвіст Юрась
Бушлякоў, цытуючы фразу-дражнілку беларускіх моўных пурыстаў: «Адмысловы гелікоптэр сеў на амбасаду» (на ўсялякі выпадак, перакладаю: спецыяльны верталёт сеў на дах
пасольства.
Такім чынам, шаноўнае спадарства, «читайте Вечёрку», — як рэкамендуе ў сваёй рэкламнай расцяжцы газета «Вечерний Минск». І гэты анекдот — ужо
ніякая не гарадская легенда, а факт жыцця, наяўны ў Мінску на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова.
«Добрай раніцы, Беларусь!»
саюз Бусліка і Цімошкі
Чацвёртай — і самай магутнай уладай над языкамі
беларусаў, зразумела, з’яўляюцца СМІ. І галоўным чынам — тэлебачанне. БТ.
Адтуль паходзіць і ўсенародна любімая «агульная млявасць і абыякавасць да жыцця» — супольнымі намаганнямі ўдалося згадаць, што гэта цытата з тэлерэкламы службы
псіхалагічнай падтрымкі часоў ці то позняй перабудовы, ці то ранняй незалежнасці. «Цуд некранутай прыроды» — бліжэйшы нам па часе перл з рэкламы. Апытаныя называюць
«кароткатэрміновыя ападкі амаль без перапынку» — ці то рэальная агаворка ў навінах, ці то пародыя на прагноз надвор’я. Памылкі дыктараў і тэлевядучых —
галоўная нітуючая сіла нацыі. Свайго часу зоркай у гэтым плане была Інга Хрушчова, якая вяла рэпартаж з алімпіяды ў Сіднеі пра «шалёную вавёрку, якая глядзіць на вас улюблённымі
глазамі».
«Мiжгалактычны даследчык Паца-Ваца слухае!» — цытуюць у анкетцы. «Паца-Ваца» — гэта ўвогуле слова-тэст на прыналежнасць да беларусаў, калі
праводзіць яго між людзей 20–30 гадоў, бо ў 1990-я культавую перадачу БТ «Мультклуб» не глядзеў толькі лянівы беларускі школьнік ці дзетсадавец. Тое ж самае можна сказаць
пра калыханкаўскага Дзеда-Барадзеда.
Хаця так напраўду ў гэтай часткі таксама мусіў быць зусім іншы персаніфікаваны герой — галоўная крыніца тэлевізійных цытат. Хто не памятае яго «нармальных чалавечых яйцаў»,
«сціхоў Быкава», «ідзіота самага настаяшчага», «так называемай апазіцыі» ды іншых фразак, якія адразу па вымаўленні пайшлі ў народ? Яны таксама
аб’ядноўваюць нас і робяць унікальнымі, але тут мы адхіляемся ад жанру, бо мова арыгіналу тут не зусім беларуская.
«Моцна — але недакладна!»
галявыя моманты
Мужчынская частка апытаных мной беларусаў у такі захлёб цытавала гэтага
супрацоўніка беларускага тэлебачання, што пра яго варта распавесці асобна. Уладзімір Навіцкі нарадзіўся ў 1954 годзе ў Брэсце. На сёння гэта адзін з самых любімых і вядомых спартовых каментатараў
Беларусі. Не ў апошнюю чаргу — дзякуючы мове сваіх каментараў. На якую, зрэшты, заўзятары не надта зважалі — абы футбол быў прыгожы.
Літаратар Андранік Антанян сведчыць, што цытата «вельмі моцна, але недакладна» была вельмі папулярнай фразай у сярэдзіне 1980-х, калі «Навіцкі быў зоркай, а
«Дынама—Мінск» — чэмпіёнам». «Над полем бліскаюць маланкі... Нашыя ідуць у наступ...», «Удар — бэлька!»
— згадваюць аматары футболу.
«А я лягу-прылягу!»
пайшла і болей ужо не вернешся, Алеся…
Ну і апошняя часта цытаваная крыніца, без якой карціна не будзе поўнай,
— гэта хіты і шлягеры: ад «Песняроў» у 1970-я да «Чароўнага трусіка» канца 2000-х. Мае сябры найчасцей спасылаюцца на беларускі рок. Жоўтая майка лідэра
тут на Лявоне Вольскім, аўтары тэстаў гуртоў «N.R.M.» ды «Крамбамбуля». Цікава, што, ведаючы рэпертуар Вольскага напамяць, у паўсядзённым жыцці слухачы цытаваць
любяць не пафасныя песні пра радзіму і свабоду, а жартаўлівыя празаічныя інтэрмедыі, запісаныя паміж песнямі ў альбомах «Тры чарапахі» ды «Дом Культуры».
«Але лёс склаўся так, што хрусь — і папалам!» (з амерыканскім акцэнтам). Або: «А хто там целяпаецца? Целяпаты»; «П’яны-п’яны, а
нармальны…» Калі падводзіць вынік маёй не вельмі сур’ёзнай, зусім не сацыялагічнай і крыху лінгвістычнай анкеты, то ён будзе такім: на ўзроўні цытат і сучаснай фразеалогіі
беларусы — кампанія вясёлая, іранічная ды аптымістычная.
P.S.: Сённяшнія 20–30-гадовыя часта ўжываюць і вельмі любяць выраз: «Знік у пошуках ежы». Падчапілі яго «ад дарослых», а адкуль ён паходзіць
— анігадкі! Аўтарка матэрыялу і ўдзельнікі апытання будуць вельмі ўдзячныя за любую інфармацыю пра крыніцу гэтай фразы.
-------------------------------------------------------------------------------
«Партвейну мы не аддамо!» — адна з маіх самых любімых цытат, што таксама ўскосна звязаная з дзейнасцю Вячоркі-старэйшага, хоць прыпісваюць яе пісьменніку Уладзіміру
Арлову. Ужываецца, калі нехта настроены бараніць нешта вельмі для яго дарагое і нават святое (што ў агульначалавечай сістэме каштоўнасцяў, зрэшты, такім не з’яўляецца).
Ёсць легенда, што падчас аднаго са сходаў па ўнармаванні «тарашкевіцы», зайшла гаворка пра запазычанні з нямецкай: маўляў, годзе на рускі манер пісаць Фрэйд, Лейпцыг, варта падаваць
правільную транскрыпцыю: Фройд, Ляйпцыг. Такім чынам меркавалася мяняць усе запазычаныя словы, дзе сустракаюцца такія дыфтонгі: Айнштайн, Райхстаг, глінтвайн, партвайн... На слове
«партвайн» узняўся пісьменнік Уладзімір Арлоў і рашуча заявіў: «Не. Партвейну мы вам не аддамо».
І сапраўды: у параграфе 80 БКП-2005 (ст. 82) чытаем: «У пазычаньнях зь нямецкае мовы спалучэньне ei перадаецца праз ай(яй): гаўляйтэр, глінтвайн, майстар, партвайн (побач з
партвейн)».