На бутэльках Cоса-Cоla з’явіцца беларуская мова

Ігар Случак атрымаў адказ на свой зварот ад буйнога вытворцы безалкагольных напояў. Згодна адказу, ужо ў 2022 годзе будуць распрацаваны новыя рашэнні ўпакоўкі прадукцыі, уключаючы інфармаванне спажыўца на рускай і беларускай мове.

302132765_5435910016516136_2822257965145749078_n.jpg


Пра гэта ў Фэйсбуку напісала Аліна Нагорная.

Звяртаючыся да Cоса-Cоla, Случак пісаў, што ў Беларусі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская: «Разам з тым, упакоўка і этыкетка вашай прадукцыі ўтрымлівае толькі адну дзяржаўную мову — рускую, іншыя замежныя мовы, але не ўтрымлівае інфармацыі на першай дзяржаўнай (у адпаведнасці з арт. 17 Канстытуцыі) беларускай мове».

«Гэта пазбаўляе магчымасці беларусаў, для якіх беларуская мова з’яўляецца роднай і якія выкарыстоўваюць яе ў сваім паўсядзённым ужытку, атрымліваць інфармацыю аб тавары на дзяржаўнай мове, якой яны карыстаюцца. Такім чынам дадзеная катэгорыя грамадзян Беларусі дыскрымінуецца па моўнай прыкмеце, а арт. 17 Канстытуцыі парушаецца», — дадаваў ён.

Таму Случак прапанаваў «разгледзець магчымасць прымянення недыскрымінацыйнай практыкі ў дачыненні да мовы афармлення вашых тавараў», і зазначаў, што антыдыскрымінацыйныя захады будуць мець «у выніку падвышэнне да вас спажывецкай лаяльнасці, што прынясе дадатковыя прыбыткі, у тым ліку і рэпутацыйныя».

photo_2022_09_08_14_17_46.jpg


Раней Случак таксама атрымліваў адказ ад Pepsi, у якім паведамілі, што ў бліжэйшы час у гандлёвых сетках з’явіцца Pepsi Max з беларускамоўнай этыкеткай. І сапраўды, у сярэдзіне жніўня Pepsi з беларускай мовай пачалі заўважаць у крамах.

photo_2022_08_15_22_27_16.jpg