«Мы толькі плавім метал, а Бог залівае». Як ствараюць памятную шыльду да #БНР100
Шыльду да 100-годдзя БНР Засімовіч стварыў паводле арыгіналу 1993 года аўтарства іншага вядомага майстра Алеся Шатэрніка. Сам Шатэрнік цяпер жыве ў ЗША і працу над праектам даручыў Засімовічу.

Працы ў ліцейным цэху, дзе адлілі шыльду да #БНР100. Фота — Ірына Арахоўская/Белсат
Сонечная, занадта марозная для
сярэдзіны сакавіка раніца. Прамысловы раён Мінску. На прахадной скульптурнага
камбіната нас сустракае начальнік вытворчасці Міхаіл Ляснеўскі. Менавіта пад
ягоным тэхнічным кіраўніцтвам на камбінаце адлілі з бронзы ганаровую шыльду да
100-х угодак абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі. Сродкі на
яе сабралі 270 фундатараў за пяць гадзін.
Ігар Засімовіч — стваральнік шыльды, беларускі скульптар. Аўтар шэрагу помнікаў знакамітым беларусам, у тым ліку мемарыяльнай дошкі ў гонар Рыгора Барадуліна. Шыльду да 100-годдзя БНР Засімовіч стварыў паводле арыгіналу 1993 года аўтарства іншага вядомага майстра Алеся Шатэрніка. Сам Шатэрнік цяпер жыве ў ЗША і працу над праектам даручыў Засімовічу.
Мы заходзім у цэх. Цяпер тут прахалодна, але калі працуюць печы, льецца метал — спякота стаіць невыносная, распавядае Міхаіл Ляснеўскі. Ён тлумачыць, як адбываецца стварэнне скульптуры крок за крокам.

Начальнік цэху Міхаіл Ляснеўскі. Фота Ірына Арахоўская/Белсат
«Першы
этап — прыняцце мадэлі ў фармоўку. З мастацкай майстэрні грузчыкі прывозяць
гіпсавую форму. Далей мы вырабляем «васкоўку» — гэта адбітак мадэлі ў воску.
Пасля аўтар сваімі тонкімі інструментамі прапрацоўвае воск паводле сваёй
задумкі».

Памятная шыльда да #БНР100. Фота — Ірына Арахоўская/Белсат
Пасля гэтага васковую форму кладуць у пясок, паступова выдаляюць воск і атрымліваецца гатовая форма для заліўкі металу. Вось цяпер робіцца спякотна. Без маскі і рэспіратара знаходзіцца ў цэху немагчыма.
«Бронзу можна заліваць пры тэмпературы каля 1250 градусаў. Яна варыцца ў пячы, а па гатоўнасці печ пераварочваецца і метал саламяна-жоўтага колеру з сінімі вагеньчыкамі льецца ў форму».

Форма з адбіткамі шыльды. Фота — Ірына Арахоўская/Белсат
Ад пачатку і да канца над
адліццём працуюць 7 чалавек. Аўтар шыльды, скульптар Ігар Засімовіч прысутнічаў на ўсіх этапах фармоўкі і апрацоўкі
свайго твору.
Адрозненні ад першапачатковай мадэлі, узору 1993 года, хоць невялікія, але ёсць. Раней меч вершніка быў за галавой, а цяпер будзе над ёй. Пакуль мы бачым асобныя, немантажаваныя дэталі: меч, каня, тулава вершніка.

Дэталі шыльды. Фота — Ірына Арахоўская/Белсат
Наш суразмоўца перастаўляе іх, дэталі
настолькі фігурныя і тонка зробленыя, што становіцца страшна: толькі б не
ўпалі.
«Важны кожны этап, бо адзін няправільны рух — і можна ўсё сапсаваць. Мы нават не любім дапускаць чужых у цэх. Бо старыя ліцейшчыкі кажуць: мы толькі плавім метал, а Бог залівае».

Працаўнік цэху. Фота — Ірына Арахоўская/Белсат

Ліцейны цэх скульптурнага камбінату, Фота — Ірына Арахоўская/Белсат
Свой канчатковы выгляд шыльда набудзе не пазней за раніцу наступнага аўторка. Пасля аўтар забярэ яе, і 24 сакавіка шыльду ўрачыста ўсталююць на вуліцы Валадарскага, 9. Дазвол на ўсталяванне далі гарадскія ўлады. Збор сродкаў быў абвешчаны 2 сакавіка і ўжо праз пяць дзён людзі сабралі неабходную суму — 6154 рублі. Колькасць фундатараў (270) пазначаная на зрэзе шыльдзе.
Каця Андрэева, Ірына Арахоўская, belsat.eu