Дзень без беларускага пісьменства
Збіраўся ехаць у Заслаўе на святкаванне Дня беларускага пісьменства. Але перадумаў, не хачу. Тэлефанавалі сябры з Мінска, пыталіся: ці прыедзеш? Не, не прыеду, не жадаю я такога пісьменства. Адзін дзень у год у Беларусі — Дзень беларускага пісьменства, а 364 дні — без беларускага пісьменства. Таму чаго ехаць?..
За апошнія 20 гадоў у маёй роднай Беларусі практычна знішчана беларускае пісьменства: садкі, школы, ВНУ, выданні, культура, прэса. Сёння ў Беларусі на роднай мове выдаюцца толькі
газеты «Культура», «Наша слова», «Новы час», «Краязнаўчая газета», «Наша ніва» і некалькі раёнак. Вось і ўсё.
Як жа так? А «Звязда», «ЛіМ» —таксама ж на беларускай мове… Ды не, яны ўжо выходзяць на сечцы — дзвюхмоўныя. Раённыя газеты, якія перажылі і войны, і рэпрэсіі, і розныя палітычныя
катаклізмы, але ніколі не цураліся роднай мовы.
А цяпер?
Цяпер іх страшна ў рукі браць, бо там ужо немагчыма зразумець: дзе беларуская мова, а дзе іншая. У адным артыкуле рэдактары раёнак умудраюцца рубрыку зрабіць на беларускай мове, тэкст даць на
рускай мове, здымкі падпісаць зноў на беларускай ці беларуска-рускай мовах. Вось і думайце чытачы — якая ў нас мова! А калі пачынаеш абурацца, яны кажуць, што ў нас дзвюхмоўе…
Але ад гэтага «дзвюмоўя» раёнкі не сталі цікавейшымі, а наадварот згубілі нешта сваё роднае, блізкае і дарагое, найперш — мову. Я пра іх змест нават і не кажу…
Некалі ў райцэнтрах працавалі па некалькі кнігарняў. Кнігарні мелі і вялікія вёскі. А цяпер у многіх раённых цэнтрах Беларусі поўнасцю адсутнічаюць кніжныя крамы. Вы ўяўляеце: горад ёсць, а
кніжнай крамы ў ім няма!.. Паўстае пытанне: дзе дзеткам, школьнікам, бацькам купіць беларускамоўную кніжку, пагартаць, пачытаць яе. Дзе купіць беларускую паштоўку, значок, магніцік, вымпел?.. Ды
нідзе.
А ў царкоўных праваслаўных крамах на Беларусі проста жах: там не толькі рускія выданні, але і шмат антыбеларускіх брашур, кніг, буклетаў. Завітайце ў Жыровічы, паглядзіце… І такіх
падобных прыкладаў кожны з нас на Беларусі можа прывесці безліч.
Сёння мы ўсе ўважліва сочым, што адбываецца ва Украіне. Перажываем, каб хутчэй там скончылася вайна і не гінулі людзі, не знішчаліся школы, бібліятэкі, музеі, архівы.
Выпаўзаем, каб, маўляў, паглядзець колькі ў нас выдаецца кніг, падручнікаў, газет і часопісаў. Але ці пра такі Дзень беларускага пісьменства марыў вялікі Францыск Скарына? Ды не пра такі, вядома
ж. Ён марыў, каб беларускае пісьменства на Бацькаўшчыне жыло штодня, жыло заўсёды і ўсюды, жыло ў нашых душах, марах, справах... Але наша роднае слова паўсюду знішчаюць, абражаюць, не пускаюць,
выкідваюць… Таму на Дзень без беларускага пісьменства я не паехаў.