Матылі-гіганты і ежа касманаўтаў на Фестывалі навукі ў Мінску (фота, відэа)
Фестываль навукі адбыўся ў мінскім Батанічным садзе ў Дзень горада.
Акадэмія навук Беларусі прадставіла свае дасягненні на мове, зразумелай нават першакласніку. Таму і не дзіўна, што каля пляцовак з хімічнымі эксперыментамі, археалогіяй і робатамі сабралася шмат дзяцей.
Госць фестывалю — усерасійскі фестываль навукі “NAUKA 0+” — найбуйнейшы расійскі праект у галіне навукі. Валанцёркі з Масквы, Марыя і Яна, другакурсніцы гістарычнага факультэта, прадставілі жытло старажытнага чалавека. Тут можна было накінуць на плечы сапраўдныя скуры тульскага кабана і цвярскога мядзведзя, а таксама памаляваць жалязняком, прывезеным з пячор Уралу.
Акрамя археалагічнай стаянкі, расійскія калегі арганізавалі пляцоўку, прысвечаную космасу, дзе можна было пакаштаваць ежу, якую ўжываюць касманаўты.
Пакатацца на электраскутарах запрашаў айчынны прыборабудаўнічы завод “Оптрон”. Дарослыя нават паўдзельнічалі ў конкурсе “Электрачарапаха”, сярод якога былі вызначаныя пераможцы.
Пераможцамі стануць самыя павольныя кіроўцы, якія ўтрымаюць раўнавагу на электраскутары і прыедуць да фінішу за найбольш доўгі час.
Аматары акіянскіх прыгод выпраўляліся ў “Мабільны музей акіяну”, які адмыслова прыехаў у Батанічны сад. Іх сустракаў дзевяцікласнік Аляксей Мазука. Хлопец на прафесійным узройні займаецца мадэляваннем. Яго работы можна ўбачыць унутры музея.
Фота і відэа аўтаркі