Мастацкая акцыя ў Гродне: старыя назвы вуліц вярнуліся з дапамогай… бялізны
Удзельнікам гарадзенскага воркшопу Свята Мурунава ўдалося на месцы рэалізаваць адзін з праектаў — перформанс, мэтай якога было вярнуць гораду хаця б на нейкі час страчаную аўтэнтычнасць.
Удзельнікі вырашылі адмысловым чынам размаляваць прасціны і павесіць у дварах старога горада “сушыцца” разам з іншай бялізнай. На прасцінах былі намаляваныя адметныя будынкі і стылізаваныя шыльды з назвамі, якія гэтыя вуліцы мелі раней. Гэтак вуліца Леніна ператварылася назад у Сафійскую, а Сацыялістычная ў Паштовую.
Акцыя мела дзве мэты. Першая — далучыць графіцістаў да працы і даць ім магчымасць праявіць сябе, бо ў Гродне вельмі мала легальных месцаў, дзе можна маляваць. Такім чынам арганізатары хацелі паказаць, што графіцісты не разбураюць горад, а наадварот, дапамагаюць захаваць яго аўтэнтычнасць.
Другой мэтай было паназіраць, як на акцыю адрэагуюць людзі. Сушыліся прасціны на былых вуліцах Паштовай, Брыгіцкай і Сафійскай. Вешалі іх у прахадных дварах, каб іх пабачыла паболей народу. “Твой стыль” прайшоўся разам з удзельнікамі акцыі на Сафійскую вуліцу (Леніна, 18).
Прасціну павесілі без усякіх перашкод. Бліжэйшыя паўгадзіны праз двор прайшло, за выключэннем дзяцей, усяго пяць чалавек, магчыма, з-за свята. Людзі, хоць і праходзілі каля самай прасціны, нават не глянулі на яе.
Алена Кавальчук, www.t-styl.info
Здымкі аўтаркі, Юлі Каляды і часопіса LO_ok