Ленін клікаў у Друскенікі. Якія байкі распавядаюць гродзенскія экскурсаводы?

Ленін клікаў у Друскенікі, а Барадулін атруціўся ў мясцовай рэстарацыі? З пачаткам сезону hrodna.life распытаў гродзенскіх экскурсаводаў, якія гісторыі і байкі горада яны распавядаюць турыстам.

konec_70_h_ploshhad_lenina_arhiv_i_pyatijetazhka_na_ozheshko_landysh_i_staroe_zdanie_oblispolkoma.jpg

1. Ленін і шлях на Літву (ад Яна Лялевіча)

Паміж плошчай Тызенгаўза і Вечным агнём раней стаяў невялікі помнік Леніну. У адрозненні ад цяперашняга ён уздымаў адну руку перад сабой, маўляў, вось шлях да камунізму.
Але гродзенцы зразумелі яго па-свойму. Рука правадыра паказвала на цяперашнюю вуліцу Горкага, на ранейшы Друскеніцкі тракт, які вёў на Друскенікі. Калі ў Гродне можна было набыць толькі два віда сыроў, у Літве выбар тавараў, не толькі харчовых, быў нашмат большы. Таму гараджане казалі, што Ілліч запрашае да літоўскага шчасця ў дастатку.
Помнік «на Літву» прыбралі адразу пасля таго, як усталявалі Леніна аўтарства Азгура ў 1987 годзе, які стаіць дагэтуль.

2. Барадулін атруціўся ў «Нёмане» (ад Таццяны Касатай)

У савецкія часы ў рэстарацыі «Нёман» насупраць Савецкай плошчы якасць ежы была кепскай. Туды хадзілі выпіваць, але не есці. Прынамсі так піша ў рамане «Доўгая дарога дадому» Васіль Быкаў. Аднойчы там атруціўся нейкай стравай зямляк Васіля Быкава Рыгор Барадулін, які прыехаў у госці. Пісьменнік ратаваў госця марганцоўкай. А пасля зазначыў, што з рук сябра ўсё дапамагае, нават звычайная марганцоўка.

gostneman60e.jpg


3. Ян і Цыцылія (ад Віктара Кірэева)

Легенда пра Яна і Цыцылію ўтрымліваецца ў аповесці Элізы Ажэшкі «Над Нёманам». У ХV стагоддзі каля Гродна з’явілася невядомая пара. Было бачна, што людзі паходзяць з розных слаёў грамадства: ён просты, а яна шляхцянка. Маладыя людзі баяліся пагоні і шукалі сховішча. Яны ўпадабалі бераг Нёмана і засталіся там жыць у лесе.
Сям’я пераўтварыла кавалак лесу ва ўраджайнае поле. У пары нарадзіліся 12 дзяцей. Чуткі пра багатыроў, якія прыручылі дзікую прыроду, дайшлі да караля Зыгмунда Аўгуста. Ён завітаў да іх у госці. Убачыўшы, як расквітнеў закінуты край, прыраўняў гэты просты род да шляхты і даў яму правы рыцарскага саслоўя. Род атрымаў назву Багатырэвічы і ўласны герб з галавой зубра. Цяпер на гэтым месцы стаіць вёска Багатырэвічы.

4. Сфінксы (ад Яўгена Махнача)

На ўваходзе ў Новы замак на браме сядзяць сфінксы. З імі звязана шмат легенд. Адна з іх распавядае, што ў караля Аўгуста Саксонскага была жонка Марыя Жазэфіна. У іх было сапраўднае каханне, яны нарадзілі разам 14 дзяцей. Кароль загадаў адліць сфінксаў з тварамі яго і каралевы. Твары сапраўды адрозніваюцца. Адно, што ніхто не ведае, дзе менавіта кароль, а дзе — каралева.
Іншая легенда кажа, што сфінксы — гэта жанчыны, які згубілі сваіх дзяцей і пераўтварыліся ў пачвараў. Цяпер яны плаваюць па Нёмане і хапаюць чужых дзяцей, якіх бачна ў іх на спінах.

Фестываль экскурсаводаў 2018 у Гродне

Фестываль экскурсаводаў 2018 у Гродне



5. Гімназісты і белы сцяг (ад Яўгена Махнача)

У гродзенскай гімназіі вучыліся два хлопцы: Ежы Валкавіцкі і Цярэнцій О’Браен дэ Ласі, нашчадак шатландцаў, якім Кацярына ІІ падаравала ў Гродне маёнтак Аўгустова. Абодва служылі на флоце падчас руска-японскай вайны на розных караблях.
Калі сыход вайны быў вырашаны, на караблях паўстала пытанне, ці здавацца ў палон, ці даць бой. На караблі Цярэнція не было белага сцяга. Хлопец збегаў у каюту і прынёс белы абрус.
Афіцэры з карабля Ежы вырашылі здацца, але хлопец пераконваў іх, што трэба біцца да апошняга. Урэшце карабель усё ж здалі. Гэтыя падзеі трапілі на старонкі рамана «Цусіма», папулярнага ў савецкія часы.
Пазней Ежы Валкавіцкі стаў генералам польскай арміі і трапіў у савецкі палон у 1939 годзе. На допыце ў яго запыталі, ці не сваяк ён таму Валкавіцкаму, які адмовіўся капітуляваць пад Цусімай. Лічыцца, што гэта і выратавала яму жыццё. Ежы дажыў да 99 год.