Сталін, Ленін і «Несмяротны полк»
Каля тысячы чалавек у Дзень Перамогі 9 траўня ўзялі ўдзел у шэсці так званага «Несмяротнага палка». Акцыю ў сталіцы Беларусі ладзілі прарасійскія сілы левага накірунку. Мінскі гарвыканкам даў дазвол на мерапрыемства літаральна ў апошні момант.
Арганізатарам
шэсця стаўся каардынацыйны савет лева-патрыятычных сілаў Беларусі «Адзінства». Складаецца
ён са структур, назвы якіх мала каму штосьці гавораць: гэта аб’яднанне «За
дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць», «Айчына», «За Саюз і
камуністычную партыю Саюза», аргкамітэт па стварэнні Беларускай камуністычнай
партыі працоўных і некаторыя іншыя. На чале савета стаіць экс-дэпутат Палаты
прадстаўнікоў Валерый Драко.
Да 10-й гадзіны раніцы ў сераду каля Філармоніі (плошча Якуба Коласа) сабраліся каля тысячы чалавек. Тут былі і старыя, і малыя, яны трымалі ў руках партрэты вайскоўцаў часоў Другой сусветнай вайны. Паўсюль былі савецкія сцягі, некаторыя прысутныя трымалі ў руках штандары з выявамі Сталіна і Леніна.
Так званыя «валанцёры перамогі» — маладыя дзецюкі ў чырвоных саколках — навязліва імкнуліся ўсучыць усім мінакам незлічоныя георгіеўскія стужкі і адпаведныя значкі. Некаторыя дзеці і маладзёны, што прыйшлі на акцыю, былі апранутыя ў вайсковую форму часоў апошняй вайны.
Хутка была сфармаваная калона, і натоўп па ходніках уздоўж Праспекта Незалежнасці рушыў у бок Плошчы Перамогі — месца правядзення афіцыйнага святкавання, дзе, па словах арганізатараў, для ўдзельнікаў шэсця было зарэзервавана адмысловае месца.
Дэманстранты спявалі савецка-патрыятычныя песні, выкрыквалі «Дзякуй дзеду за перамогу» ды іншыя лозунгі. То тут, то там чулася: «Мы перамаглі!» (складвалася ўражанне, што гэтыя маладжавыя і не вельмі крыкуны самі толькі-толькі пераможна вярнуліся з крывавых баёў).
Калону суправаджалі святочна апранутыя супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным. Перад Плошчай Перамогі натоўп быў вымушаны прытармазіць, бо праход дазваляўся толькі пасля прахаджэння пільнага кантролю і толькі праз металашукальнікі, прапускная магутнасць якіх не вельмі вялікая. Гэта ж не жартачкі, бо апоўдні чакаўся прыезд да Вечнага агню самага галоўнага чыноўніка краіны. Таму «палкавікі» мусілі на спёцы чакаць больш за гадзіну, каб патрапіць на гэта свята жыцця. І, падаецца, што гэта не паляпшала ім першапачатковага настрою. Затое ў іх былі Ленін і Сталін, ды яшчэ сцягі СССР...