Крыжыкі Монтэнегра

“Крыжы Монтэнегра — другое ў тваім жыцці эсэ Уладзіміра Арлова, якое табе захацелася перапісаць. Перад паездкай ты сустрэла яго аўтара на мінскім вакзале, і ён парэкамендаваў табе гэты тэкст як “настраёвае чытво ў дарогу.



a4300b002bcfb71f291dac175d52df94.JPG

“Крыжы Монтэнегра — другое ў тваім жыцці эсэ Уладзіміра Арлова, якое табе захацелася перапісаць. Перад паездкай ты сустрэла яго аўтара на мінскім вакзале, і ён парэкамендаваў табе гэты тэкст як “настраёвае чытво ў дарогу. Паездка не абяцала быць лёгкай — пачынаючы ад Бялграду, каля пяцісот кіламетраў галоўнай чарнагорскай магістраллю — вузкай горнай трасай, над якой — аргазмічнай прыгажосці горы, паабапал якой — фантасмагарычныя прорвы з плыткімі рэактыўнымі рачулкамі, уздоўж якой — рэгулярныя, нібы каплічкі для пілігрымаў, помнікі тым, хто сарваўся тут да цябе.
Арлова тут ванітавала. У вашай вандроўцы пасля хуткай вячэры, з’едзенай у Бялградзе, кілбасіць не цябе, а тваю сяброўку. У вас начны пераезд. Свет у салоне прыглушаны, а недасведчаны ў горных віражах беларускі аўтобус заносіць то ўлева, то ўправа. Аднойчы ў жыцці ты ўжо зазнала падобныя фізічныя адчуванні. У Кракаўскім аквапарку ёсць адна страшная вадзяная горка. Купальшчык на шалёнай хуткасці, развітваючыся па дарозе з жыццём, ляціць долу на крутых віражах, але вылятае ў адкрытую ваду не адразу. Труба выштурхвае яго ў ёмістасць, па форме падобную да лятучай талеркі, а па атмасферы — на ўлонне маці. Чалавека круціць у ёй, тармозячы, два-тры віткі, пасля чаго вада мякка выплёўвае яго на свабоду. Гэтак сама з вузкай небяспечнай цясніны шашы аўтобус плаўна выязджае, пашыраючы віткі спуску, на схіл даліны, унізе якой у промнях світання разлёгся твой курорт. Арлоў, едучы гэтай дарогай, думаў пра “мастацтва паміраць і шчасце перажыць гэты горны перавал. У цябе гэты пераезд асацыюецца адно з нараджэннем.
Ніно
У сезон на курортах Чарнагорыі разгортваецца зацятая барацьба паміж экскурсійнымі кампаніямі. Чым толькі не завабліваюць турыстаў зазывалы! Адзіны забаронены прыём — нельга збіваць кошты. Барацьба за кліента ідзе да вечара. Не прыпыняецца яна і зранку, калі фірмы забіраюць групы з паркоўкі ў цэнтры горада. На паркоўцы дзяжурыць блакітнавокі бландзін, два метры сексу, у татуіроўках на мускулістых руках ды нагах. Гэты Тарзан белазуба і томна спрабуе пераканаць цябе, што твой аўтобус адмянілі, а ў ягоным акурат ёсць вольнае месца. Ты амаль даеш яму веры. Але вось падаюць твой аўтобус. Ён апынаецца не такім бліскучым, як аўталайнер Тарзана, і ўвогуле малапрэзентабельным, а гід — сціплым, маленькім і непрыкметным. Дый яшчэ завуць яго Ніно, што адразу ж выклікае ў цябе згадкі пра рамантычную гісторыю Амелі, а ў тваіх спадарожніц, дзвюх праставатых цётак, не выклікае, і цягам экскурсіі яны раз-пораз дражняцца, пакуль хлопец не чуе: “А куда эта падзявалася наша Ніна?
Чарнагорцы расслабленыя. Тут Арлоў мае рацыю. З усіх магчымых паштовак, якія б ты магла выслаць з курорту сябрам, цябе прыцягвае тая, на якой сфармулявана “10 чарнагорскіх запаветаў: “Любі ложак свой, як самога сябе; “Калі бачыш, што нехта адпачывае, — неадкладна дапамажы яму ў яго справе, — і іншыя, пад якімі ты, не задумваючыся, падпісваешся. Але, слухаючы Ніно падчас экскурсіі, ты разумееш: чарнагорцы — народ, які фантастычна любіць сваю краіну і ганарыцца ўсімі яе 13-цю тысячамі квадратных кіламетраў, кожным горным хрыбтом, ракой ці возерам і ўсім, што звязана з гэтай тэрыторыяй у мінуўшчыне, цяпершчыне і будучыні. Белакаменнымі горнымі праваслаўнымі манастырамі ХІІ стагоддзя тут хваляцца не менш, чым пяцізоркавымі гатэлямі, якія будуць стаяць на тым ці іншым месцы праз 5–10 год, а пакуль вытыркаюцца над краявідам пачварнымі каркасамі.
Ніякіх спічаў датычна спрадвечнай чарнагорскай мовы і унікальнай гісторыі (тое, што ўжо год 20 наўпрост асацыюецца ў цябе з незалежніцкімі працэсамі ў той ці іншай краіне) ты чамусьці не чуеш. Ты робіш выснову — моўна-этнічныя пытанні — надстройка, якая надбудоўваецца над непахісным базісам, імя якому — уязны турызм. У 2006-м Чарнагорыя аддзяліліся ад Сербіі ўсёй берагавой лініяй і цяпер павольна, але верна распрадае пляжы багатым рускім, амерыканцам ды сінгапурцам. Краіна — бізнес-праект, і найвышэйшы чарнагорскі патрыятызм — браць пасільны ўдзел у гэтым нацыянальным бізнесе. Багатае ўзбярэжжа мусіць выцягнуць з галечы адсталую горную частку краіны. Падгорыца — сталіца Чарнагорыі — мае памеры і ауру буйнога беларускага райцэнтру, але ў кожным кавалачку гарадской панарамы чытаецца: галоўнае яшчэ наперадзе.
Міларад
Афіцыянт рэстарацыі, дзе вы абедаеце штодня, яўна на цябе запаў. Ён называе цябе “златка (у адказ табе нязменна хочацца абазваць яго “хадуном) і перыядычна намагаецца не ўзяць з цябе грошай за абед — і без таго сімвалічных. Потым вы амаль выпадкова сутыкаецеся на вечаровым пляжы, і падчас вашага імправізаванага спаткання выяўляецца, што афіцыянт мае шмат агульнага з Уладзімірам Арловым. З усіх жанчын у свеце ён аддае перавагу беларускам. Каб давесці табе гэта, ён выцягвае мабільнік, у якім запар ідуць тэлефоны: “Tanja Belorussia, Katja Minsk, Sveta Baranovichi…
Яго завуць Міларад, і ён кранальна спрабуе пераканаць цябе, што яму на год 10–15 меней, чым ёсць насамрэч. Ён просіць і твой нумар тэлефону ў сваю калекцыю перамогаў на мілосным фронце балканска-беларускага сяброўства. Адкруціцца аказваецца лягчэй, чым табе здавалася. Сербы — а ў абслузе тут працуюць пераважна панаехалыя на сезон сербы — лавеласы, але іх увага ненавязлівая. Кожны прадавец ці афіцыянт лічыць неабходным табе падміргнуць і спакусліва пасміхнуцца — да канца свайго побыту ты пачынаеш успрымаць гэта як належнае — як цукеркі ці ментолавыя пасцілкі, што падаюць у некаторых кавярнях разам з рахункам.
Борыс
Ваш кантакт з Міларадам усталяваўся пасля таго, як ты адмовілася браць меню на рускай ці ангельскай мовах, упарта спрабуючы агучыць замову па-сербску. Вялікіх поспехаў у сербскай мове за гэты тыдзень ты не зробіш — твой адзіны падручнік — кішэнны размоўнік, арыентаваны да таго ж не на рускамоўных фанатаў Балканаў, а на сербаў, якія хочуць навучыцца па-руску. У тваіх штудыяў з’яўляецца пабочны эфект — проста як у “Віягры, якую былі распрацоўвалі як прэпарат ад хваробаў сэрца. Твае спробы гаварыць па-сербску ўспрымаюцца як непрыхаваны флірт.
Другі чалавек, з якім ты пазнаёмілася такім чынам, — Борыс, бармен у бары на запраўцы ў горнай частцы краіны. Гатуючы табе “црни чаj, ён пачуў тваю скаргу што за 10 дзён турпаездкі ты хочаш вывучыць сербскую мову, але ніхто цябе не падтрымлівае. Ён паабяцаў дапамагчы табе ў тваіх мужных пачынаннях — сербскую мову яе носьбіты лічаць гіперскладанай для вывучэння. Што праўда, хутка вы з Борысам, да ўзаемнай палёгкі, пераключаецеся на англійскую. Борыс — марак гандлёвага флоту, які чакае свой карабель і, каб не нудзіцца дома, працуе, разліваючы падарожным каву, гарбату і ракію. За суседнім столікам пры піве сабралася цёплая кампанія — яго сябры. Яны перыядычна ўскокваюць і танчаць нешта сярэдняе паміж кан-канам і сіртакі. Ты ніяк не згадаеш, як называецца гэты балканскі танец. “Напішы пра Зорана, журналістка! Яго продкі спусціўся з гор у канцы ХІХ стагоддзя, яны там усе адмарожаныя. Калі яму было 20 гадоў, і яго бацька саджаў яго на цягнік, выпраўляючы на службу ў войска, ён працягваў рукі да паравозу і крычаў: “Тата, купі мне гэту цацку!
— Ты любіш сваю краіну? — пытаешся ты ў Борыса, бо што яшчэ можна паспець запытацца за адну хвіліну, што засталася да ад’езду, у чалавека, якога больш ніколі не пабачыш.
— Тупое пытанне. Люблю, канешне. А што, ёсць людзі, якія не любяць сваю краіну?
Ты моўчкі азіраешся на сваіх суайчыннікаў, якія сядзяць пад парасонамі на вуліцы. Выгоды і недахопы краіны за вакном аўтобуса і ці хацелі б яны зваліць менавіта сюды — вось тое, пра што разважалі твае суайчыннікі, пакуль ехалі да гэтай горнай запраўкі праз усю Еўропу.
Чорныя горцы і белыя рускія
Тое, чаго ты ніяк не можаш прыняць у пафасе эсэістыкі Арлова, на якім, чаго ўжо там хаваць, выхоўвалася, — гэта яго паслядоўная непрыязнь да Расіі. Рускіх тут халерна шмат. Гэта праўда. Яны голасна перамаўляюцца на вуліцах і гушкаюць сваіх “младзенцаў, якіх завуць Елісей і Анфіса. Але ты не можаш не прызнаць: чарнагорцаў ды сербаў на пляжы ніяк не меней — яны таксама гучна перамаўляюцца на вуліцах і ў рэстарацыях, шумна кахаюцца ў суседніх дамах і гушкаюць сваіх немаўлятак, якіх завуць нейкімі нязвыклымі балканскімі імёнамі. І нават сваіх любых украінцаў, якія пераважна моўчкі ці пошапкі, але ўсё-ткі гушкаюць на пляжы сваіх Назарку і Хрыстыну, ты прыкмячаеш тут даволі шмат.
Табе пачынае здавацца, што праблема рускіх на курортах свету значна перабольшаная. Іх дэмаграфічна болей — вось і ўсё. Ты пачынаеш разумець, што праблема рускіх і Расіі для апантанага самаідэнтыфікацыяй беларуса — унутраная праблема. Гэтак сама падлетак-нефармал шчасных 90-х аднойчы ўсведамляў, што гопнікі, канешне, зло, і яны паўсюль, але яго гэта ўжо неяк не надта тычыцца. Ён перарос.
Крыжыкі
Чым вонкава, апроч шакаладнага загару і тонкіх рысаў твару адрозніваюцца чорныя горцы ад белых рускіх (у тым ліку ад цябе) — гэта крыжыкі. У тутэйшых праваслаўных яны збольшага драўляныя ці цыновыя, а не залатыя ці срэбныя. І збольшага не на шыі — а на руцэ, у выглядзе невялічкага ніцянога ці пацеркавага ружанцу. Пераважна чорнага колеру, ясная рэч. Гэтыя сціплыя “фенечкі распаўсюджаныя на ўсім праваслаўным Міжземнамор’і як універсальны знак таго, што ты належыш да грэцкага абраду.
…Калі трапляеш у маленечкія старажытныя цэркаўкі і манастыры Чарнагорыі, ты напоўніцу адчуваеш квітэсенцыю веры. І ніякага наносу ў выглядзе той царкоўнай ідэалогіі, якая на кожным рагу падпільноўвае цябе дома. Менавіта ў Чарнагорыі ты ўпершыню адчуваеш непадробны і бязмежны гонар за тое, што ты праваслаўная. У якасці падарункаў сябрам і сваякам ты імкнешся накупіць як мага болей ніцяных крыжыкаў.
Горы і мора
“Твайму народу не стае не толькі выйсця да мора, але і выйсця да неба — гор. Куды б ні ехаў Арлоў у сваім зборніку эсэ “Сланы Ганібала, у думках, метафарах і асацыяцыях ён усё адно з Беларуссю. Нават у Чарнагорыі, з якой, як ён сам крыху скрушліва прызнаецца, у Беларусі няма ніякіх гістарычных аналогіяў. А вось табе тут ні кропелькі не хочацца думаць ні пра якую Беларусь (зрэшты, чаго ўжо там — тут табе ўвогуле ні кропелькі не хочацца думаць). Заплывеш у мора да межаў дазволенага берагавой аховай і павісаеш на буйках. Боўтаешся сабе ў Адрыятыцы. І раптам разумееш: Арлоў на тваім месцы абавязкова зазначыў бы: павісаеш на бел-чырвона-белых буйках. Але ты бязмежна далёкая ад усяго гэтага. Ну і няхай буйкі бел-чырвона-белыя. Затое мора сіняе. А горы — зялёныя.