Кніга для рэжымніка: Шлях звычайнага мярзотніка

Раман французскага пісьменніка Дыд’е Дэненкса «Шлях звычайнага мярзотніка» (2006) – гэта чарговы падарунак нашым рэжымнікам, а таксама ўсім мілоснікам цікавага чытва. Гэта кніга пра звычайнага прыстасаванца-чыноўніка, які жыве па прынцыпе «я ўсяго толькі выконваю працу» ці «я проста падпарадкоўваюся загаду».

71ww3euqx3l.jpg


Галоўны герой рамана – выдатны студэнт права Клеман, праўда, “чалавек слізкі, з якім наўрад ці захочацца сесці і пагаманіць за каўкай”, які ў вайну пачаў супрацоўнічаць з паліцыяй калабарацыянісцкага рэжыму Вішы, бо яму “проста прапанавалі працу”. А потым ён гэтак жа проста пачаў пераследаваць і здаваць паліцыі габрэяў, камуністаў.
Пасля вайны зусім не цудам, а дзякуючы падману і сувязям, яму ўдалося пазбегнуць смяротнага пакарання, і дзякуючы прыяцельству з былым партызанам ён знайшоў працу ў новай Францыі. Але і там працягнуў “выконваць працу” – пераследваць, збіваць арабаў, пазней студэнтаў, якія маніфеставалі супраць ураду. Герой рамана ніколі не сумняецца і не мучаецца згрызотамі сумлення, ён зусім не разумее развагаў іншых “рамантычных і гуманістычных істотаў” наконт сумлення, ён пастаянна паўтарае сабе, што “выконвае загад і прытрымліваецца закону”. Звычайны мярзотнік дапрацоўвае да пенсіі, на якую сыходзіць з пашанотамі. І ніколі на ягоным шляху не з'яўляюцца ані былыя ахвяры, ані іх родныя.


Вельмі часта калабаранты спакойна дажывалі і дажываюць век і без усякай аховы. Вельмі часта дабро не перамагае ліха. Але вельмі часта сітуацыя калабарацыі паўтараецца і ў нейкі раз усё можа завяршыцца не як у рамане Дыд’е Дэненкса. У 21-м стагоддзі чалавецтва можа ўлічыць папярэднія досведы калабарацыі і выявіць такіх нябачных і шэрых мярзотнікаў, якія працуюць, гвалцяць і ўвечары вяртаюцца ў сям’ю. Гэты раман якраз пра тое, што ўсё залежыць ад нас: ці ігнараваць, не бачыць і дараваць такім суседзям, суграмадзянам, альбо абвесціць ім бой – прынамсі памятаць і не забываць пра іх злыдобу і калабарацыю. Якраз памяць дапамагла пасля вайны ў свеце ці пасля падзення дыктатураў у Лацінскай Амерыцы запусціць судовую машыну супраць тых, хто “ўсяго толькі выконваў працу”.
Зрэшты, раман “Шлях звычайнага мярзотніка” – цудоўная рэфлексія наконт абавязка падпарадкавання рэжымнікаў, чынавецтва, а таксама абавязка ігнараваць падпарадкаванне, калі яно вядзе да крыві. А яшчэ гэта добрая нагадка пра тое, што гвалт, вайна завяршаецца, улада мяняецца, а наша памяць застаецца з намі – і не ўсім у заўтрашняй Беларусі будзе ёмка і дазволена жыць, калі мы памятацьмем пра сённяшні гвалт, учынены не робатамі, а звычайнымі мярзотнікамі, якія жывуць сярод нас.