Падарыце кнігу ці парэкамендуйце, што пачытаць рэжымніку

Літаратура — зброя, якая слабее ў 21 стагоддзі, слабее ў Беларусі і не мае ўздзеяння на ўладу перадусім, бо ўлада наша – не інтэлектуальная, кніжак не чытае, у літаратуры і ў мудрагельстве ейных шматлікіх пасланняў не абазнаная, хоць культурай нібы займаецца — міністэрства культуры ў нас пакуль не ліквідаванае.

images_101_1.jpeg


Той факт, што рэжымнікі ў нас цяпер цалкам сілавыя і мажліва не ўмеюць чытаць, альбо чытаюць, не разумеючы, не павінен спыняць нас, літаратараў. Бо літаратура хоць і губляе мацату, якую мела ў папярэднія стагоддзі, застаецца ўсё яшчэ моцным рэсурсам, своеасаблівай чорнай скрыняй, якая запісвае, прыгадвае, дапамагае захаваць летапіс геройскіх падзеяў беларусаў другой паловы 2020 году. Літаратура ўсё яшчэ дапамагае асэнсоўваць усё адбывалае навокал. І, няма сумневу, у будучыні літаратура зноў прапануе вялікі наратыў, памяць пра тое, што мы зведваем цяпер.
А яшчэ літаратура, дакладней кажучы кніга – гэта найлепшы падарунак ва ўсе часы. Таму мы можам прапанаваць уладцам, рэжымнікам цікавы і непаўторны падарунак – даслаць кнігу ці параіць ім пачытаць класіку.
Так, можна пачаць з даступнай і абавязковай чытанкі французскіх шкаляроў — кнігі, напісанай падчас Другой сусветнай вайны вядомым у нас Луі Арагонам – зборніку навалаў “Калабарацыяніст”. Раней яна выходзіла пад назовам “Нявольніцтва і веліч французаў. Сцэны з страшных гадоў”. Гэты зборнік можна прапанаваць першым пачытаць на ноч нашым уладцам.
Простыя гісторыі з жыцця калабарацыяністкай Францыі, якія, насамрэч, маюць цяжкае і праўдзівае пасланне для будучыні. Калі адкінуць тло Францыі, мы лёгка распазнаем галоўных пратаганістаў навэлаў у любым іншым кантэксце – напрыклад, у сучаснай Беларусі.
Так, у навэле “Калабарацыяніст” паўстае просты француз – рамонтнік радыё Грэгуар Піко, законапаслухмяны грамадзянін, які не ставіць пад сумнеў палітыку дзяржавы, верыць прапагандзе і апраўдвае гвалт вядомым нам тлумачэннем “усё дзеля стабільнасці і парадку”. Аднак усё раптам пачынае мяняцца, калі калабарацыяністы забіваюць сына рамонтніка радыё. Законапаслухмяны грамадзянін пачынае разумець, што ён аказаўся не на тым баку сілаў…
У навэле “Рымскага права больш няма” галоўная гераіня – немка, сакратарка ваеннага суддзі, які без згрызотаў сумлення асуджае супраціўленцаў на смяротнае пакаранне. Фройлін Лотэ Мюлер – каханка суддзі, сябра нацысцкай партыі, аўтаматычна згодная з выракамі, упэўненая, што ўсе французы, камуністы, супраціўленцы – гэта гвалтаўнікі і забойцы. Калі ж яна трапляе ў палон да французскіх партызанаў, якія не забіваюць яе, яна пачынае разумець сваю памылковасць.
Зрэшты, у навэле “Сустрэчы” перад намі паўстае яшчэ адзін калабарацыяніст, парыжскі журналіст, які піша ідэалагічныя артыкулы, калабаруе з уладай і ўсё дзеля смачнага кавалка і лёгкага жыцця. Калі ж гвалт рэжыму становіцца відавочным, неаўпраўданым, калі рэжым пачынае губляць сілу, журналіст пачынае шукаць нейкую зачэпку, выйсце, апраўданне. Забойства сябры, які быў камуністам і меў адказы на ўсе пытанні, пачынае разбіваць ягоную ідэальную карціну свету.
Цудоўныя маналогі, у якіх паўстае тэма сумнення, прасвятлення, разумення і/ці прызнання памылкі, не проста актуалізуюць твор Луі Арагона, але і пакідаюць моцнае ўражанне, непаўторны паслясмак.
Дадзены зборнік Л. Арагона належыць да малавядомай спадчыны аўтара, напісаны і апублікаваны падпольна ў 1943 годзе. Але ўсяго адзін крок аддзяляе гэты французскі твор 1943 году ад беларускай рэчаіснасці 2020 года.
Дзякуючы такім тэкстам наогул і, у прыватнасці, пасланню Л. Арагона, літаратура ў адрозненні ад аўтарытарнай палітыкі, дае голас усім і спрабуе мінімізаваць гвалт, прапанаваўшы чытачам усе мажлівыя варыянты існавання. Праўда, ці ўсе варыянты можна назваць непахіснымі і годнымі?