Калісьці атмасфера Марса была багатая кіслародам

Мінералы з паверхні Марса паказваюць на тое, што ў старажытнасці атмасфера гэтай планеты ўтрымлівала значна больш кіслароду. Ужо даўно было вядома аб высокім утрыманні аксіду жалеза ў марсіянскіх пародах, дзякуючы якому Марс і атрымаў мянушку «Чырвоная планета». Але цяпер навукоўцы паведамілі аб наяўнасці сярод мінералаў Марса іншага рэчыва, для утварэння якога патрабуецца больш высокая канцэнтрацыя кіслароду.

Паверхня Марса / NASA

Паверхня Марса / NASA

Як паведаміла на штогадовай канферэнцыі Еўрапейскага геафізічнага саюза ў Вене Агнес Кузэн (Agnès Cousin) з Інстытута астрафізікі і планеталогіі ў Тулузе, марсаход Curiosity выявіў у грунце марсіянскага кратэра Гейл высокае ўтрыманне аксіду марганца. Для ўтварэння гэтых парод патрабавалася наяўнасць на планеце вады і куды большай колькасці кіслароду ў паветры, чым раней меркавалі навукоўцы. Даследнікам пакуль невядомы дакладны ўзрост парод, але яны спадзяюцца вызначыць яго пасля апрацоўкі іншых дадзеных марсахода.

 

Сучасная атмасфера Марса складаецца на 95% з вуглякіслага газу, а кіслароду ў ёй змяшчаецца не больш за 0,13%.