Гурт Vuraj запісвае новы альбом «Lito»

Фолк-гурт Vuraj распачынае працу над чацвёртым альбомам пад назвай «Lito», у аснову якога пакладзеныя старажытныя песні беларускага Палесся.

vuraj2.jpg

Музыкі запусцілі краўдфандынг на платформе Ulej.by. Краўдфандынг будзе доўжыцца да 8 чэрвеня.


«Што спяваеце?» – «Літо!»

Вось так проста – адным словам «літо» – на Палессі называюць цыкл абрадавых песень, у якіх знайшлі адбітак звычаі, павер’і і ўяўленні нашага народа.

«Літо» – гэта беражліва сабраныя, вывучаныя, пераасэнсаваныя і літаральна наноў створаныя каляндарна-абрадавыя песні беларускага Палесся.

Сяргей Доўгушаў і Vuraj на працягу чатырох гадоў шукалі іх у экспедыцыях, знаходзілі і надавалі кожнай сваё адметнае «вурайскае» гучанне.

У новым альбоме будзе падкрэслівацца ўнікальнасць кожнага рэгіёна Палесся – аўтэнтычныя мелодыі і музычны строй, адметнасці мікрамоў і дыялектаў, – усё гэта будзе захоўвацца, каб перадаць магію абрадавых песень, таямніцу старажытных рытуалаў і моц сувязі з продкамі.

Падчас запісу будуць выкарыстоўвацца колавая ліра, беларускія народныя духавыя інструменты.

Запіс, звядзенне і мастэрынг плануюцца на студыі TRStudio у Варшаве.
Перадзамовіць дыск з унікальнымі песнямі можна наўпрост зараз, падтрымаўшы праект на краўдфандынгавай платформе Ulej.by.

А для тых, хто асабліва паспрыяе запісу і выданню дыска, музыкі падрыхтавалі крутыя падарункі: запрашальнікі на канцэрт, майстар-клас па народных спевах, карпаратыўны канцэрт, напісанне музыкі і ўдзел у сапраўднай этнаграфічнай экспедыцыі!

Некаторыя песні з новага альбома прагучаць на канцэрце 17 красавіка, дзе Vuraj зайграюе разам з польскім этна-джазавым гуртом T/Aboret.  

Vuraj (Ву-рай) Мінскі фолк-гурт, які спалучае лірыку і мелодыі народных песень з элементамі розных музычных стыляў. Вандруючы па Беларусі, музыкі збіраюць аўтэнтычныя спевы, якія пераасэнсоўваюць і надаюць ім сучаснае гучанне.  


Паводле прэс-рэліза