Harotnica ўпершыню з 2015 выступіла ў Мінску (фота)
Калектыў Валерыі Валадзько і Андруся Такінданга ўпершыню за два з паловай гады выступіў з канцэртам у сталічным «TNT Rock Club».
Музыкі прадставілі электронную
праграму “Harotnica mix” з удзелам кантрабасіста Эрыка Арлова-Шымкуса (гурт “Vuraj”).
Старыя хіты, але зусім новы склад і выкананне падаравалі прыемную атмасферу. Амаль камерны духавы аркестр пераўтварыўся ў лёгкае трыа. Мікс домры, кантрабаса і мноства прымочак — унікальны, наўрад ці такое пачуеш дзе-небудзь яшчэ на беларускай сцэне.
Калектыў існуе аж з 2007 года, але свой дэбютны, і пакуль усё яшчэ адзіны альбом “Gvalt” выпусцілі ў 2015-м.
Рэпертуар музыкі складаюць з «песень беларускай прастытуткі» (нават першапачаткова гурт меў назву «Плач прастытуткі»). Вакалістка пяе ад імя асацыяльнай асобы, якая знаходзіцца ў пошуках кахання.
“Harotnica” — удзельнікі шматлікіх фестываляў, у тым ліку «Пікнік.BY» і «Камяніца» (2012), Solidarni z Białorusią і Heineken Open'er (2013). Аўтары саўндтрэку да анімацыйнай стужкі «Маляваны рай» (2010).