Гаючыя зёлкі ад гурта «Re1ikt»
«Лекавыя травы» — альбом гурта «Re1ikt», што не так даўно быў прэзентаваны слухачам у клубе "RE:PUBLIC". Праца музыкаў стала адной з самых заўважных падзей гэтага года ў беларускай рок-музыцы. Тое, што гэта так, «Re1ikt» хацеў пацвердзіць і «жывой» прэзентацыяй новага альбома.
Сотні маладых людзей, а таксама аматараў беларускага року больш сталага ўзросту, у гэты вечар запоўнілі клубны танцпол і vip-зону ў чаканні той музыкі, якую яны ўпадабалі, праслухоўваючы новы дыск гурта «Re1ikt».
І вось іх чаканні дасягнулі апагею: слухачы адчулі пачатак музычнай дзеі пад назвай «Лекавыя травы», калі на сцэну падняўся адзін з сессіёных музыкантаў — гэта быў саліст гурта "Vuraj" Сяргей Доўгушаў, які і распачаў праграму прэзентацыі акустычным intro. Выкарыстоўваючы патэнцыял народных духавых інструментаў, Сяргей стварыў адпаведную атмасферу цудадзейнасці водараў лекавых траў, гукаў лесу і поля, напаўзабытых народных мелодый, якія гучалі ў яго выкананні рэхам далёкіх вякоў.
Атмасфернасці прэзентацыі альбома «Лекавыя травы» спрыяў і відэашэраг, што адлюстроўваў патаемныя сілы прыроды і духоўную моц захавальнікаў яе сакральных тайнаў. Пра іх распавядала Зоня Ігнатаўна Рудзько — траўніца з вёскі Рэчань Любаньскага раёна, якая і натхніла музыкантаў на стварэнне гэтага альбома.
Вокладка альбому «Лекавыя травы»
Пасля такога заглыблення ў генетычную памяць продкаў, слухачы, нібыта зрабіўшыся больш відушчымі, віталі з’яўленне на сцэне музыкантаў гурта «Re1ikt». Трэба адзначыць, што ў шматлікіх інтэрв’ю і рэцэнзіях на гэтую студыйную працу крытыкі аперуюць такімі стылістычнымі вызначэннямі, як "цяжкі рок", "арт-рок" і нават "пост-рок". Усе яны ў гэтым пытанні маюць рацыю: кожны з гэтых стылістычных напрамкаў рок-музыкі прысутнічае (хоць і ў розных прапорцыях) у кампазіцыях гурта.
Але ў выпадку з «Re1ikt» аддаць перавагу нечаму аднаму не выпадае. Гурт мае свой адметны, арыгінальны музычны стыль, які патрабуе ўважлівага ўслухоўвання, суперажывання і эмацыянальнага кантакту. Тут і фальклорная аснова мелодый, і арт-рокавыя поліфанічныя аранжыроўкі, і цяжкія рыфы экстрэмальнага pagan-metal. Таму слухачы так упадабалі выкананне загалоўнай кампазіцыі альбома — «Лекавыя травы», іншых фальклорных кампазіцый, такіх, як «Хадзіла галота», «Люцэрна», «Дождж ідзець».
Падчас гэтай прэзентацыі ўзнікла жаданне падзяліцца адным назіраннем. Бывае, здаецца, што сучасныя слухачы мала цікавяцца беларускімі рок-хітамі, а ўсё больш увагі надаюць замежным. Што часы, калі зала спявала з Лявонам Вольскім «Тры чарапахі» ці «Зямлю», ужо незваротна мінулі. Але гэта не пра «Re1ikt»! Таксама, як і ў выпадку з N.R.M., маладыя слухачы разам з «Re1ikt» спявалі словы песні «Зрушаны свет», якая, на мой погляд, можа прэтэндаваць на званне найлепшай кампазіцыі года. Гэтымі якасцямі разварушыць слухача валодаюць і іншыя творы гурта, якія былі выкананы імі на працягу прэзентацыі.
За партыю баса адказвае Зміцер Наркевіч
Што тычыцца складаных па аранжыроўках кампазіцый, створаных музыкантамі па матывах твораў класікаў беларускай літаратуры — «Балотныя агні» (паводле Я. Коласа) ці «Кабета інсекта» (па творах Я. Баршчэўскага), — то яны, сапраўды, адпавядалі стылістычнаму вызначэнню арт-рока. Бо музычнымі сродкамі рок- і фолк-музыкі выканаўцы імкнуліся падкрэсліць іх літаратурную аснову.Тут трэба адзначыць кампазіцыйную выразнасць твораў, разнастайны рытмічны малюнак рытм-секцыі (за ўдарнымі на прэзентацыі працаваў лідар гурта, бубнач Аляксандр Дземідзенка разам з басістам Змітром Наркевічам).
Асобна трэба вылучыць сцэнічны і гукавы авангард гурта: маю на ўвазе шыкоўныя гітарныя партыі Віталя Макшуна і харызматычны артыстызм вакаліста «Re1ikt» Уладзіміра Казлова, які, да таго ж, знаходзіў магчымасць падчас выканання песень зайграць сола на дудцы і духавым піяна.
Спявае У. Казлоў
Яшчэ адно пацверджанне таго, што «Re1ikt» не саступіць беларускім рок-кумірам 90-х у папулярнасці, стаў конкурс фанатаў гурта, сярод якіх на сцэну выйшлі як маладзёны — хлопцы і дзяўчаты, так і людзі пачэснага ўзросту. Выканаць заданне — успомніць радкі тэксту «Яшчаркі», адной з самых складаных у філасофскім плане кампазіцый альбома, — аказалася пад сілу многім. І вядучаму конкурсу, лідару гурта "Rokash" лагоднаму і дасціпнаму Лявону Казакову, давялося зрабіць аўтарытарныя захады, каб выявіць пераможцу фан-конкурса.
Пасля гэтага спаборніцтва, якое выклікала ў слухачоў ажыятаж і актыўнае абмеркаванне, музыканты гурта «Re1ikt» працягнулі праграму прэзентацыі, але ўжо сваімі кампазіцыямі з папярэдніх альбомаў. У прыватнасці, загучалі такія вядомы песні, як «Рэкі прабілі лёд», «Чаго ты, лося…», «Стары». Але час, адведзены на прэзентацыю альбома, хутка заканчваўся, і лідар гурт Аляксандр Дземідзенка з сумам нагадаў пра гэта, а таксама запрасіў усіх прыхільнікаў гурта «Re1ikt» на будучыя канцэрты, якія яшчэ абавязкова будуць у гэтым клубе. Таксама Аляксандр папрасіў не разыходзіцца, бо ў фае "RE:PUBLIC" іх чакаюць фота- і аўтографсесіі, а таксама мерч па вельмі прывабных коштах — своеасаблівы калядны Blak Friday ад гурта «Re1ikt».
Віталь Макшун — гітарыст гурта "Re1ikt"
На заканчэнне музыканты вельмі душэўна выканалі песню І. Лучанка на верш А. Ставера «Жураўлі на Палессе ляцяць…», якая стала цудоўным завяршэннем гэтай прэзентацыі, хоць сам кавер не ўваходзіць у новы дыск гурта. Проста на развітанне моладзь, спяваючы разам з музыкантамі, яшчэ раз падкрэсліла повязь слухачоў і беларускіх фолк- і рок-выканаўцаў мінулага і сучаснасці.