Фэст вышыванкі прайшоў у Гродна (+ФОТА)

Да мясцовага культурніцкага актыву на свята завіталі Славамір Адамовіч, Павел Севярынец, Наста Кудасава ды інш. Фэст апынуўся багатапрофільным, сумясціўшы літаратуру, этна-танцы, музыку ды гандаль сувенірамі.

fest_vyszyvanki__7__logo.jpg


Праграма фэсту, які праходзіў у зацішным дворыку старога Гродна на базе культ-пляцоўкі “Уцэнтры”, заняла ажно паў дні. Госці фэсту, апантаныя гісторыяй, змаглі паслухаць лекцыю пра асобаў і мінулае хрысціянска-дэмакратычнага руху ад Паўла Севярынца. Літаратурныя прэзентацыі правялі Наста Кудасава ды Славамір Адамовіч. Музычную праграму забяспечыў Алесь Дзянісаў.

fest_vyszyvanki__6__logo.jpg


 “Наша мерапрыемства аб’яднала розных творцаў: мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў, — дзеліцца ўражаннямі арганізатар фэсту Алесь Мазанік, — Тут вам і гандаль, і прэзентацыі, і выступы. Мае асабістыя спадзяванні цалкам спраўдзіліся, прыйшло багата людзей. Тыя, хто трапіў на падобнае свята ўпершыню, былі ў захапленні”.

fest_vyszyvanki__2__logo.jpg


Паводле Мазаніка, падобныя фэсты вышыванкі — гэта не адмысловая франшыза, якая на кожнай канкрэтнай пляцоўцы праходзіць аднолькава, але шырокае поле для творчасці ў кожным канкрэтным выпадку.

fest_vyszyvanki__9__logo.jpg

“Падобныя фэсты ўжо праводзіліся і на дзяржаўным узроўні, і на прыватным, то бок цалкам па-рознаму, — працягвае Мазанік, — Я, да прыкладу, звяртаўся да “Артсядзібы”, якая распачала ў свой час такую моду, за дазволам, зрабіць такі фэст без іх удзелу. Праблемаў не было, мы ж справу адну робім!”

fest_vyszyvanki__4__logo.jpg

Арганізатары таксама выказалі падзякі ўжо згаданай вышэй камандзе “Артсядзібы”, дабрачыннаму фонду “Вяртанне”, кампаніі “Будзьма беларусамі”, без якіх фэст наўрадці б адбыўся.


Фота аўтра