Дзівосная прыгажосць. Як штучны інтэлект бачыць беларускіх міфалагічных істот і нячысцікаў

Адна з найбольш карысных інавацый, якую ў нашае жыццё прынёс адыходзячы год — гэта, безумоўна, нейрасеткі. Яны не толькі значна спрасцілі і ўдасканалілі працу многіх спецыялістаў, але і далі магчымасць звычайнаму чалавеку самастойна стварыць малюнак для будзь-якой патрэбы: дастаткова хіба правільна прапісаць тэхнічнае заданне.

Зюзя

Зюзя

«Новы Час» паглядзеў, як штучны інтэлект бачыць духаў, паганскіх багоў і нячысцікаў з беларускай міфалогіі.

 

Зюзя — бог зімы

Паводле народных паданняў, Зюзя мае аблічча ўкормленага каранастага дзеда з белым валоссем і даўжэзнай сівой барадой. Звычайна ён блукае па заснежаных зімніх лясах, але часам можа наляцець і ў вясковую мясцовасць, несучы за сабой буйную завіруху. Адметнай рысай з’яўляецца тое, што ходзіць Зюзя заўсёды басанож ды без капелюша.

Зюзя — увасабленне марозу, снегу і сцюжы. Нават імя яго паходзіць ад слова «зюзець», то-бок мерзнуць, калець ад марозу. У руцэ ў Зюзі бліскучы посах у выглядзе жалезнай булавы: ім раззлаваны паганскі бог б’е па пнях і дрэвах, спрычыняючы траскучыя маразы. Згодна з паданнямі, ад гэтага жудаснага гуку азёры, ручаі і крыніцы ў акрузе пакрываюцца лёдам.

Каб задобрыць Зюзю, на Каляды вяскоўцы пакідалі ў хаце куццю і казалі: «Зюзя на двары, куцця на стале». Раніцай талерка са стравай заставалася поўнай, аднак, як сведчаць агульныя павер’і, за ноч смакату з’ядаў Мароз. Сяляне верылі, што такім чынам паганскі бог злітуецца над імі і дасць на святы гарнае надвор’е.

Дзіця Чырвонага балота


Дзіця Чырвонага балота

Дзіця Чырвонага балота

Паданне пра злога духа ў абліччы маладой дзяўчыны з чырвонымі вачыма і воўчымі ягадамі ў руцэ было вельмі папулярным на поўдні Беларусі. Непадалёк ад вёсцы Каменка на Мазыршчыне ёсць загадкавае Чырвонае балота, што, па мясцовых павер’ях, заселена нячысцікамі і злавеснымі істотамі.

Існуе легенда, што ў 2001 годзе адзін селянін пайшоў да крыніцы набраць чыстай вады і раптам убачыў прыгожую дзяўчыну, што сядзела ў вадзе. Спадар звярнуўся да яе, каб спытаць, ці не згубілася яна ў лесе, і сам таго не памятаючы апынуўся на адлегласці выцягнутай рукі ад дзяўчыны. Яна працягнула далонь, на якой ляжала жменя апетытных ягад ярка-чырвонага колеру.

Раптам пан пачуў гук дзвярэй аўтамабіля і павярнуў галаву ў іншы бок. Праз секунду ад дзяўчыны не засталося і следу: толькі ягады, рассыпаныя па зямлі. Высветлілася, што гэта была надзвычай атрутная беладонна — воўчая ягада.

Мясцовыя грыбнікі таксама кажуць, што не раз сустракалі нячысцікаў на Чырвоным балоце, але тут канешне важна ўдакладніць, зборам якіх грыбоў яны займаюцца.

 Аржавень — дух іржавага балота


Аржавень

Аржавень

Гэты мілы нячысцік насяляе балоты з іржавымі купінамі і вадой, што пафарбаваліся ў такі колер ад растворанай жалезнай руды. Звычайна Аржавень перабывае ў адзіноце, бо да такой багны за пітвом не ідуць нават стомленыя дзікія жывёліны. Аднак часам у госці ўсё ж можа выпадкова трапіць казуля ці трус, якімі галодны дух паласуецца з вялікім задавальненнем. Хаця такія сустрэчы і не адбываюцца, людзей нячысцік не чапае.

Аржавень мае сытны жывоцік, тоненькія ножкі ды медныя плямы на скуры; аблічча ў яго цалкам брудна-рудовых адценняў ад іржы. Увесь чарот, травы і дрэвы вакол таксама прапітаны іржой. Нават пасля зімовых старанняў Зюзі ўвесь снег на балоце прапітваецца брудам. А яшчэ Аржавень мае сталую адрыжку, праз якую з ім не хочуць знаёміцца іншыя міфалагічныя істоты.

 Жыцень — дух-гаспадар поля


Жыцень

Жыцень

Жытны Дзядуля праводзіць дні і ночы на беларускіх палях сярод саломы і жыта, блукаючы па пасевах ды кантралюючы дабрабыт ураджаю. Ён спрыяе ўрадлівасці глебы, гарнаму выспяванню збажыны і стварэнню прыемных умоў для працалюбівых сялян.

Нашыя продкі ўяўлялі яго ў вобразе дзядулі з добрым тварам, караценькімі ручкамі і ножкамі, а таксама доўгай белай барадой. Адметнай асаблівасцю Жытня з’яўляецца трэцяе вока: яно знаходзіцца на патыліцы, каб бачыць усё вакол і лепей выконваць свае духоўныя абавязкі.

Напрыклад, калі Жыцень заўважыць кінутыя каласкі — забярэ іх у свой мех, а пасля прынясе ў хлеў і звяжа сноп. А калі ў наступны раз нядбайны гаспадар ізноў дрэнна прыбярэ поле — пазней у яго будзе недарод. Часам Жыцень мае здольнасць пераўтварацца ў жабрака ў лахмоцці. Убачыць такога чалавека ў самотным полі раней азначала хуткае наступленне голаду.

 Смаляны чорт


Смаляны чорт

Смаляны чорт

У гэтага пярэвараценя верылі пераважна сяляне з Палесся, дзе была шырока развітая здабыча і апрацоўка смалы. Апоўдні Смаляны чорт выглядаў як самавіты дзелавы мужчына, стылёва апрануты на нямецкі манер: у строгі чорны фрак, дарагія панчохі і лакіраваныя туфлі. Ён хадзіў па смалярні з цыгарэткай і правяраў выкананне працэсаў, адказнасць супрацоўнікаў і стан абсталявання.

Пасля заходу сонца, калі ўсе рабацягі расходзіліся па дамах, Смаляны чорт прымаў аблічча казла з чырвонымі вачыма і важна крочыў па смалярні, засцерагаючы прамыслоўства ад пажараў і бедаў. Выцеклую з бочак смалу ён падлізваў сваім доўгім казлячым языком, каб зберагчы прадпрыемства ад выпадковага ўзгарання.

У абліччы пана-брыгадзіра Смаляны чорт таксама прыглядваў за бочкамі, якія перавозіліся да прыстані на Прыпяці, а пасля плыў па Дняпры аж да Крэменчуга, каб праверыць сумленнасць дастаўшчыкаў.

 Жэўжык — апякун рэк і азёраў


Жэўжык

Жэўжык

Шляхетны абаронца беларускіх вадаёмаў з’яўляўся адным з найбольш паважаных міфалагічных істот на беларускай зямлі. Гэты тытул ён атрымаў у першую чаргу за сваю дабрачыннасць: па народных паданнях, Жэўжык мог з дапамогай адной рукі выцягнуць судна з вады і выратаваць людзей, якія танулі і рацэ.

Гэты стары дзядок з худымі, але дужа моцнымі рукамі і рудой барадой звычайна жыве ў самай глыбокай лагчыне возера, пад вадой. Ноччу ён усплывае на паверхню і няспешна дрэйфуе па хвалях на сваім чаўне, гледзячы, ці не парушае хто гармонію і спрадвечнасць вадаёма. Тым не менш для людзей апякун застаецца нябачным. Кажуць, калі па абсалютнай выпадковасці атрымалася выратавацца ад утаплення — то ўсё Жэўжык.

У яго ў падпарадкаванні знаходзяцца ўсе вадзяныя духі, у тым ліку Вадавік і Лазавік.

 Вужалкі


Вужалкі

Вужалкі

Як і Вужыны Кароль, яго дачкі хаваюць скарбніцы з золатам і дарагімі каштоўнасцямі ад аблудных чужынцаў. Тры раскошныя дзяўчыны з залатымі пярсцёнкамі, завушніцамі і вужачымі хвастамі амаль непадступныя: іх абараняе мноства грозных Змеяў, што служаць іх бацьку. Часам Вужалкі любяць сядзець на дрэвах і расчэсваць свае шыкоўныя валасы залатымі грабеньчыкамі.

На Вілейшчыне хадзіла паданне, што калі падабраць страчаны Вужалкай бранзалет ці іншае ўпрыгожанне, шчасце будзе пераследаваць да канца жыцця. А яшчэ ўкусаў змяі з такім скарбам баяцца не варта.