Дзе Усход сустракае Захад. Выстава «Праваслаўны свет» у Мінску
Упершыню ў Беларусі побач экспануюцца, займаючы ўвесь першы паверх Нацыянальнага мастацкага музея, каля 100 шэдэўраў іконапісу і рэлігійнага жывапісу Беларусі, Расіі, Сербіі і Украіны. 17 верасня адчынілася грандыёзная выстава «Праваслаўны свет. Вобраз Хрыста ў іканаграфіі краін Усходняй Еўропы».
І хаця ў тытул выставы вынесена вызначэнне «праваслаўны свет», наведаць экспазіцыю, падзівіцца прыгажосці старадаўніх твораў і нават памаліцца, што і рабілі некаторыя першыя наведнікі, могуць і праваслаўныя, і адэпты заходняга хрысціянства.
Зала Мітрапаліта Філарэта
Візантыйская культурная традыцыя духоўна мацавала як праваслаўную культуру Расіі з Сербіяй, так і экуменічныя пошукі ў грэка-каталіцкім мастацтве Беларусі і Украіны, якое шырока прадстаўлена тут творамі 17-19 стагоддзяў. Не дзіва, што нават у прысвечаным 35-годдзю архіпастырскага служэння Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта раздзеле (юбілей святкуецца ў наступным годзе) — побач з багаслужэбным адзеннем і рэліквіямі з новастворанага Царкоўна-гістарычнага музея Беларускай праваслаўнай царквы — прадметы, больш блізкія духу заходняга хрысціянства. Гэта вытанчаная Мадона ў кветкавым вянку з беларускіх Докшыцаў, якая пераймае ўзоры падобных кампазіцый з нідэрландскага мастацтва, і сучасны спіс з Маці Божай Чанстахоўскай, рэліквіі польскага касцёла з Яснай Гуры, абраза, тым не меньш, візантыйскага паходжання.
У залах выставы
Прысутны на цырымоніі адкрыцця прадстаўнік БПЦ айцец Сергій (Гардун) таму і выказаўся прыхільна да экспанавання «намоленых» святыняў у свецкім інтэр’еры музея. Пасля дзесяцігоддзяў ціску на царкву ў постсавецкіх краінах менавіта спецыялісты з музеяў, даследчыкі і рэстаўратары, разам з прыватнымі энтузіястамі ратавалі помнікі духоўнай спадчыны. Прыйсці і памаліцца перад абразамі пад спевы царкоўных хораў, што будуць гучаць на выставе цягам усяго часу яе экспанавання па 5 снежня — магчымасць для кожнага сапраўднага верніка.
Адкрыццё Прес-канферэнцыя кіраўнікоў музеяў
Адкрыццё настолькі прадстаўнічай выставы, сабранай і арганізаванай вельмі хутка — цягам аднаго году, можна лічыць цудам. Калі беларускія музеі (апрача Нацыянальнага мастацкага і музея БПЦ — Музей старажытнабеларускай культуры НАН, Полацкі гісторыка-культурны і Гродзенскі гісторыі рэлігіі) атрымалі дапамогу роднага Міністэрства культуры і спонсараў (Федэрацыі прафсаюзаў, сеткі «5 элемент», Міністэрства гандлю і страўні «Камяніца»), то ўдзел замежных музеяў ажыццяўляўся як дабрачынны сяброўскі акт.
Урачыстае адкрыццё выставы 17 верасня
Упершыню ў Беларусь прыехалі 12 абразоў 15–18 стагоддзяў з Сербіі з Нацыянальнага музея ў Бялградзе і 11 ікон пераважна правінцыйных расійскіх школ з маскоўскага прыватнага Музея рускай іконы. Сербы прадставілі творы з «сэрца Сербіі», палітычна страчанага края Косава, у тым ліку са знакамітага манастыра ў Дзечанах — на абразе Хрыста 16 ст. відаць сляды ўдараў, нанесеных па твары вандаламі, вынік палітычных канфліктаў канца 20 стагоддзя. Аднак міжрэлігійныя кантакты мелі і плённыя вынікі: у праваслаўнай Сербіі рэлігійнае мастацтва з візантыйскай асновай зазнала ўплывы заходніх, у прыватнасці венецыянскай, жывапісных школ.
Сербскія іконы. Хрыстос з сімваламі пакут
Сербскі Хрыстос 17 стагоддзя са сляедамі варварскага ганьбавання абраза
Асаблівая старонка гісторыі сучаснага збірання і ратавання раскіданых па свеце ікон — калекцыя Музея рускай іконы, заснаванага ў 2006 годзе расійскім мільянерам і бізнесоўцам Міхаілам Абрамавым. Вынік 10-гадовага набыцця экспанатаў у заходніх галерэях, на аукцыёнах і ў прыватных калекцыянераў уражвае. Размешчаны ў Маскве на вуліцы Ганчарнай каля мето Таганская музей валодае зборам у 4500 экспанатаў рэлігійнага ўжытку і 1000 абразоў. Значная іх частка вярнулася ў Расію з-за мяжы: заснавальнікі калекцыі бачаць у вяртанні культурнай спадчыны на Радзіму сваю асаблівую місію.
Сярод «вернутых шэдэўраў» прадстаўленае на выставе «Праабражэнне» 1680-х гадоў школы Аружэйнай палаты Масквы, перададзенае ў музей святаром з Германіі. Незвычайны музей узнік праз спалучэнне любові да нацыянальнай культуры, шанаванне духоўнасці і высакароднае выкарыстанне набытых у прыватным бізнесе капіталаў. Праўда, знайсці на антыкварным рынку такія старажытныя, асвечаныя даўніной стагоддзяў шэдэўры, якія аддаўна знаходзяцца ў калекцыі маскоўскай Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі амаль немагчыма.
Святыя Барыс і Глеб Пскоўскай школы канца 14 стагоддзя — самы старажытны абраз на выставе
Таму асаблівую ўвагу прыцягваюць на выставе 12 абразоў з яе калекцыі, на чале якіх датаваная яшчэ апошнімі дзесяцігоддзямі 14 стагоддзя манументальная выява першых усходнеславянскіх святых князёў Барыса і Глеба мастака пскоўскай школы. Разам з гэтым унікальным помнікам выставу ўпрыгожваюць трохчасткавы Дэісус, святая Тройца майстра Дыянісія 16 ст., натхнёная аднайменнным вобразам знакамітага Андрэя Рублёва, абраз Маці Божай маскоўскай школы 15 ст., вытрыманы ў блізкім падабенстве да візантыйскіх першаўзораў. Вялікафарматная ікона 16 ст. св.Сергія Раданежскага з жыційнымі клеймамі — узор ужо нацыянальнай рускай мастацка-рэлігійнай традыцыі.
Праабражэнне школы Аружэйнай палаты 1680-х гадоў з Прыватнага музея рускай іконы
Наведвальнік выставы зверне ўвагу на тое, што экспазіцыю яе арганізатары пабудавалі не столькі па нацыянальным і перыядычным, колькі па тэматычным прынцыпе — ад абразоў, прысвечаным нараджэнню і хрышчэнню Хрыста, да твораў, звязаных з яго зямным служэннем і групы абразоў «паслядоўнікаў» і ветхазапаветных папярэднікаў Збавіцеля. Затое супастаўленыя творы розных краін увачавідкі даюць адчуць закладзены ў іх жыватворчы імпульс візантыйскай традыцыі і агульныя або асобныя і спецыфічныя шляхі яе пераўвасаблення ў пазнейшыя стагоддзі.
Так, украінскія абразы валынскага рэгіёну і беларускія творы з Берасцейшчыны, адзначаныя народным тыпажом вобразаў, захапленнем дэкаратыўнай арнаментыкай разьбяных фонаў і яскравасцю фарбаў — створаныя ў эпоху пранікнення ў іконапіс стылёвых павеваў барока, — глядзяцца як творы адзінай мастацкай школы, якая аддаляецца ад тэндэнцый развіцця, выяўленых расійскімі мастацкімі цэнтрамі.
Украінская ікона Распяцця Хрыста са сцэнамі пакут
Ва ўкраінскай і беларускай мастацкай традыцыі назіраем таксама замяшчэнне абраза рэлігійна-алегарычнымі кампазіцыямі, як «Хрыстос — вінаградная лаза». Гэта жывапіснае увасабленне таямніцы прычасця, на якім парасткі лазы, вырастаючы з ранаў Хрыста, гронкамі вінаграда схіляюцца да рытуальнага келіха з віном. Побач — украінскі жывапісны твор «Укрыжаванне Хрыста» са сцэнамі пакут Збаўцы і крыжовага хода — эпізодамі з выяўленчай традыцыі заходняй царквы. Як і сербская выява дзіцяці-Хрыста з сімвалічнымі прыладамі яго пакут. Такім чынам, прысвечаная знамянальнай гадавіне 1025-годдзя Хрышчэння Русі выстава дэманструе адзінства і разнастайнасць развіцця хрысціянскай культуры братніх славянскіх народаў.
Сустрэча на агульнай выставачнай пляцоўцы мастацкіх збораў вядучых устаноў суседніх краін у межах праекта «Праваслаўны свет. Вобраз Хрыста…» — ініцыятыва дырэктара беларускага Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова, па агульнай згодзе прысутных на адкрыцці выставы кіраўнікоў замежных музеяў будзе мець плённы працяг. Беларускія творы у адказ паедуць у суседнія краіны.
А да нас завітае яшчэ адна грандыёзная выстава — «Спачатку было слова», прысвечаная 1150-годдзю мараўскай місіі святых Кірыла і Мяфодыя, збор дзясяткаў ікон з прыватных калекцый Расіі, які пасля экспанавання ў Братыславе і Празе наведае Мінск. Плённае супрацоўніцтва працягнецца, радуючы гледачоў знаёмствам з малавядомымі шэдэўрамі даўніх часоў.
Фота Аляксея Хадыкі