Дуэт Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука «Красная зелень» распаўся

Дуэт опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук і блогера Андрэя Павука ўзнік як рэакцыя на беларускі сюр. Працавалі музыкі ў жанры палітычнай сатыры.

maxresdefault_t3jm1.jpg

Андрэй Павук пацвердзіў «Н*шай Ніве», што гурт больш не існуе. Па якіх прычынах ён распаўся, музыкі не каментуюць.

Сярод яркіх песень дуэта — «Азаронак», «Толька Матолька», «Арыя Іўды», «Звінят і лязгают танкі», «Галіна» і шмат іншых. Аўтар тэкстаў — Андрэй Павук.

Учора Маргарыта Ляўчук разам з Паўлам Ліберам выпусціла песню «Мурка», дуэт «Недазаконаў».

Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук выступала ў розных еўрапейскіх тэатрах. Яна ўдзельнічала ў пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе. Тады ж сышла з працы ў Нацыянальным тэатры оперы і балета.

Цяпер Маргарыта жыве ў Вільні і, апроч як з класічнай музыкай, таксама працуе з палітычнай сатырай, адкрыта і правакацыйна крытыкуе дыктатуру ў краіне.

У 2021 годзе супраць Ляўчук распачалі крымінальную справу паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»).

Андрэй Павук — актывіст і блогер, стваральнік ютуб-канала «Рудабельская паказуха», на якім у тым ліку публікуе свае тэлефонныя размовы з чыноўнікамі.

На Павука раней завялі крымінальныя справы за «публічную абразу работніка пракуратуры горада Мінска» і «разгалошванне звестак аб прыватным жыцці і персанальных даных памочніка пракурора».

У маі 2022-га сілавікі зладзілі ператрус у кватэры Андрэя і Вольгі Павукоў у пасёлку Акцябрскі.

Нядаўна супраць блогера распачалі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).

Музыка, і агулам творчая сфера, стала важным складнікам беларускага пратэсту ў 2020 годзе. Пераважная большасць прыкметных і таленавітых творцаў выступіла тады — хто больш выразна, хто менш — за перамены ў Беларусі. Сапраўднай з'явай пратэснай плыні сталі знакамітыя дваравыя канцэрты, якія музыкі ладзілі ў мікрараёнах і на якія прыходзіла шмат людзей. Лукашэнкаўскія сілавікі спрабавалі ладзіць аблавы на такія мерапрыемствы, дзе проста гучалі вядомыя песні, а беларусы танчылі. Шмат якіх выканаўцаў потым затрымлівалі паводле адміністрацыйных абвінавачанняў і кідалі на «суткі».

Дагэтуль у турмах Беларусі ўтрымліваюцца дзесяткі музыкаў, а лік зняволеных прадстаўнікоў культурнай галіны ідзе на сотні.

Шмат дзеячаў культуры цяпер у эміграцыі, дзе яны ладзяць розныя імпрэзы, распачынаюць новыя праекты і даюць канцэрты ў прысутнасці вялікай колькасці гледачоў у розных краінах.