Ці ёсць перспектыва ў беларускага тэатра ў эміграцыі?

Пасля 2020 года рэпрэсіі прымусілі бегчы з Беларусі і многіх тэатральных дзеячаў. DW — пра шанцы і магчымасці беларускага тэатра ў эміграцыі зацікавіць і замежную аўдыторыю.

Акцёры Алег Гарбуз, Мікалай Стонька, Андрэй Новік і Ілля Ясінскі ў спектаклі «Радзіва Прудок» у Вільні, 2023 год

Акцёры Алег Гарбуз, Мікалай Стонька, Андрэй Новік і Ілля Ясінскі ў спектаклі «Радзіва Прудок» у Вільні, 2023 год

Яшчэ нядаўна такога феномену, як беларускі тэатр за мяжой, не існавала, адзначыла даследчык культуры Таццяна Арцімовіч падчас круглага стала, арганізаванага Беларускім інстытутам тэатра.

«Былі розныя хвалі міграцыі. Напэўна, самая маштабная паднялася пасля Другой сусветнай вайны, калі многія дзеячы культуры, у якіх была антысавецкая пазіцыя, пакінулі Беларусь, — распавяла эксперт. — Першым праектам, які заявіў пра сябе як тэатр за мяжой, быў Беларускі свабодны тэатр. Да 2020 года частка яго каманды працавала ў Мінску, частка — у Лондане. Але пасля 2020-га вельмі шмат дзеячаў мастацтва, з самых розных праектаў і тэатраў, вымушана з'ехалі. Так пачаў фарміравацца беларускі тэатр замежжа».

«Задача — расказаць пра Беларусь усяму свету»

Былы актор Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД) Ілля Ясінскі быў вымушаны бегчы ў Літву. Ён лічыць, што ў беларускага тэатра ў эміграцыі ёсць тры задачы: «Першая — зразумець, хто ты і дзе цяпер. Другая — захаваць беларускую культуру і традыцыі, развіць іх, перадаць дзецям і тым, хто побач. Трэцяя — паспрабаваць расказаць пра нас ва ўсім свеце. І тут усё роўна, расказваем мы асабістыя гісторыі ці гаворым пра глабальныя праблемы».

Андрэй і Дар'я Новік. Фота: Privat

Андрэй і Дар'я Новік. Фота: Privat

Яго калега па РТБД Андрэй Новік, які з'ехаў у Польшчу, адзначае, што пакуль 70% гледачоў — беларусы, але паступова растуць польская і ўкраінская аўдыторыі. 

«Я ствараю праекты, арыентуючыся ўжо на еўрапейцаў, — кажа Новік. — Мы расказваем пра праблемы ў Беларусі, якія і так зразумелыя нашым людзям. Замежны глядач бачыць тэму па-іншаму, мы ведаем гэта па фестывалях. І важна, каб пра сітуацыю ў нашай краіне не забывалі ў свеце. Калі наша мэта— захаваць тэатр, расказаць пра трагедыю, то варта больш арыентавацца на насельніцтва тых краін, дзе мы знаходзімся і можам працаваць».

Глядзіце таксама

Як замежная аўдыторыя ўспрымае беларускую праблематыку? 

«У нас быў прыклад, калі паўстаў дыялог з польскай аўдыторыяй, — кажа рэжысёр тэатра «Тутэйшыя» Андрэй Саўчанка. — Спектакль «Святло ў цемры» быў паказаны ў Беластоку менавіта польскай публіцы, з субтытрамі. Тэма «нерасстралянай паэзіі» знаходзіць водгук і ў палякаў. Гледачы нам суперажывалі, мы адчулі агульнасць праблемы. Пакуль мы мала робім, каб трансляваць наш голас шырэй, але будзем працягваць намаганні».

Ілля Ясінскі (крайні справа) на прэм'еры спектакля «Ціхары» ў Вільні, 2023 год Фота: Daria Bernstein / DW

Ілля Ясінскі (крайні справа) на прэм'еры спектакля «Ціхары» ў Вільні, 2023 год Фота: Daria Bernstein / DW

У скарбонцы беларускага тэатра замежжа ёсць і сумесная праца з калегамі з суседніх краін. Так, у Вільні паставілі спектакль »Ціхары« паводле п'есы Сашы Філіпенкі. 

«Спектакль ідзе на рускай мове, яго паставіла ўкраінская рэжысёрка, — кажа акторка Марына Здаранкова. — У ім граюць не толькі беларускія, але таксама расійскія і літоўскія акцёры. Мы расказваем пра нашу гісторыю і боль, пра тое, як праходзяць суды ў Беларусі. І да нас прыходзяць не толькі беларусы, але таксама літоўцы, расіяне і ўкраінцы. Так што ўдалы вопыт ужо ёсць». 

Глядзіце таксама

Ці можа быць беларускі тэатр на рускай мове?

Большасць спектакляў у эміграцыі выходзіць на беларускай мове, і часта гэта прынцыповае пытанне. «Мая пазіцыя — усё, што можна, я буду рабіць на беларускай, — кажа рэжысёр Андрэй Саўчанка. — Калі мы прымем рашэнне перайсці на рускую мову, каб заваяваць аўдыторыю, гэта вельмі хутка схлопнецца. Сёння тэхналогіі дазваляюць даваць пераклад субтытрамі і сінхронна. Так што для мяне гэта, хутчэй, тэхнічная задача».

Рэжысёр Наталля Ліванава кажа пра дваістае пачуццё ў эміграцыі: «З аднаго боку, хочацца падтрымаць тых, хто тут знаходзіцца, даць ім магчымасць пачуць беларускую мову. З іншага боку, трэба выходзіць на зразумелы ўзровень для мясцовых гледачоў, таму што беларускай аўдыторыі за мяжой няшмат». 

Афіша спектакля «Ціхары» ў Вільні

Афіша спектакля «Ціхары» ў Вільні

Ці можна застацца беларускім артыстам у эміграцыі, але граць спектавлкі на рускай, і не думаць пра тое, каб пераходзіць на мову краіны, дзе цяпер працуеш? 

Рэжысёр Уладзімір Ушакоў, які цяпер працуе ў Фінляндыі, лічыць, што такі сцэнар магчымы толькі для расійскіх акцёраў, якія добра вядомыя за мяжой. 

«Такія артысты без праблем збіраюць залы. У малавядомых артыстаў гэта наўрад ці атрымаецца, — кажа ён. — Мне паступаюць прапановы ад прадусараў ставіць спектаклі на рускай мове. І калі ў мяне будзе праблемнае фінансавае становішча, натуральна, я буду гэта рабіць».

Глядзіце таксама

Як вайна і палітыка паўплывалі на тэатр

Палітычны крызіс істотна паўплываў на тэатр, кажуць удзельнікі круглага стала. «Добра будуць ісці камедыі на любой мове, у тым ліку і на беларускай. Але я не магу сябе прымусіць сёння ставіць камедыі, — заявіў Андрэй Новік. — Пытанне, на што хапае тваёй маралі і ўнутраных сіл? Для чаго я застаюся ў гэтай сферы? Каб распавядаць пра трагедыю, а не смяшыць публіку». 

Стаўленне да Беларусі з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне таксама ўплывае на развіццё тэатра ў эміграцыі. 

У Віленскім старым тэатры яшчэ ў 2017 годзе адбылася прэм'ера спектакля «Самотны чалавечы голас» паводле кнігі Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва». Цяпер яго ў рэпертуары няма. 

Паступова з рэпертуару знялі і іншыя спектаклі, якія распавядалі пра рэпрэсіі ў Беларусі. Цяпер большасць беларускіх пастановак у Літве і Польшчы праходзяць на прыватных пляцоўках.

Да вайны ў Кіеве, Маскве, Вільні і Рэйк'явіку планаваліся спектаклі паводле кнігі Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі». «Але іх адмянілі, — распавяла на сустрэчы з чытачамі ў Літве сама пісьменніца. — Пасля падзей у Бучы ў Еўропе не засталося эмпатыі да рускага жаўнера».