«Бывайце здаровенькія»: у падземным пераходзе метро замест афіш размясцілі цытаты
Цытаты з несмяротнай «Паўлінкі» Янкі Купалы размясціў замест афіш Нацыянальны акадэмічны тэатр ім. Я. Купалы ў падземным пераходзе ст. м. «Кастрычніцкая».
На выхадзе да Дома афіцэраў красуюцца жыццесцвярджальныя цытаты: «Бывайце здаровенькія», «Тудэма-сюдэма ... І мы вернемся!», «Дзве дзюркі ў носе і сканчылося!», «Чым хата багата — тым і рада!», «Бо калі ўсё пайшло ўверх нагамі, хутка стане на свае месцы!»,«А мае вы родненькія, падтрымаем адзін аднаго» і іншыя.
«Паўлінка» лічыцца візітнай карткай Купалаўскага і адкрывае кожны сезон. Спектакль застаецца неад'емнай часткай рэпертуару вось ужо амаль 80 гадоў. Быў пастаўлены паводле п'есы Я. Купалы рэжысёрам Львом Літвінавым яшчэ ў 1944 годзе на базе Томскага драматычнага тэатра ва ўмовах эвакуацыі. У 2019-м «Паўлінка» прызнана нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.
Купалаўскі тэатр часова зачынены для гледачоў. Ён адным з першых запусціў анлайн-трансляцыі спектакляў. Таксама акцёры праводзяць анлайн-чытанні твораў беларускіх і замежных аўтараў. У самім тэатры пакуль шыюць маскі.
minsknews.by, фота прадастаўлены тэатрам