«Бясцэнны скарб». Выйшаў альбом «Экспэдыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году»

Дыхтоўны альбом адкрывае чытачам унікальную калекцыю фотаматэрыялаў, сабраных этнаграфічнай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага на Случчыне і Мазыршчыне амаль сто годаў таму.

unnamed_310.png

Каштоўнасць гэтых матэрыялаў цяжка пераацаніць: экспедыцыя адбылася яшчэ да калектывізацыі і зафіксавала тагачасны характар самабытнай беларускай культуры.

Матэрыялы экспедыцыі маюць навуковую і практычную каштоўнасць для даследнікаў: этнографаў, мастацтвазнаўцаў, культуролагаў, гісторыкаў навукі, музейных супрацоўнікаў.

Складаны і трагічны лёс напаткаў як матэрыялы экспедыцыі, так і яе удзельнікаў падчас сталінскіх рэпрэсій і Другой сусветнай вайны. Альбом экспедыцыі, аднак, захаваўся ў Лондане, у Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны.

Да нас дайшлі 270 чорна-белых здымкаў: узоры сакральнага мастацтва і архітэктуры, народнага касьцюму, ткацтва і прадметаў побыту. У 1980-х гадах прафесар Адам Мальдзіс быў першым даследнікам з БССР, хто пабачыў яго. Ён запісаў у сваім дзённіку: «Вечарам меў мажлівасць пазнаёміцца з масіўным альбомам, пераплеценым у чырвоны аксаміт. У ім знаходзіцца каля трохсот фатаграфій, зробленых удзельнікамі этнаграфічнай экспедыцыі на Случчыну ў канцы 20-х гадоў. Дзякуючы гэтым здымкам захаваліся ўзоры народнага адзення, дойлідства. Зафіксаваны творы мастацтва, рэчы хатняга ўжытку. Бясцэнны скарб для гісторыкаў культуры!»


unnamed__1__79.png

Матэрыялы лонданскага альбома цяпер становяцца даступнымі самай шырокай аўдыторыі: здымкі, зробленыя ў 1928 годзе, можна пабачыць у альбоме, выдадзеным сумесна выдавецтвамі «Скарына» (Лондан) і «Чабор» (Варшава). Іх суправаджае надзвычай цікавы навуковы артыкул мастацтвазнаўцы Вольгі Лабачэўскай.

Скарынаўская бібліятэка апублікавала ўступ да альбома, артыкул Лабачэскай і выбраныя здымкі на сваім сайце.

Альбом можна набыць у Беларусі (спасылка тут), у Варшаве ў кнігарні на Oleandrów 6/2, замовіць у кнігарні Skaryna Press.

У ліпені альбом можна будзе набыць у Вільні. Ён будзе таксама на лонданскім Купаллі ў чэрвені, на фестывалі Tutaka пад Беластокам у ліпені і на сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Таронта напрыканцы жніўня.