Вандроўка ў Наваградак. Кожны архітэктурны элемент тут — славутая спадчына!
Наваградак — унікальнае для гісторыі Беларусі месца. У Наваградку абавязкова трэба наведаць фарны касцёл Праабражэння Гасподняга, пра які на канале "Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура" вам раскажуць Ян і Юлія. А напрыканцы відэа вы даведаецеся пра лядашціка. Пра гэтую істоту мала хто чуў, а каму давялося з ёй сустрэцца – ужо наўрад зможа распавесці пра тое...
Гэтае відэа знята ў тэхніцы «лічбавая акварэль». Тэхніка ўнікальная і патрабуе шмат высілкаў ад мастака. Але ў выніку яна дазваляе ўбачыць, як ажывае гісторыя.
*****
Першапачаткова святыня мела гатычныя рысы, а яе гісторыя бярэ пачатак яшчэ ў 1395 годзе, калі вялікі князь Вітаўт загадаў пабудаваць касцёл на месцы паганскага капішча. І ўжо ў 1422 годзе Ягайла і Соф’я Гальшанская мелі там шлюб, што сведчыць пра вялікакняжацкі ўзровень былой сталіцы ВКЛ.
На пачатку XVIII стагоддзя пачаліся працы па перабудове наваградскага касцёла ў стылі сармацкага барока, пра гэты сведчыць ягоны строгі выгляд. Гэта аднанефная базіліка з двухвежавым галоўным фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай.
Не ўсе ведаюць, што ў капліцы Цела Гасподняга размешчана мемарыяльная пліта з чорнага мармуру. А гісторыя такая: у Хоцінскай бітве 1621 года прымаў удзел конны полк, які складаўся з 720 вершнікаў. Камандаваў імі кашталян Ян Рудамін. Лічыцца, што менавіта ўмяшанне гэтага палка ў бітву павярнула ход усяго змагання.
У цэнтры пліты знаходзіцца барэльеф, які паказвае 9 фігур і самога Яна Рудаміна, знізу – зрынутыя ворагі, а зверху – Божая Маці з дзіцем.
У 1857 годзе Фарны касцёл Навагрудка закрываюць па загадзе ўладаў і на доўгія гады кансервуюць. Вернікам святыню павернуць толькі ў 1906 годзе, пасля чаго пачынаецца доўгая рэстаўрацыя. З 1929 года ў сценах касцёла дзейнічала місія манашак-назарэцянак, 11 з якіх былі пакараныя нацыстамі ў 1943 годзе. Папа Ян Павел II прылічыў пакутніц да ліку святых.
А вось цяпер мы распавядзем, чаму вам патрэбная абарона Божай міласэрнасці. Наваградак – месца, што каймуюць лясы, будзе не дзівам, калі вы вырашыце іх наведаць. А там нават не трэба блукаць па гушчары. Па ўсёй Беларусі некалісь местачкоўцы, што хадзілі ў грыбы, нават на пачатку свайго шляху маглі сустрэць Лядашціка ці Псуценя – калматую пачвару з рудой поўсцю і крыламі бы вялікі кажан – і, самае галоўнае, адным злосным чырвоным вокам. Хто ў тое вока гляне, згубіць розум. Пры сустрэчы з ім разумныя людзі адразу моляцца і бягуць прэч з лесу. Забіць Лядашціка можна толькі вагнём, але не кожны гэта здолее.