Беларускі сатырычны бестсэлер выйшаў у фармаце аўдыёкнігі. У ім — шмат цытат чыноўнікаў і згадкі пра пратэсты 2020
Калі вы любіце слухаць аўдыёкнігі — гэтая навіна для вас. Нашумелыя «Свінні» нарэшце з'явіліся ў аўдыёфармаце!
Беларускі сатырычны бестселер «Свінні» выйшаў у фармаце аўдыёкнігі. Агучвалі вельмі пазнавальных персанажаў гэтага рамана ў тым ліку акторы-«купалаўцы» — і ў выніку выйшаў сапраўдны аўдыяспектакль пра свіны апакаліпсіс у вёсцы Качанава Груздзеўскага раёна. Праца над агучкай кнігі Аляксандра Чарнухі вялася амаль два гады, і цяпер паслухаць «Свіней» можна бясплатна на сайце audiobooks.by і на ўсіх буйных пляцоўках.
— Бадай, гэта самы доўгі праект, які я рабіла, — кажа прадзюсарка праекта Крысціна Дробыш. — Так склаўся лёс, што кніга чакала свайго часу, каб выйсці менавіта цяпер. Аднак праца над ёй пачалася прыкладна адразу пасля выдання рускамоўнай версіі. Складана было падступіцца, зразумець з чаго пачаць, каб не сапсаваць смачны тэкст, пераклад, падабраць правільную каманду галасоў са здаровай дозай іроніі і характару. Знайсці грошы і — самае складанае для мяне — разабрацца ў безлічы персанажаў, а іх я налічыла больш за сорак. Цяпер магу сказаць, што «Свінні» пайшлі ў народ. І гэта крута!
Кнігу ў беларускім перакладзе Алеся Плоткі агучвалі вядомыя акторы Сяргей Чуб, Андрэй Дробыш, Алег Гарбуз і Крысціна Дробыш, а гукарэжысурай займаўся Аляксандр Зелянеўскі.
«Свінні» — гэты дэбютны раман журналіста і пісьменніка Аляксандра Чарнухі, які быў апублікаваны ў 2022 годзе. Праз год з’явіўся пераклад кнігі на беларускую мову, які выйшаў у выдавецтве «Янушкевіч». За два гады кнігу прачыталі ў 42 краінах па ўсім свеце — ад Новай Зеландыі і Паўднёвай Карэі да Ірака і Канады, а прэзентацыі твору адбыліся ў 12 краінах.
«"Дажыначны постапакаліпсіс", "Оруэл з-пад Шчучыншчыны", "Дэманічная батлейка" — стылістычна гэта нейкая сумесь сюррэальных фельетонаў Мастаўшчыкова і хтоні ранняга Елізарава плюс сарокінскі, вядома ж, фінал. Калі б гэты тэкст выйшаў у 2005-м, ён быў бы роўна такім жа надзённым і актуальным: ён вельмі моцна вяртае ў пекла правінцыйных нулявых. Усё гэта жахліва смешна, і нават стамляешся смяяцца, але гэта менавіта батлейка і вар’яцтва».
— Таццяна Заміроўская
«У часы чалавечых трагедый слёзы не ратуюць. Таму Аляксандр Чарнуха паспрабаваў засмяяцца. З’едлівай, саркастычнай усмешкай, але ўсміхнуўся. І аказалася, што на час, у якім выпала нам шчасце жыць, скрозь смех глядзець страшней, чым скрозь слёзы».
— Уладзімір Някляеў
Спасылка на аўдыёверсію рамана «Свінні».