Асобная думка. Тонкі налёт культуры — пыл, які лёгка сцерці

31 траўня названа Міжнародным днём культуры, і гэты дзень, як і культура ў цэлым, заўсёды праходзіць незаўважаным. А між тым, гэта важныя рэчы, з якіх мы пачынаемся як людзі — з таго, што складае нас як асоб і яднае ў чалавецтва.

Ілюстрацыйная выява: «StableDiffusion»

Ілюстрацыйная выява: «StableDiffusion»

Святло слепіць вочы — часам так невыносна, што гэты боль немагчыма вытрываць, яго не суцішваюць слёзы. Для таго, каб глядзець на сонца, патрэбна спецыяльная оптыка, агонь робіць балюча пры набліжэнні да яго, а святло звычайнай лямпачкі застаецца плямамі перад вачыма.

Чалавеку, які доўгі час знаходзіўся ў цемры, любы выхад да святла будзе балючым. Страшным. Захочацца назад, дзе ўсё звыкла і зразумела. 

Вось так, прымітыўна і спрошчана да немажлівасці, можна пераказаць Платонаў «Міф пра пячору»: пакуль ты сядзіш у цемры, прастора тваёй пячоры для цябе бяспечная і зразумелая, тут правілы гульні ўстанаўліваеш ты сам — і кантралюеш іх таксама ты. У сваёй пячоры ты і бог, і цар, і няважна, што насамрэч гэта можа быць стаянка абарыгенаў. Але варта толькі знешняму свету ўварвацца ў гэтую прастору — і вось спакой ужо парушаны. Новыя веды, вобразы, думкі, іншыя погляды на рэчы і на цябе самога прыносяць пагрозу ў твой стабільны свет.


Глядзіце таксама

Прыкладна так працуе культура. Кожны новы віток яе развіцця чалавецтвам перажываецца балюча, перамены часта ўспрымаюцца насцярожана, агрэсіўна, а часам нават і вельмі ваяўніча, вымагаюць ахвяр, але ў рэшце рэшт замацоўваюцца ў свядомасці людзей — да новага этапу, да новага вітку.

Нягледзячы на сваю маштабнасць (а пад культурай разумеецца не толькі мастацтва, але і агулам усё, што здабыло і вынайшла чалавецтва за час свайго існавання: ад прыладаў працы да катэхізіса і інструкцыі па выкарыстанні робата-пыласмока), культура — вельмі крохкая з'ява. У адзін час яна ўвасабляе сабою прагрэс, будучыню, усё найлепшае, што ёсць у чалавеку, а ў другі — ужо становіцца інструментам зла, які адкочвае цывілізацыю назад, на дзясяткі, а то і сотні гадоў у мінулае. 

Такі ж тонкі, як слой пылу, налёт культуры вельмі лёгка прыбіраецца ўсім, што ўздзейнічае на нашы інстынкты, прымушае баяцца ценяў на сценах пячоры, распускае плёткі пра атруту ў сонечным святле і шкоду агню і любымі сродкамі прымушае нас вяртацца туды, адкуль мы прыйшлі, — у пячору. Дастаткова толькі мэтанакіравана, не спыняючыся, па кроплі «капаць на мозг» — і патрэбны наратыў будзе засвоены, а тое, што яшчэ ўчора было зручнай прыладай для апрацоўкі зямлі, заўтра стане прыладай для забойства.

Не праца зрабіла з малпы чалавека, а менавіта той самы няўлоўны, тонкі слой стрымліванняў і проціваг, які ўтвараецца і назапашваецца па меры таго, як індывід праходзіць сваю лесвіцу эвалюцыі.


Глядзіце таксама

Культура — той самы «яблык разладу», дзякуючы якому персанальны рай (ці персанальнае пекла?), дзе можна хадзіць дурным і п'яным, перастае быць дасяжным. Пачынаючы ад біблейскіх запаветаў і заканчваючы сучаснымі канстытуцыямі, чалавек разумны ўстанаўлівае сабе правілы, паводле якіх ён будзе жыць. Этыкет, дрэс-код, Крымінальны кодэкс — усё гэта пра тое, што мы больш не можам хадзіць аголенымі, спаць пад дрэвамі і забіваць сабе падобных.

І таму часы, у якія гэтыя правілы не дзейнічаюць, вельмі лёгка назваць бескультурнымі, сярэднявечнымі, дагістарычнымі. Аўстралійская пісьменніца і даследчыца гісторыі Марціні Фішэр у адной са сваіх прац піша пра тое, як грэбаванне культурай у спалучэнні з эканамічным заняпадам робіць людзей вельмі прыдатнымі мішэнямі для вайны — прычым як ахвярамі, так і забойцамі. Паводле яе, выяўленчае мастацтва, літаратура, жывапіс — усё тое, што з'яўляецца духоўнай спадчынай чалавецтва, — ёсць люстэркам палітыкі і грамадства. Дзяржава, якая грэбуе культурай, непазбежна будзе дэградаваць і ў рэшце рэшт скоціцца да стану вайны — з іншай дзяржавай або з уласным народам.


Глядзіце таксама

Культура — самая дзейсная і эфектыўная прышчэпка ад дыктатуры і гвалту. Недарэмна першымі на несправядлівасць заўсёды адгукаюцца творчыя людзі, мысляры і філосафы, мастакі і пісьменнікі, якім важна захаваць у чалавеку чалавека. Нябачны барометр ціску спрацоўвае амаль імгненна — і ў адказ на любое прыцясненне і таптанне правоў чалавека тут жа з'яўляюцца рэчы, якімі потым будзе ганарыцца і захапляцца не адно пакаленне, будзь тое раманы Рэмарка ці прамовы Марціна Лютэра Кінга, фотаздымкі Маргарэт Бурк-Уайт ці песні Боба Дылана.

31 траўня названа Міжнародным днём культуры, і гэты дзень, як і культура ў цэлым, заўсёды праходзіць незаўважаным. А між тым, гэта важныя рэчы, з якіх мы пачынаемся як людзі — з таго, што складае нас як асоб і яднае ў чалавецтва. Гэта тое, пра што варта гаварыць кожны дзень — асабліва калі нас вяртаюць у цемру, як гэта адбываецца сёння, калі ўсяму чалавечаму ў чалавеку кінуты выклік. Што пераможа — асабіста ў мяне сумневаў няма: немагчыма спыніць рух часу, прагрэс, развіццё. Але гэтая затрымка на шляху да лепшага жыцця абыдзецца нам вельмі дорага.