Асобная думка. Культура — вораг, якога трэба знішчыць
Краінай кіруюць гопнікі, для якіх не існуе аніякай культуры і існаваць не павінна.
Быць культурнымі нас вучаць з дзяцінства: мамы, якія шыпяць на сваіх дзетак «не паводзься так, гэта некультурна», настаўнікі ў школах, выкладчыкі ўніверсітэтаў. Культура — аснова цывілізацыі, на ёй будуецца ўсё астатняе, што складае наша жыццё, і менавіта яна памірае першай, калі свет ляціць у прорву.
Дастаткова толькі ўключыць БТ і паслухаць, якімі словамі гаворыць са сваім народам цяперашняя дзяржава, паглядзець на яе жывёльны выскал, каб зразумець, што ўсе намаганні па ачалавечванні малпы рассыпаліся пылам, што там нікога не цікавяць паланэз Агінскага і палотны Суціна, вершы Багдановіча, Ружанскі палац і народныя абрады. Прымітыўнасць, да якой апусцілася прапаганда, уражвае і жахае — тым, як лёгка разбураецца чалавек.
Разбурэнне — той працэс, які ўлады вывучылі дасканала. За тры гады яны ліквідавалі пад паўтары тысячы грамадскіх арганізацый і пахавалі тым самым сферу паслуг, з якой не спраўляліся самі. Уразлівыя групы засталіся без падтрымкі, дзеці — без дадатковых магчымасцей навучання і развіцця, а грамадства — без абароны сябе і сваіх каштоўнасцей.
Цывілізаваны чалавек назваў бы гэта варварствам, а на мове тэлевізара ўсё яшчэ прасцей: краінай кіруе гапата, якая разумее толькі свае гопніцкія паняцці і сілу. Нішто іншае яе не чапляе — наадварот: гэта яна чапляецца да ўсяго, што можна разбіць, зламаць, здушыць, і гучна рагоча, калі гэта атрымліваецца.
Культура сёння — гэта вораг. Вораг, якога трэба знішчыць. Ліквідаваны незалежныя саюзы і грамадскія аб’яднанні пісьменнікаў, мастакоў, выдавецтвы, шматлікія фестывалі; кінуты за краты музыкі, журналісты, літаратары; забаронены кнігі, падчышчаны паліцы кнігарняў і бібліятэк, школьныя спісы літаратуры; звольнены і выпхнуты за межы краіны тыя, хто мог гаварыць і трапіў у поле зроку рэжыму. Забіты мастак Алесь Пушкін.
Дзяржава кожным сваім дзеяннем паказвае, што ёй «не па дарозе з цывілізаваным светам», і гэтыя дзеянні адкідаюць краіну на дзясяткі (а тое і сотні) гадоў назад. Адраджаецца дамастрой, які выдаюць за «традыцыйныя каштоўнасці», прыгонніцтва — на працоўных месцах і ва ўніверсітэтах, паўсюдна практыкуюцца «чорныя спісы» і «воўчыя білеты»: дзяржава прапануе сваім грамадзянам галоднае існаванне ўзамен на чыстае сумленне.
Так, напрыклад, здарылася з супрацоўнікамі дзяржаўнага Тэатра лялек — там сярод іншых звольнілі рэжысёра Аляксея Ляляўскага і вядучую актрысу Святлану Цімохіну, людзей рэдкага таленту, унікальных, замены якім няма і быць не можа. Як і рэжысёрцы мюзіклаў Анастасіі Грыненка — адзінай, хто ў Беларусі рабіў такія рэчы. Яе звольнілі і выціснулі з краіны.
Такі цяпер лёс амаль усіх, хто не змог застацца. Беларуская культура існуе ў выгнанні. Гэта там — у Польшчы, Літве, Грузіі, Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША — адкрываюцца выдавецтвы, ладзяцца імпрэзы, спектаклі, выставы і канцэрты. Там са сцэн гучыць усё тое, што немагчыма пачуць у Беларусі, там людзі свабодна выходзяць на вуліцы пад нацыянальнымі сцягамі і святкуюць нацыянальныя святы — святы нацыі ў выгнанні.
Беларуская культура за мяжой рэфлексуе пра сваю выгнанасць і адсутнасць апоры пад нагамі, спробы захаваць сябе і трапіць у краіну, абнесеную плотам. Боль «бяздомнасці» гучыць у песнях, вершах і прозе, чырвонымі мазкамі кладзецца на карціны, недзе ператвараючыся ў кроў збітых і забітых — напрыклад, у дакументальных стужках і тэатральных пастаноўках.
Усё гэта немагчыма цяпер уявіць сабе ў Беларусі. Тут галоўны колер — шэры, у якім паспрабуй яшчэ разбяры ўсё чорнае і белае. Шэры, такі ж незразумелы, бясформенны, як абліччы чыноўнікаў, якія падпісваюць загады на звальненне.
Усё яркае, арыгінальнае загнана ў падполле, існуе прыхавана — так, быццам не існуе наогул. Але па-ранейшаму пішуцца і кнігі, і карціны, і музыка, ладзяцца спектаклі і кватэрнікі, чытанні, маленькія выставы. Культура «партызаніць», не жадае здавацца і аддаваць сваю прастору гопнікам і пагромшчыкам. І гэта галоўны вынік, які мы маем на сёння: калі не забілі яе царскія служкі і сталінскія каты, не заб’юць і лукашэнкаўскія гестапаўцы.