Адэля Вольская выступіць замест бацькі на мінскім «Свяце незалежнасці»

Дачка Лявона Вольскага Адэля мае альбом уласных песень, але на мінскім канцэрце #БНР100 выканае хіты бацькі, які ў той жа дзень выступіць у Беластоку, паведамляе "Радыё Свабода".

6327c839_2221_4149_b7c8_ef80f44a919a_cx3_cy12_cw97_w1023_r1_s.jpg

На мінскім «Свяце незалежнасці» 25 сакавіка — мітынгу-канцэрце ў гонар 100-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі — выступіць Адэля Вольская, дачка спевака Лявона Вольскага.

Адэля Вольская выканае песні бацькі, хоць мае ўжо дзевяць запісаных уласных песень у альбоме «Усё атрымаецца». Сам бацька выступіць праз тэлемост. Ён дыстанцыйна прэзентуе новую песню.

Лявон Вольскі, які ў гэты дзень выступіць у польскім Беластоку, казаў, што хацеў бы спяваць і на канцэрце ў Мінску, але арганізатар беластоцкага канцэрту Алег Латышонак не пагадзіўся перанесці ягоны выступ нават на некалькі гадзін, бо мінскі канцэрт — «не такая вялікая падзея, каб мяняць нашы планы».

Раней музыкі гурту Akute выказаліся ў падтрымку тых, хто не зможа выступіць у Мінску — а запрашалі таксама Сяргея Міхалка (грае 25 сакавіка ў Мазыры) і Змітра Вайцюшкевіча (грае ў Варшаве). Сам гурт зайграе ўдзень у Мінску, а ўвечары — у Магілёве.

«Спадзяёмся, усе павінны ўсведамляць, што Беларусь не заканчваецца за МКАДам і жыхары іншых гарадоў таксама павінны мець магчымасць правесці 25 сакавіка ў фармаце сапраўднага свята», — пісалі Akute.

На мінскі канцэрт 25 сакавіка арганізатары плануюць сабраць да 25 тысяч чалавек. У афішы гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разбітае сэрца пацана», спевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Спеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру», бліжэй да свята будуць анансаваныя таксама іншыя выступоўцы. На плятформе Talaka.by арганізатарам мінскага канцэрту сабралі на момант публікацыі 94% неабходных сродкаў (ёсць таксама іншыя шляхі ахвяраваньняў).

Мітынгі-канцэрты 25 сакавіка ўжо таксама дазволеныя ў Брэсце (там маюць выступіць гурты :B:N:, Re1ikt і іншыя) і Гродна (туды запрасілі N.R.M., вядуць збор грошай на канцэрт), у Лідзе ўлады і мясцовыя актывісты зладзяць канцэрт у музеі, дазволаў чакаюць яшчэ ў некалькіх гарадах.

Паплечнікі палітыка Міколы Статкевіча падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на шэсьце 25 сакавіка, а сам Статкевіч казаў, што правядзе шэсце, нават калі яно не будзе санкцыянаванае ўладамі. Кіраўніцтва аргкамітэту святкавання 100-годдзя БНР адмежавалася ад ініцыятываў Статкевіча.