Абіраем фінальнага выступоўцу «Каляднага фэсту 2018»!

Якія гурты выйдуць на сцэну «Каляднага фэсту»? Музычныя эксперты агучылі свае прыхільнасці. Але фінальны выбар — за слухачамі.

kaljadny_fest_2018___halasavanne.jpg


25 снежня ў мінскім клубе “Re:Public” ужо ў 12-ы раз пройдзе “Калядны фэст”. Традыцыйна на сцэне выступяць найбольш цікавыя гурты сярэднявечнай і фолк-музыкі.

Наведвальнікаў імпрэзы сваёй творчасцю парадуюць каманды “Стары Ольса”, “Irdorath”,  “Osimira”, “Rokash” і “Znich”.

Акрамя таго, зараз ладзіцца галасаванне, па выніках якога абяруць яшчэ адзін гурт — ён таксама выйдзе на сцэну сталічнага клуба 25 снежня.

Арганізатар імпрэзы Віталь Супрановіч тлумачыць: “Ідэя зладзіць конкурс узнікла у мяне, таму што кожны год у нас пыталіся людзі, чаму на “Калядным фэсце” няма новых імёнаў. Мы вырашылі выправіць сітуацыю. Фонд “Вяртанне” згадзіўся выступіць партнёрам. У выніку пераможца атрымае магчымасць запісаць 1-2 песні і выступіць на “Калядным фэсце”.

Дарэчы, для першага этапу ні стылі, ні мова не абмяжоўвалася. Але канкрэтна абазначалася, што кірунак фэсту застаецца ранейшым,  бо ў першую чаргу “Калядны фэст” — падзея для ўсіх аматараў беларускай фальклорнай музыкі, якая, у сваю чаргу, была і застаецца візітнай карткай нашай музычнай культуры.

На другім этапе мы звярнуліся да нашых партнёраў, музыкаў, арганізатараў фэстаў, сяброў. Улічваючы іх меркаванні, адабралі 10 гуртоў, якія зараз і прадстаўленыя на галасаванне. Спрэчкі былі гарачымі.

Зразумела, што любы конкурс — рэч суб'ектыўная. Ёсць пераможцы, ёсць праіграўшыя. Але гурты мусяць быць падрыхтаванымі для змагання ў гэтым свеце. Весці свае суполкі ў сацсетках. Ставараць кола фанатаў. Быць актыўнымі, адным словам. І галоўнае — не расчароўвацца. Урэшце, усё толькі пачынаецца! Жадаю усім поспехаў”.

Што да галасавання музычных прафесіяналаў, то вынікі атрымаліся наступнымі.

Так, Ганна Пякарская, арганізатар замежнага фэсту “Басовішча”, уключыла ў шорт-ліст гурты “Kroman’”, “Fabiant”, “Адарвірог”, “Paulinn”, Kaciaryna Vadanosava & “Fantasy Orchestra”, Патрыцыя Свіціна, “Ворона” і “Incerto”. Свой выбар патлумачыла: “Для нас вельмі важная мова, таму адбіраючы гурты, вялікую ўвагу я надавала таму, на якой мове яны выступаюць, а таксама, як яны ўпісваюцца ў маё ўяўленне аб фэсце”.

Дырэктар экстрым-тэатра "Берсерк" і арганізатар шматлікіх фэстаў Аляксандр Рак падтрымаў каманды “Fabiant”, Kaciaryna Vadanosava & “Fantasy Orchestra”, “Vodar”, “Дрымон”, Патрыцыя Свіціна ды “Čas Łajna”. І зазначыў: "З большасцю гуртоў знаёмы як з удзельнікамі нашых праектаў, фэстаў. Але тых, каго пералічыў, з задавальненнем паслухаю і на іншых імпрэзах".

Абсалютным фаварытам заснавальніка фолк-фэста "Камяніца"Алега Пашака стала Патрыцыя Свіціна, а патэнцыйна перспектыўнымі падаліся “Kroman’” і “Закон Гука”: "Амаль ўсе каманды, якія я праслухаў, нагадваюць кагосьці з ужо вядомых. Але, як той казаў, шалу адважных спяваем мы песню!”

Лідар жа гурта "Палац" Алег Хаменка захаваў інтрыгу: "Конкурс “калядны”, а на Каляды хочацца пачуць чарадзейную, таямнічую, як калядоўшчыкі, яркую, як калядная зорка, музыку. Напэўна, гэтай эмоцыяй я і кіраваўся, калі вызначаўся з уласным спісам фаварытаў. Я палічыў няправільным называць сваю 10-ку публічна, таму перадаў яе наўпрост арганізатарам”.

Лідар гурта “Gods Tower ” Lesley Knife у свой спіс найлепшых уключыў гурты “Kroman’'”, “Paulinn”, Kaciaryna Vadanosava & “Fantasy Orchestra”, “John Connor”, “SemantiC SC”, “Ворона”, “Адарвірог”, “BarRokka”, “Incerto” ды Патрыцыю Свіціну.

Вядучы ж імпрэзы ды лідар гурта “Стары Ольса” Зміцер Сасноўскі ў сваім нашумелым каментарыі пазначыў: “Як чалавек, які стаяў на пачатку гэтага фэсту, задумаў яго, даў яму назву, усімі сродкамі буду адстойваць стылістыку “Каляднага фэста” — любы фолк ад архаікі да пэган-метала. Цікавая разуменне фальклору з цудоўным голасам у “Kroman’”. У “Адарвірог” перспектыў шмат, але банда, здаецца, у пошуку яшчэ свайго стылю і гучання. Мае фаварыты па ўзыходзячай: “Fabiant”, “BelaBrama”, Патрыцыя Свіціна”.

 

Але ўсё ж фінальны за выбар за слухачамі. Так, арганізатары падвялі ўжо вынікі і абралі 10 найлепшых выканаўцаў, якія працягнуць барацьбу ў публічным галасаванні.

Паслухаць кампазіцыі прэтэндэнтаў: vk.com

Падтрымаць гурт можна тут: vk.com

Галасаванне завершыцца у 22:00 панядзелка 17 снежня, а імя пераможцы назавуць 18 снежня. Менавіта ён і выступіць на “Калядным фэсце” 25 снежня у клубе “Re:Public”, а фонд “Вяртанне” прафінансуе студыйны запіс 1-2 трэкаў.