90 год з дня нараджэння Міколы Ермаловіча

Мікола Іванавіч Ермаловіч, беларускі гісторык, літаратар, аўтар навуковай канцэпцыі ўтварэння Беларускай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) нарадзіўся 90 гадоў таму, у вёсцы Малыя Навасёлкі, што на Койданаўшчыне. Нядаўна на яго малой радзіме, у памяшканні сярэдняй школы вёскі Вялікія Навасёлкі, адбылася прэзентацыя кнігі “Мікола Ермаловіч з залатой серыі “Беларускі кнігазбор.



e0eacd983971634327ae1819ea8b6214.JPG

Мікола Іванавіч Ермаловіч, беларускі гісторык, літаратар, аўтар навуковай канцэпцыі ўтварэння Беларускай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) нарадзіўся 90 гадоў таму, у вёсцы Малыя Навасёлкі, што на Койданаўшчыне. Нядаўна на яго малой радзіме, у памяшканні сярэдняй школы вёскі Вялікія Навасёлкі, адбылася прэзентацыя кнігі “Мікола Ермаловіч з залатой серыі “Беларускі кнігазбор.

(На здымку: Сямъя Ермаловічаў)
У актавай зале школы адбылася цікавая размова пра жыццёвы і творчы шлях Міколы Ермаловіча, гучалі напісаныя ім вершы. Гісторык Анатоль Валахановіч расказаў прысутным пра сваё знаёмства з Міколам Ермаловічам, якія цяжкасці давялося пераадолець, каб выдаць першую кнігу М. Ермаловіча “Па слядах аднаго міфа. У гутарцы прынялі ўдзел гісторык, археолаг, бард Пятро Русаў, дырэктар Дзяржынскай раённай бібліятэкі Валянціна Клімовіч, дырэктар школы Святлана Ганчар і загадчык школьнага краязнаўчага музея Вячаслаў Кавалеўскі. На прэзентацыі прагучала, што вуліца ў в. Малыя Навасёлкі, дзе нарадзіўся Мікола Ермаловіч і два яго вядомыя на Беларусі браты Леанід і Валянцін, носіць назву “ Ленінская, і мясцовай грамадскасці даўно надышоў час узняць пытанне аб перайменаванні яе ў вуліцу братоў Ермаловічаў, а школе надаць імя Міколы Ермаловіча.
Праз два тыдні прэзентацыя кнігі адбылася і ў Дзяржынску, у Цэнтральнай раённай бібліятэкі. На сустрэчу з чытачамі горада і раёна прыехалі з Мінска галоўны рэдактар “Беларускага кнігазбору ўкладальнік і аўтар каментарыяў кнігі, кандыдат гістарычных навук пісьменнік Кастусь Цвірка, паэт Міхась Скобла, гісторык, генеолаг, краязнаўца, журналіст Леанід Акаловіч, Анатоль Валахановіч і Пятро Русаў.
Усе гэтыя людзі добра ведалі Міколу Ермаловіча пры яго жыцці, і іхнія ўспаміны аб нашым выдатным суайчынніку ўспрымаліся з вялікай увагай. Міхась Скобла і іншыя выступоўцы адзначылі, што Мікола Ермаловіч, не меўшы ні вучоных ступеняў, ні званняў, амаль невідушчы, зрабіў відушчым свой беларускі народ. У сваіх кнігах “Па слядах аднаго міфа, “Старажытная Беларусь ён ўпершыню грунтоўна даказаў, што ВКЛ было магутнай беларускай дзяржавай са сваім беларускім пісьменствам, з высокай культурай, гэта была дзяржава, якую паважалі і з якой лічыліся і ўсходнія і заходнія суседзі. Уся знаць Вялікага княства Літоўскага размаўляла ў той час тагачаснай беларускай літаратурнай мовай.

У чарзе да Кастуся Цвіркі, каб набыць кнігу з аўтографам


Мікола Ермаловіч, узнавіўшы праўду пра нашу старажытную дзяржаву, як бы праклаў шлях усім нам не толькі ў мінулае, але і ў будучыню. Бо толькі стоячы на грунце самастойнасці і самапавагі, мы зможам самазахавацца як нацыя і дзяржава. Анатоль Валахановіч адзначыў, што ў Маладзечна і Старых Дарогах ўстаноўлены помнікі Міколу Ермаловічу. На жаль, на яго малой радзіме нішто не нагадвае пра тое, што ён тут нарадзіўся і вырас.
Да ўвагі ўдзельнікаў прэзентацыі была прадстаўлена выстава з фондаў Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі “Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Яе матэрыялы прэзентавала галоўны бібліёграф бібліятэкі, паэтка Вольга Жыбурт.
Напрыканцы цікавай сустрэчы дырэктар бібліятэкі Валянціна Клімовіч падзякавала гасцям і шматлікім кнігалюбам, удзельнікам сустрэчы за цікава праведзенае культурнае мерапрыемства, прагучала прапанова аб наданні бібліятэцы імя выдатнага земляка, суайчынніка Міколы Ермаловіча. Жадаючыя змаглі набыць кнігу “Мікола Ермаловіч з аўтографам Кастуся Цвіркі. Прадмову да кнігі напісаў выдатны гісторык Анатоль Грыцкевіч. Амаль палову кніга займае праца М. Ермаловіча “Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае, змешчаны таксама гутаркі і вершы, крытыка, публіцыстыка, лісты М. Ермаловіча, якія не друкаваліся раней.