25 гадоў грыміць у Беларусі “Грымата”
Сваё 25-годдзе народны ансамбль народнай музыкі і песні “Грымата” Слонімскага РДК, якім кіруе Валянціна Шаронава, адзначыў вялікай канцэртнай праграмай.
![p5300176.jpg p5300176.jpg](/img/v1/news/full/p5300176.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ансамбль вядомы не толькі на Слонімшчыне, але і па-за яе межамі. Ён з’яўляецца лаўрэатам і пераможцам шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, фестываляў і святаў. Народны ансамбль з поспехам выступаў у Малдове, Літве, Польшчы, Расіі. Асабліва штогод слонімскі калектыў шчыра вітаюць на Беласточчыне. У юбілейны вечар кіраўнік “Грыматы” Валянціна Шаронава адказала на некалькі пытанняў нашага карэспандэнта.
![p5300218.jpg p5300218.jpg](/img/v1/userfiles/images/p5300218.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Спадарыня Валянціна, ваш калектыў спявае песні толькі на роднай мове?
— Так. Мы спяваем толькі беларускія народныя песні, патрыятычныя беларускія і сучасныя песні на роднай мове. Многія песні суправаджаюцца танцавальнымі нумарамі. Нас цяпер 17 чалавек, а было ўсяго дзевяць. Абнаўляецца калектыў, уводзяцца новыя інструменты, мяняецца рэпертуар, але стараемся трымаць высокі прафесійны ўзровень, творчы пошук і высокае выканаўчае майстэрства.
![p5300237.jpg p5300237.jpg](/img/v1/userfiles/images/p5300237.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Што сабой уяўляюць сёння сольныя канцэрт “Грыматы”?
— Нашы сольныя канцэрты могуць працягвацца 1,5–2 гадзіны — усё залежыць ад гледачоў і слухачоў. Спявачкі “Грыматы” Ірына Бурсевіч і Ала Баравік часта
выступаюць як салісты. Але ўсё ў калектыве ўзаемазвязана. У нас выступленні строга па праграме, у комплексе, паводле належнага сцэнарыя. Дарэчы, многія песні суправаджаюцца танцавальнымі
нумарамі.
— А ці ёсць у “Грыматы” свае хіты, якія найбольш цешаць людзей?
— Вядома ж! Гэта новы хіт сезона — “Купальская песня” на музыку Захлеўнага. Таксама ўсім падабаецца песня “У сенях, сенях...”. Людзі ўжо шмат
гадоў з асобым настроем слухаюць нашу славутую “Шыпшыну” і песню “Ой у лузе, пры даліне”. І вельмі добрая новая народная песня “Як пайду я к
кавалю”, якую адразу палюбілі слухачы.
![p5300198.jpg p5300198.jpg](/img/v1/userfiles/images/p5300198.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Ці можна песні “Грыматы” паслухаць на дысках?
— Мы ўжо маем тры дыскі песень. Сярод іх — вельмі арыгінальныя прыпеўкі, якія самі напісалі. Яны адлюстроўваюць характар кожнага ўдзельніка ансамбля. Новы дыск мяркуем выдаць у
гэтым годзе, і ён будзе мець назву “Купальскія зоры”. Будзе на ім шмат лірычных, народных і аўтарскіх песень.
Фота аўтара