21 лютага ў Мінску — Алесь Дзянісаў з сольнай праграмай «Кароткая гісторыя Беларусі»
Вакаліст гарадзенскіх гуртоў «Кальян», «Людзі на балоце» і Dzieciuki Алесь Дзянісаў прыедзе ў Мінск 21 лютага, каб прадставіць сольную праграму «Кароткая гісторыя Беларусі», напісаную на вершы Алеся Чобата.
Праграма на вершы паэта з мястэчка Скідаль стваралася першапачаткова гуртом «Людзі на балоце», але ў выніку Алесь Дзянісаў вырашыў прадставіць яе ў сольнай якасці, пад адну
гітару. Каб зрабіць акцэнт менавіта на словы ды не згубіць сэнс у тлуме інструментаў. «Алесь Чобат — геніяльны творца. Я не сустракаў паэта, які стварае настолькі моцныя
вобразы. Кожная дробязь — не проста так, — кажа Алесь. — Уражвае, як ён проста фантастычна абірае штосці важнае ў нейкай гістарычнай падзеі і
менавіта гэта падкрэслівае, нібыта выцягвае са стогу саломы іголку».
Праграма на вершы Алеся Чобата завецца «Кароткая гісторыя Беларусі». На адну з песень на яе — «Турма» — нядаўна быў зняты
кліп, у здымках якога паўдзельнічаў і сам паэт.
Канцэрт Дзянісава пройдзе ў клубе «Графіці» 21 лютага ў 20.30. Алесь на яго прыедзе адразу пасля выступу гурта Dzieciuki у Белдзяржфілармоніі на 80-годдзі Сяргея Картэса. Ён
будзе складацца з двух частак. У першай музыка прэзентуе новую праграму, у другой — праспявае некалькі невядомых кампазіцый, якія нідзе дагэтуль не гучалі. А для большай душэўнасці
па заяўках гледачоў зайграе і песні гуртоў, у якіх бярэ ўдзел. Квіткі на вечарыну будуць каштаваць сімвалічна — 60 000 руб. (у папярэднім продажы).
tuzin.fm