«Жыць у вёсцы пенсіянерам добра, але нельга»

Мы ўжо пісалі пра слуцкую банду і небяспечнасць жыцця вясковых пенсіянераў. Асабліва ўзімку.

img_20200130_135942_logo.jpg


Ахвярамі беспрацоўных п’яніц сталі сталыя людзі, якія ўступалі ў гандлёвыя зносіны з імі — куплялі збожжа, салярку. Здавалася, засталося толькі папярэдзіць іншых вяскоўцаў: «Не адчыняйце дзверы, не купляйце нічога крадзенага ў прапойцаў, хай сабе гэтыя рэчы будуць для вас таннейшыя, чым у крамах», і ўсё будзе добра. Аднак больш бяспечным ад такога папярэджання вясковае жыццё, на жаль, не стане. Як засведчыла жонка Віталя Мяцяжа (сястра Віктара Скрундзіка, галоўнага абвінвачваемага ў забойствах і жонка яго падзельніка), муж ёй прызнаўся, што пенсіянер Уладзімір Гаркавы ўсе дзверы ім не адчыніў, і яны іх выбілі.
Жыхарка вёскі Сухоўчыцы Капыльскага раёна Соф’я Віктараўна Марцэля да замаху на сваё жыццё з боку Скрундзіка ніколі яго не бачыла, пра яго ніколі не чула, у яго нічога не набывала. І ўчастковы міліцыянер, і старшыня мясцовага сельвыканкама дзівіліся, чаму за пошукамі самагону той накіраваўся да гэтай бабулькі.
— Яна ціха сабе жыла, ніколі нікому нічога не прадавала. Сціплая, добрая бабулька, — амаль слова ў слова гаварылі гэтыя прадстаўнікі дзяржавы ў судзе.

img_20200130_135858_logo.jpg


Сама Соф’я Віктараўна ведае, чаму Скрундзік прыйшоў менавіта да яе:
Зацягнуўшы мяне ў пограб, сказаў, што мне будзе, як Шугалею (79-гадовы Міхаіл Шугалеў згарэў у сваёй хаце ў гэтай жа вёсцы 14 студзеня мінулага году — аўт.), што мая хата крайняя, вецер у бок могілак, у вёсцы не будзе чутно дыму, — дала свае паказанні ў судзе старэнькая жанчына.
Бабулька распавяла, што ад перажытага стрэсу не можа хадзіць без двух падпорак, баіцца жыць у сваёй хаце, прыслухоўваецца нават да шораху ветру. Добра не дачувае, калі пачула груканне ў шыбу і нейкі голас, падумала, што прыехаў унук на адведкі. Адчыніла дзверы, і прайшла праз фільм жахаў:
Адчыніла дзверы, і хтосьці скокнуў да мяне з цемры, сціснуў за шыю і павалок у хату. Пасля ўвесь час трымаў за руку, бесперапынна біў мяне — нанёс некалькі удараў па патыліцы і не менш за 20 удараў па грудзях, добра, што на мне быў кажушок. Патрабаваў у мяне самагонкі, грошай. У мяне яе не было. Дала трохлітровую банку соку, думаў, што самагонка, адчыніў зубамі, выплюнуў. Дастала 30 рублёў: «На, сыночак, але пакінь мяне жывой» — «Што мне твае 30 рублёў, мне тысяча патрэбна». Зняў тэлевізар, вазіўся з кабелем. Думала, што гэтым кабелем мяне ўжо і задушыць.
Выратаваў бабулю яшчэ адзін выпівоха — той, што прывёз у гэтую вёску Скрундзіка. Са справы вынікае, што той сапраўды прывёз Скрундзіка, каб толькі купіць гарэлку. Чакаў разбойніка на вуліцы. Згледзеўшы мітусню з тэлевізарам, ён кінуўся ў бойку са Скрундзікам. Ні жывая, ні мёртвая старая жанчына скарыстала гэты момант і пабегла да суседзяў, а тыя ўжо вызвалі міліцыю, якая праз некаторы час арыштавала п’янага Скрундзіка ў доме гаспадара каня.
Ці збіраўся Скрундзік забіць яе, ці пакінуў бы жыць, цяпер невядома. Ужо ведаючы жудасную гісторыю з жыхаром гэтай жа вёскі Шугалеем, бабулька лічыць, што яна была б непатрэбнай Скрундзіку ў якасці жывой сведкі. Яе жахлівая гісторыя скончылася шчасліва для яе, але яе дачка Ганна Барысенка так не лічыць.
— Гэта для яе такі стрэс, што наўрад ці яна аправіцца да канца жыцця, — распавяла Ганна Сяргееўна. — Да гэтага выпадку мама, нягледзячы на 84 гады, магла нават самастойна ўпраўляцца на сваёй невялічкай гаспадарцы. Мы толькі дапамагалі. Я апошні год ужо жыла з ёю, але на тыя дні якраз з’ехала. Зараз жа дапамога патрэбна ўжо ёй самой, бо ў мамы фактычна адняліся ногі, яна абапіраецца на 2 мыліцы. Мая мама — дзіця вайны. Ва ўзросце 7 гадоў перажыла вялікі страх — была сведкам, як немцы з паліцаямі палілі вёску Лядна ў Слуцкім раёне, у якой яна жыла. І тое, што гэты бандыт паабяцаў яе спаліць, дадаткова вызвала жахлівыя ўспаміны пра палаючую вёску і енкі людзей. Не можа спаць, жыве на леках.

Соф'я Марцэля пасля дачы паказанняў. Каб дайсці да месца знерваванай жанчыне спатрэбілася дапамога міліцыянтаў 

Соф'я Марцэля пасля дачы паказанняў. Каб дайсці да месца знерваванай жанчыне спатрэбілася дапамога міліцыянтаў 

Дачка пацярпелай лічыць, што ў параўнанні з тымі гадамі ваеннага і пасляваеннага ліхалецця пенсіянерам у сучаснай вёсцы жыць стала лепей.
— Прыязджае аўталаўка, пенсію прыносяць дадому, да многіх старых прыязджаюць дзеці, самотным людзям аказваюць дапамогу сацыяльныя службы. Жыць у вёсцы пенсіянерам добра, але нельга, бо можна загінуць ад рук вось такіх бандытаў, — робіць сваю выснову пра абставіны жыцця ў вёсцы Ганна Сяргееўна.
Па яе словах, у гэтым годзе на зіму вёска Сухоўчыцы поўнасцю апусцела, з’ехалі нават тыя, хто не збіраўся з’язджаць. Нягледзячы на цёплую зіму — з-за страху.
Што трэба рабіць, каб жыхары вёсак не баяліся? Чытачы газеты даслалі свае парады, яны адрасаваны як сялянам, так і аддзелам унутраных спраў. Спіс даволі ўнушальны, але яго можна і прадоўжыць. Людзі лічаць, што трэба:    1. Рабіць штодзённыя рэйды міліцыі па сельскіх саветах.    2. Сур’ёзна правяраць былых асуджаных, беспрацоўных.    3. Наладзіць ананімную агентурную працу.    4. Заклікаць людзей не купляць з рук беспрацоўных п’яніц паліва, зярно і іншыя рэчы, не ўступаць з імі ні ў якія зносіны.    5. На тых, хто пад наглядам, апрануць адмысловыя бранзалеты, па якіх можна кантраляваць месцазнаходжанне.    6. У кожнага экіпажа ДАІ ёсць планшэт з базай даных кіроўцаў. Варта стварыць базу даных усіх беспрацоўных п’яніц і выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі ў прафілактычнай працы.    7. Больш адказна ставіцца да скаргаў вяскоўцаў і сямейнікаў на неналежныя паводзіны грамадзян.    8. Распрацаваць Памятку для насельніцтва па бяспецы іх пражывання.    9. Пры выканкамах сельскіх саветаў стварыць брыгады для аказання паслуг ўладальнікам падвор’яў па меры неабходнасці.    10. Прыняць Закон аб хатнім гвалце.
Што тычыцца апошняга пункта аб хатнім гвалце, у судзе высветлілася, што, перш чым душыць і паліць вяскоўцаў, Віктар Скрундзік добра напрактыкаваўся ў якасці гвалтаўніка ва ўласнай сям’і. І там былі няпростыя сваркі і разборкі: ганяў і ледзь не задушыў бабулю, якая яго вырасціла, спрабаваў падпаліць яе хату, пагражаў сястры, былі «цёмныя гісторыі» і з іншымі сямейнікамі.