«Яму ўсё сыходзіла з рук, а міліцыя нічога не рабіла»
Справа слуцкай банды паказала, наколькі небяспечным можа быць жыццё сельскіх жыхароў.
На выязным пасяджэнні Мінскага абласнога суда 29 студзеня прадоўжыўся разгляд справы аб забойстве 79-гадовага і 94-гадовага пенсіянераў і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны. Трое абвінавачаных у забойствах падчас працэсу сядзяць у клетцы. Па версіі следства, год таму яны спачатку задушылі старых людзей, а пасля спалілі ў іх жа дамах.
29 студзеня свае паказанні даваў адзін з фігурантаў справы аб забойстве 21 студзеня былога года Віталь Мяцяж. Былы трактарыст заявіў у судзе, што адмаўляецца ад многіх сваіх паказанняў падчас следства, бо агаварыў сябе пад уплывам Віктара Скрундзіка, а таксама падпісаў тое, што напісаў следчы, не чытаючы. Распавёў, што нібыта Віктар Скрундзік папрасіў яго прызнацца ў тым, што 21 студзеня 2019 года задушыў пенсіянера Уладзіміра Гаркавага пасля таго, як яны абрабавалі яго.
Разводзіць дзеда на грошы выпівохі пачалі яшчэ ўдзень 21 студзеня 2019 года, калі прадалі даверліваму чалавеку за 28 рублёў дзве каністры вады замест саляркі. Добра напіліся гарэлкі, пасля ўвечар рушылі за дабаўкай. Добразычлівы і даверлівы дзед упусціў іх у хату. І гэта каштавала яму жыцця.
Ступень віны Мяцяжа ў забойстве пенсіянера вырашыць суд, але нават калі ён не забіваў чалавека, усё роўна страшна было слухаць прызнанні ў судзе:
«Мы не збіраліся забіваць. Хацелі толькі адабраць грошы. А ён спачатку не хацеў аддаваць».«Пасля таго, як дзеда пабілі, адабралі грошы, гарэлку і віно Скрундзік сказаў, што трэба пазбавіцца ад сведкі, і ў яго ёсць вопыт».«Скрундзік папрасіў у мяне рэмень са штаноў. Я яму даў. Спачатку ён душыў рэмнем, а пасля кабелем. Я стаяў і глядзеў, як ён душыў».«Пасля, калі я праходзіў побач з дзедам, мне падалося, што ён яшчэ жывы. Быццам падымалася грудная клетка».«Скрундзік пайшоў на кухню, перарэзаў нажом шланг, я пачуў шыпенне газу і стук балона аб пол».«На верандзе ўзяў бензакасу. Неспадзявана адчыніў бензабак, неспадзявана праліў бензін на пол…»
Сваімі ахвярамі абвінавачаныя ў забойстве выбралі адзінокіх людзей, якія пражывалі ў вёсцы Ульянаўка Слуцкага раёна і вёсцы Сухоўчыцы Капыльскага раёна.
Насамрэч, тыя людзі не былі самотнымі. У іх ёсць дзеці і ўнукі, якія часта наведвалі сваіх старых, дапамагалі ім падтрымліваць парадак у хаце, на ўчастку і двары. Нягледзячы на тое, што забітыя Міхаіл Шугалей і Уладзімір Гаркавы ўжо размянялі восьмы і дзясяты дзясятак, яны самі сябе абслугоўвалі і жылі поўным жыццём, наколькі гэта магчыма для такога сталага ўзросту. Шугалей трымаў курэй, Гаркавы займаўся пчалярствам. Уладзімір Макаравіч Гаркавы ў гэтым годдзе разам з іншымі ветэранамі вайны мог бы адзначыць 75-годдзе Дня Перамогі.
У гады вайны ён быў сувязістам, фарсіраваў Віслу. Быў цяжка паранены, дэмабілізаваны ў 1947 годзе інвалідам другой групы. Меў медалі «За адвагу», іншыя медалі, «Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга» за мірную працу. Суседзі кажуць, што гэты чалавек быў узорам для іншых. Ён не піў, не паліў, быў цудоўным сем’янінам, добрым дзедам і прадзедам сваім унукам.
— У яго ніколі не было ворагаў, бо быў надта мяккім чалавекам, — гаворыць Святлана Курмашова, якая таксама жыве ў вёсцы Ульянаўка. — Некалі, як працаваў начальнікам участка, дык ніхто з рабочых не пачуў ад яго дрэннага слова. Умеў знаходзіць агульную мову, і яго паважалі. Застаўся без жонкі 15 гадоў таму, а парадак падтрымліваў як у хаце, так і ў агародзе. Меў трактар, пчол. Дзеці хацелі забраць яго на зіму ў Мінск, дык ён не згадзіўся. Казаў мне: «Дзеці і ўнукі ў мяне добрыя, але што мне рабіць у тым Мінску? Вось выйду на сваю вуліцу, пабачу сваіх знаёмых, паразмаўляю з імі, адразу настрой падымаецца. Неяк дома, у роднай хаце, старому чалавеку жывецца весялей».
— Хату ён сам пабудаваў пасля вайны, сваімі рукамі. У гэтай хаце яго і спалілі, нібы ў Асвенцыме, — са слязамі на вачах узгадвае жанчына.
Святлана Курмашова кажа, што з восені 2018 года пасля вяртання з турмы, дзе сядзеў за крадзеж, Скрундзік не раз рабіў свае рабаўніцкія паходы на хаты ў розных вёсках, але людзі настолькі яго баяліся, што не пісалі заявы ў міліцыю.
— Яму ўсё сыходзіла з рук, а міліцыя нічога не рабіла, каб яго спыніць. А спыніць яго трэба было яшчэ ў юнацтве, — кажа жанчына.
Сын Міхаіла Шугалея таксама распавёў, што бацьку ўжо не раз тэрарызавалі падвыпіўшыя кампаньёны Скрундзіка, але бацька яму не прызнаваўся, і ён пра гэта даведаўся толькі пасля смерці.
Жыхары вёскі кажуць, што ў дзяцінстве Віктара Скрундзіка многія шкадавалі, бо ён не атрымаў аніякага чалавечнага выхавання. Бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў, выхоўвалі бабуля з дзедам, якія мала пра яго клапаціліся. Грошай у іх хапала, бо дзяржава нядрэнна аплачвала апякунства.
Па словах адной жыхаркі, калі Скрундзік падрос і часова працаваў на ферме, для яго было забавай заганяць нож у сцёгны каровам.
Святлана Курмашова кажа, што ў вёсках жыве шмат беспрацоўных п’яніц, якія выжываюць за кошт крадзяжоў. Яны ёсць у Лядна, у Славінску, ва Ульянаўцы, у Сухоўчыцах і іншых. Самотным сталым людзям становіцца жыць усё больш небяспечна. Жанчына лічыць, што ўсе асацыяльныя элементы павінны быць на сур’ёзным уліку ў міліцыі.
— У аддзелах унутраных спраў ёсць такая функцыя, як прафілактыка правапарушэнняў. Калі б такая прафілактыка спрацоўвала, то не было б такіх страшных спраў. Прынялі Закон аб дармаедах, дык хай дзяржаўныя службы адсочваюць сапраўдных дармаедаў, якія нідзе не працуюць і жывуць за кошт разбойных нападаў на людзей, якія адпрацавалі сваё жыццё і маюць права на бяспеку — нават у вёсках, — выказвае сваю думку жанчына.