«Зрыванне масак» і барацьба супраць дэперсаналізацыі
Эфект персаналізацыі настолькі ж моцны, наколькі моцныя негатыўныя змены карнікаў ад дэперсаналізацыі.
Апошнія тыдні беларусы вядуць актыўную барацьбу супраць дэперсаналізацыі катаў, якія хаваюцца пад балаклавамі і намагаюцца пабароць уласны страх за будучыя наступствы і пакаранні сваіх злачынстваў.
Падчас акцый зрываюцца маскі, у тэлеграм-каналах публікуюцца базы з персанальнымі дадзенымі супрацоўнікаў рэпрэсіўных органаў, створаная адмысловая мапа (якая дазваляе паглядзець, ці жывуць супрацоўнікі побач з вамі), распрацаваная адмысловая праграма, якая дазваляе ідэнтыфікаваць нават асобу ў балаклаве.
Адносна эфектыўнасці такіх мер вядуцца дыскусіі: ці мае гэта практычнае значэнне, ці могуць гэтыя меры прывесці да звальненняў або хаця б да змены дзеянняў карнікаў, а не ёсць толькі фіксаваннем вінаватасці канкрэтнай персоны. Так, пэўна, практычны эфект ёсць, прынамсі згодна з паведамленнямі фондаў, да якіх па дапамогу звярнуліся сілавікі, што паабяцалі звольніцца. Варта таксама звярнуцца да напрацовак сацыяльнай псіхалогіі і эксперыментаў, датычных дэперсаналізацыі і механізмаў персаналізацыі. Але прапаную зрабіць гэта з трошкі нечаканага боку.
Калі кажуць пра дэперсаналізацыю, адным з найбольш вядомых прыкладаў з’яўляецца сапраўдная гісторыя забойства 30-гадовай жанчыны ў Нью-Ёрку ў 1964 годзе. Усё адбывалася працяглы час і публічна. Паўгадзіны забойца з нажом раз-пораз нападаў на жанчыну, а яна спрабавала ўцячы і гучна клікала на дапамогу. Сведкамі забойства былі 38 чалавек, але ніводзін з іх не толькі не дапамог, але нават не патэлефанаваў у паліцыю. Гэтае здарэнне змусіла навукоўцаў задацца пытаннем пра ананімнасць і дэперсаналізацыю, якія не толькі спрыяюць дрэнным учынкам, але і замінаюць добрым.
Даследчыкі прыйшлі да высновы, што павелічэнне колькасці людзей цягне за сабой большую дэперсаналізацыю і, адпаведна, меншую імавернасць добрага ўчынку. Так, у 1980-х гадах быў праведзены эксперымент (таксама ў Нью-Ёрку), у межах якога ў чалавека на вуліцы нібыта адбываўся прыпадак эпілепсіі. Дык вось, ён атрымліваў дапамогу ў 85%, калі яму трапляўся адзін мінак, і толькі ў 31%, калі сведкам станавілася не адна асоба, а некалькі.
Трошкі раней быў праведзены эксперымент з іншымі акцэнтамі. На нью-ёркскім гарадскім пляжы даследчыкі зладзілі інсцэніроўку крадзяжу. Адзін удзельнік эксперыменту клаў побач з іншай асобай свой пляжны кілімчык, а перш чым ісці плаваць ці гуляць, пакідаў са сваімі рэчамі навідавоку маленькі радыёпрымач. Неўзабаве іншы ўдзельнік эксперыменту, граючы ролю грабежніка, спрабаваў скрасці радыёпрымач і збегчы. У такіх умовах толькі 4 чалавекі з 20 спрабавалі нешта зрабіць. Але варта было трошкі змяніць умовы і персаналізаваць просьбу, папрасіць канкрэтную асобу «прыгледзець за рэчамі», як гэты паказчык узрос да 19 чалавек з 20.
Даследчыкі кажуць, што калі вы аказаліся ў грамадскім месцы і вам патрэбная дапамога, трэба абавязкова праводзіць персаналізацыю, звяртацца да канкрэтнай асобы (напрыклад акрэсліць, паказаць пальцам, удакладніць «мужчына ў чырвонай майцы» ці «жанчына з жоўтым капелюшом»).
А цяпер вернемся да нашай тэмы. Чаму быў абраны такі нестандартны падыход да персаналізацыі супрацоўнікаў у балаклавах? Усё проста. Уявіце, як моцна мяняе асобу дэперсаналізацыя, што размывае чалавечую ці маральную адказнасць (і гуманістычныя ці рэлігійныя каштоўнасці), замінае свабоднаму чалавеку добраахвотна зрабіць дабро.
А цяпер уявіце, да якой ступені дэперсаналізацыя мяняе «ананімнасць» карніка, які не толькі хаваецца за маскай, уласныя дзеянні апраўдвае загадам, мае індульгенцыю на любыя беззаконныя дзеянні, але яшчэ і атрымлівае мноства «плюшак» накшталт уласнага самасцвярджэння, кампенсацыі маральнай імпатэнцыі, адчування дамінавання і велізарнага заробку з дадатковымі прэміямі ды ўзнагародамі.
З фізікі вядома, што сілы дзеяння і супрацьдзеяння роўныя. Гэтаксама эфект персаналізацыі настолькі ж моцны, наколькі моцныя негатыўныя змены карнікаў ад дэперсаналізацыі. То адказ відавочны. Так, зрыванне масак, ідэнтыфікацыя катаў, у якой бы форме яна ні адбывалася, надзвычай моцна б’юць па злачынцах, маюць надзвычай магутны эфект і наступствы.
Кірыл Стаселька, budzma.by