Зміцер Бартосік: «Гэта была не рэвалюцыя, гэта было знаёмства з рэальнасцю»
Зміцер Бартосік разважае пра драматычныя падзеі пасля выбараў: «У жніўні 2020 года адбылася і не рэвалюцыя, і не паўстанне. Гэта ацверазенне... Гэта было знаёмства. Знаёмства паміж сабою, са сваёй краінаю. Знаёмства з рэальнасцю, дзе ты жывёш. Знаёмства з рэжымам, дзе ты жывёш. Гэта было вяртанне з цудоўных ілюзій, дзе ёсць модныя клубы, дзе ёсць інтэлектуальныя прасторы, дзе ёсць вуліца Зыбіцкая. Вяртанне ў рэальнасць. Ці, скажам, сутыкненне з рэальнасцю. Людзі ўяўлялі жыццё па-свойму, а ўлада — зусім інакш».
Бард, пісьменнік, аўтар радыёпраграм і падкастаў, унук адэскага паляка, сын расійскіх тэатралаў, народжаны на Волзе, гадаваны ў Паўночным Казахстане і зрослы ў Гомелі, Зміцер Бартосік — адна з яркіх асоб беларускага культурніцкага адраджэння 1990-х. Першая кніга — «Чорны пісталет» — сабрала пад адной вокладкай кароткія апавяданні, асновай для якіх сталі рэальныя гісторыі з жыцця аўтара. Другая кніга — «Быў у пана верабейка гаварушчы...» — выйшла ў серыі «Бібліятэка "Радыё “Св*бода"». Яе прызнала найлепшай кнігай за 2016 год журы Літаратурнай прэміі імя Гедройця. Паводле твора «Свабодны тэатр» паставіў спектакль, які атрымаў самыя прыязныя водгукі публікі і крытыкаў, піша artists.byculture.org.
Бартосік — сталы аўтар беларускай службы «Свабоды» з 1997 года, дзе працяглы час пісаў эсэ для праграмы «Вострая брама». Паводле тэкстаў Змітра для рубрыкі «Забытыя адрасы» ў межах праекта «Вострая брама» выйшла кніга «Клініка кітайскага дантыста». Таксама Зміцер стварыў аўтарскі цыкл праграм «Падарожжы Свабоды» і «Падарожжы з Бартосікам». Вандруючы па вёсках Беларусі з дыктафонам не адзін год, Зміцер запісаў і творча апрацаваў жыццёвыя гісторыі соцень асоб.
У 2020 годзе Зміцер Бартосік быў практычна на ўсіх вялікіх маршах у Мінску, шмат выступаў на дваровых канцэртах. Пасля разгрому мінскай рэдакцыі «Радыё Св*бода» ў 2021-м узяў творчы адпачынак, паехаў на некалькі месяцаў у горад сваіх дзеда і прадзеда — Адэсу. Там адно са сваіх хобі ператварыў у новы прафесійны занятак: начытвае аўдыёкнігі беларускіх аўтараў. Пазней пераехаў у Польшчу на літаратурную рэзідэнцыю.
Надзея
У 1994 годзе я цешыў сябе надзеяй, што альбо Зянон Пазняк, альбо Станіслаў Шушкевіч перамогуць. Але мазгі падказвалі, што нічога не зробіш: пераможа Вячаслаў Францавіч Кебіч, у якога быў адміністратыўны рэсурс. Які быў настаяшчым савецкім начальнікам: важным, коснаязыкім, натапыраным.
А я тады ў Варонежы ў сваякоў бавіў сваё лета. Там чытаў інтэрв’ю са Станіславам Шушкевічам у газеце «Известия», які выказваў стопрацэнтную ўпэўненасць у сваёй перамозе і так захопліваў сваім аптымізмам! Я думаў, можа, сапраўды атрымаецца. А мой бацька казаў: «Нават не думай. Ніколі народ не прагаласуе за таго, хто ўжо быў ва ўладзе».
Бабарыка здзівіў
У 2020 годзе я не чакаў нейкіх паваротаў, як у 1994-м. Чакаў сумную кампанію. Як толькі пачаліся паездкі з праймерыз (гаворка пра «старую апазіцыю». — Заўв. рэд.), дзе прыходзіў мясцовы дэмакратычны… Хацеў сказаць «архіў». Актыў! Хоць агаворка правільная: адбываўся дэмакратычны архіў у колькасці пяці чалавек, сямі чалавек… Два галасы таму, адзін голас таму. І гэта была страшная інтрыга! А можа, у наступным горадзе прыйдуць шэсць чалавек, таму будзе цэлых тры галасы і ён абыдзе падспуднага канкурэнта...
Тое, што 2020 год будзе незвычайным, я зразумеў, калі першы раз паслухаў Віктара Бабарыку. Больш за ўсё мяне здзіўляла, што ён, гледзячы проста ў твар, адкрыта хлусіць! Што нібыта не можна сфальсіфікаваць ніякія выбары. Маўляў, сфальсіфікаваць можна 10 % галасоў, але ніяк не 30 %, не 40 %! Я ахвігеў. Навошта ён гэта робіць? Не ведаю матываў, але атрымліваецца, што без гэтай хлусні плытка не закруцілася б.
Бо Віктар Бабарыка падараваў надзею.
Ён потым, пасля вызвалення з-за кратаў, распавядзе, ці была гэтая хлусня прадуманай. Бо ён чалавек разумны і цудоўна ведаў, што ў гэтай сістэме можна сфальсіфікаваць 100% галасоў. Але Віктар Бабарыка 20 гадоў працаваў у каардынатах дзяржавы Лукашэнкі. Так што хлусіў, хутчэй за ўсё, свядома. Гэта сталася адным з чыннікаў таго, што пазней у падручніках назавуць беларускім цудам, беларускай рэвалюцыяй ці жнівеньскай рэвалюцыяй 2020 года.
9 жніўня не чакаў рэзкага павароту сюжэту
Напярэдадні выбараў я думаў, што 9 жніўня збярэцца невялікая колькасць людзей. Я чакаў лёгкага, вельмі лёгкага варыянту «Плошчы» 2010 года. Без той жэсці, якая была тады. Мне падавалася, што Лукашэнку ў той сітуацыі ні ў якім разе нельга было сварыцца з Еўропай. Будуць разганяць, але акуратненька: без затрыманняў і арыштаў.
Таму для мяне абсалютна незразумела, чаму адбылася такая жорсткасць. Ён проста плюнуў на ўсе рацыянальныя матывы. Ён даў волю сваім запаветным жаданням, якія выспявалі ўсю вясну і лета 2020 года. Калі пабачыў тыя чэргі на падпісанне за патэнцыйных канкурэнтаў, відаць, не вытрывалі нервы. І ён захацеў, як на дыскатэцы, паказаць, хто першы хлопец на вёсцы.
9 жніўня мы са шваграм балявалі паводле сваёй праграмы. Я спачатку прагаласаваў, а пасля забыўся пра гэтыя выбары. Мы прыехалі з адпачынку ўсёй сям’ёй прагаласаваць. Спачатку на мой участак. Пасля на жончын. Пасля да швагеркі. Я быў па-за інфармацыйным полем. Не карыстаўся тэлеграм-каналамі, абсалютна не быў у курсе таго, што адбывалася. Хоць інтэрнэт «ляжаў», але праз VPN на тэлеграмах інфармацыю можна было атрымаць.
Але я не цікавіўся, бо, як сказаў, не верыў, што можа быць штосьці сур’ёзнае.
Пра катаванні на Акрэсціна я дазнаўся толькі на трэці дзень, 12 жніўня, як і большасць беларусаў. І гэта быў шок. Пайшлі з жонкай прагуляцца. Выйшлі на праспект Дзяржынскага, дайшлі да зубра (скульптура ў раёне станцыі метро «Пятроўшчына», адно з месцаў збору пратэстоўцаў у 2020 годзе. — Заўв. рэд.).
І раптам спыняецца здаравенны аўтобус, адтуль выскокваюць салдаты ўнутраных войскаў. Жонка мяне пацягнула на другі бок праспекта. Я кажу: «Нікуды не пайду! Я што, пагуляць не магу?» І толькі мы перайшлі на той бок, ужо і народ пабег у двары. Яны проста ездзілі і хапалі людзей. Мы забеглі ў двор, я там папаліў. Пайшлі назад — і побач дымавую гранату ўзарвалі. Жонцы стала кепска. Так пачаліся нашы хаджэнні і гулянні — з гэтага дня. Хаджэнні, маханні сцягамі.
Этап, які трэба прайсці
Да чаго стаўлюся скептычна. Калі вы крычыце «Кожны дзень!», а выходзіце толькі ў нядзелі, гэта няправільна. Але не! У нядзелі мы робім прыгожыя плакаты, гламурныя лозунгі, а ў панядзелак мы ідзём на працу. Гэта не «кожны дзень». І не «кожны дзень», а «каждый день». Можаце называць мяне старым дурным бээнэфаўцам, але не. Тады крычыце: «Воскресенье, воскресенье!»
Актыўнай фазы не было. Быў пачатак ацверазення.
Найбольш разумныя людзі — крэатыўны клас — агледзеліся і зразумелі, хто імі кіруе. Яны не чакалі такой рэакцыі з боку дзяржавы. Яны думалі, што свет адэкватны і ўлада больш-менш адэкватная. А атрымалася, што як бы чалавек заходзіць у сваю ўлюбёную кавярню, замаўляе смузі, а афіцыянт залівае тое смузі яму за каўнер, а пасля зверху лупцуе падносам па галаве. Яны думалі, што ад іх колькасці, ад іх крэатыўных плакатаў штосьці зменіцца ва ўладзе…
Гэта не значыць, што я сяджу і плявузгаю на гэтых цудоўных людзей. Гэта быў этап, які трэба было прайсці. Каб зразумець, што ты прыйшоў не ў кавярню. Ты прыйшоў у рыгалаўку. Ты думаў, што ў рыгалаўцы добры модны дызайн, прадаюцца аўтарскія напоі і стравы, але насамрэч гэта рыгалаўка.
Як бы яна ні прыкідалася сваімі дарогамі, інтэрнэт-праектамі ды іншымі сучаснымі рэчамі, гэта калгасная рыгалаўка. І калі ты не так паглядзеў на афіцыянта, ён павёў сябе так, як павінен сябе паводзіць таварыш сяржант. Без удару падносам па галаве да масы людзей не дайшло б, дзе яны жывуць.
Такое развіццё падзей у планы Бабарыкі не ўваходзіла, ён сам такога не чакаў. Але ён са сваёй хлуснёю паслужыў спускавым кручком, каб да людзей дайшло. За гэта яму вялікі дзякуй.
Разумеў, што ўсё надоўга
Я з самага пачатку разумеў, што гісторыя з пратэстамі будзе доўгай, а гісторыя з перамогай — яшчэ даўжэйшай.
16 жніўня 2020-га, калі выйшлі больш за сто тысяч чалавек, я хадзіў сярод людзей з гітарай і спяваў «Вставай, страна огромная». Там такія радкі ёсць: «Дадим отпор губителям всех пламенных идей, насильникам, грабителям, мучителям людей. Пусть ярость благородная вскипает как волна, идёт война народная, священная война!» І дзе б я ні ставаў з гэтай песняй, адразу збіралася купка людзей, якія пачыналі мне падпяваць.
Мне тады не хапіла фантазіі, каб ацаніць усю помслівасць таго боку. Калі будуць хапаць і саджаць за каменты і перапосты. Я разумеў, што мірныя дэманстрацыі нічога не дадуць, бо людзі не могуць хадзіць вечна, што будуць паказальныя працэсы. 16 жніўня я хадзіў змрочны са сваёй песняю «Вставай, страна огромная». Бо краіна не паўстала, краіна святкавала перамогу.
Мне хацелася рыдаць проста: а чаго вы такія ўсе радасныя, што вы святкуеце? Адно што мне маёй цынічнасці не хапіла ўявіць, што паказальных працэсаў будуць сотні. Я не ведаў, што кліент настолькі кепскі.
Новае пачуццё — нас шмат
Але на наступных маршах я зразумеў, што людзі святкуюць не перамогу. Людзі не святкавалі, а радаваліся сузіранню да сябе падобных. Гэта было новае пачуццё, якое іх агарнула. Якое ўсяліла ў іх аптымізм, светлыя пачуцці, з якімі не ведалі, што рабіць. Наколькі нас шмат! Такога ў Беларусі ніколі не было. Ні ў 1991-м, ні ў 1996-м. Гэта было штосьці новае. Таму на наступных маршах я схаваў свае прэтэнзіі да людзей. І ціха любаваўся тым, што адбываецца.
Ва ўсёй гісторыі другой паловы 2020 года мне найбольш спадабалася гісторыя з дваровымі імпрэзамі. Гэта самае галоўнае, што адбылося. Мне было нават троху крыўдна, што мяне мала клічуць.
Я зрабіў каля дзесяці дваровых выступаў. Цудоўны быў выступ у «Лебядзіным», дзе аграмадныя сцягі віселі. У маім «Міхалове» падышоў мужык, прынёс маю першую кнігу «Чорны пісталет» і папрасіў аўтограф. Пасля таго, як я раз штосьці праспяваў у дварах мікрараёна. Людзі пачалі адно з адным знаёміцца. Гэта беспрэцэдэнтна для двухмільённага горада.
Гэтая вада пад ільдом, якая цяпер спіць, калі вобразна гаварыць пра стан грамадства... Калі лёд трэсне, гэта ж якія па дварах будуць пасядзелкі!
Гэта было знаёмства
У жніўні 2020 года адбыліся і не рэвалюцыя, і не паўстанне. Гэта ацверазенне. Добра, дапусцім, рэвалюцыя. Гэта не было бунтам. Гэта не было паўстаннем. На жаль ці на шчасце — не ведаю. Гэта было знаёмства. Знаёмства паміж сабой, са сваёй краінай. Знаёмства з рэальнасцю, дзе ты жывёш. Знаёмства з часам, дзе ты жывёш. Знаёмства з рэжымам, дзе ты жывёш. Гэта было вяртанне з цудоўных ілюзій, дзе ёсць модныя клубы, дзе ёсць інтэлектуальныя прасторы, дзе ёсць вуліца Зыбіцкая. Вяртанне ў рэальнасць. Ці, скажам, сутыкненне з рэальнасцю.
Людзі ўяўлялі жыццё па-свойму, а ўлада — зусім інакш.
З'ехаць усім на адзін месяц
Шмат беларусаў з’ехалі, але шкада, што так мала. Было б добра, калі б актыўных людзей з’ехала пару мільёнаў, а лепш пяць мільёнаў, усе разумныя людзі, якія могуць штосьці ствараць, а там бы засталіся самыя адданыя рэжыму: АМАП і калгаснікі. Хай бы ён з імі і пажыў. Спачатку ім бы ўсім гэта спадабалася — «как воздух-та ачысціўся».
Хай бы яны пажылі без нас. Хоць бы месяц.
Мне здаецца, шмат хто жадае хутчэйшага канца рэжыму, але пры гэтым ніхто не хоча паміраць. І гэта правільна, паміраць не трэба. У мяне такое адчуванне, што ўсё гэта зацягнецца. Усё прывязана да Расіі. Не было б побач Расіюшкі, даўно б усё скончылася.
Яго падтрымлівае Пуцін. А трэба будзе — падтрымае і войскам.
Не бывае свабоды без радзімы
«А что вам так не нравится в Александре Григорьевече? Он говорит на вашем языке. Он не навязывает вам беларусский. Он даёт вам возможность заработать. Что вам так не нравится?»
Мала зарабіць. Хочацца свабод. Але свабод не бывае без пачуцця радзімы.
Тры штабы пачыналі сваю перадвыбарчую агітацыю практычна без нацыянальнага хоць чаго. Здаецца, яны гэтай тэмы баяліся як агню. Але людзі паступова ўсё болей і болей прыносілі нацыянальную сімволіку на сустрэчы з кандыдатамі. А пасля з кандыдаткай. І ўрэшце ўсе пратэсты адбыліся пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня».
Можа быць, пасля ўсяго, што адбылося, хтосьці зацікавіцца сваім, тым, што ствараецца беларусамі для беларусаў. Сваёй музыкай, літаратурай… А я вельмі сумняюся пакуль. Можаце мяне лічыць шлёпнутым бээнэфаўцам. Што датычыць беларускай мовы, я самы што ні ёсць пазняковец — у берэце і з «Пагоняй».
Што будзе наперадзе
Вось бы ўявіць на секунду, што адбылася мантра Аляксандра Рыгоравіча — не мара, а мантра. І Беларусь інтэгравалася з Расіяй. Не ўвайшла ў склад, а інтэгравалася. І загартаваныя ў баях са студэнткамі ды айцішнікамі мужныя амапаўцы паехалі на сваё новае месца прызначэння: Паўночны Каўказ, таджыкска-афганская мяжа, Екацярынбург. Праўда, нашых палітычных сядзельцаў шкада: не хочацца думаць, што ім адкрыюцца Варкута і Магадан.
На найбліжэйшыя пяць гадоў я бачу тэрміны, лагеры і турмы. Вядома, у сібірскія лагеры я не веру…
За што нам гэта?
Сядзіць за сталом мая знаёмая, якая адхадзіла ўсе маршы, паводзіла сябе, як на карціне «Свабода, што вядзе народ» французскага мастака Эжэна Дэлакруа. Толькі грудзі не агаляла, а так усё было вельмі падобна. І такая: «І за што ж нам гэта?!» А я сяджу і ахвігеваю: «А што ж гэта такое гэта?»
Знаёмая жыве на вуліцы Панцеляймона Панамарэнкі. Панцеляймон Панамарэнка ў верасні-кастрычніку 1937 года ўласнаручна штодзённа падпісваў трыста расстрэльных прысудаў. У маёй знаёмай у душы не выклікае ніякага дыскамфорту тое, што яна жыве на вуліцы Панамарэнкі, бо яна не ведае, хто гэта такі.
Дык вось у чым прыкол 2020 года: можа быць, яна зацікавіцца, на вуліцы якога чалавека жыве. І калі дазнаецца кароткую біяграфію Панамарэнкі, зразумее, за што нам гэта. Бо гэта нікуды не знікала, толькі мадыфікавалася.
Для маёй знаёмай, як і для некаторых маіх сваякоў, рэферэндум 1995 года, пасля якога адмянілі нацыянальную сімволіку і аднавілі пераслед беларускай мовы, гэты рэферэндум не быў ніякай трагедыяй. Яны яго не заўважылі. А большасць запатрабавала вярнуць Савецкі Саюз. І не проста начальніка кшталту Кебіча, не! «Вы вярніце нам таварыша Сталіна!»
Калі мне было пяць гадоў, мяне пакінулі аднаго ў гатэльным нумары. Я ўбачыў шпільку для валасоў. І засунуў яе ў разетку. Мяне дзеўбанула так, што праляцеў у другі канец гатэльнага нумару, ува ўсім будынку вылецелі коркі… Прыляцелі пакаёўкі, убачылі мяне — жывы! Больш я ніколі ў жыцці не набліжаўся да разетак. А вось беларускі народ вырашыў, што ўрок можна паўтарыць яшчэ раз.
І калі мая знаёмая з вуліцы Панамарэнкі пытае ,«за што нам гэта», я разводжу рукі. Праўда? Мне ўсё пералічыць? Мне трэба надзець шэры берэт з алюмініевай «Пагоняй» узору 1989 года і зрабіць прамову: «Вы забылі сваю гісторыю, вы забылі сваю мову, вы забылі сваю культуру. Вось за гэта атрымайце ад афіцыянта, дзе вы заказваеце смузі, дабротным срэбным падносам па мордзе!»
Я Зміцер Бартосік, народжаны ў Рыбінску, які гадаваўся ў Паўночным Казахстане, які прыехаў у Беларусь толькі ў 9 гадоў. Мне сапраўды было крыўдна, як мала беларусаў мела пачуццё радзімы. Як у маёй знаёмай, якая была гатовая плаціць за расійскіх музычных выканаўцаў і не даць ні гроша беларускім.
А вось улетку 2020 года я стаў назіраць, як у маёй знаёмай пачаў актывізавацца ген беларушчыны.
У беларускага народа ёсць усе шанцы да канца стаць нацыяй.