Змены ў польскім законе аб адукацыі дапамогуць беларусам?
Раней рэжым Лукашэнкі пастанавіў не выдаваць беларускім абітурыентам даведкі, якія дазваляюць ім ехаць на вучобу за мяжу, піша «Свабода».
Сейм Польшчы 15 траўня прагаласаваў за папраўкі ў закон аб адукацыі, якія датычацца дапамогі грамадзянам Украіны. Папраўкі разам з тым могуць паспрыяць і грамадзянам Беларусі, паведаміла інфармагенцтва РАР.
За папраўкі прагаласаваў 381 дэпутат, 19 былі супраць, 20 устрымаліся.
Прынятыя папраўкі датычацца падаўжэння на чатыры месяцы тэрміну падачы заявак на ўмоўнае права займацца прафесіямі лекара, стаматолага, медсястры і акушэркі, адзначае TVN
Прынятыя папраўкі датычацца сярод іншага прызнання атэстатаў грамадзян краін, якія дэнансавалі міжнароднае пагадненне з Польшчай аб іх узаемным прызнанні. А гэта якраз Беларусь, улады якой 25 кастрычніка 2022 году скасавалі міждзяржаўнае пагадненне.
Намесніца міністра адукацыі Польшчы Яана Муха адзначыла, што папраўка звязаная з нядаўнім спыненнем выдачы Беларуссю атэстатаў аб заканчэнні школы сваім грамадзянам, якія знаходзяцца за мяжой, што робіць немагчымым навучанне гэтых людзей у Польшчы. Яна дадала, што размова можа ісці аб прыблізна 5 тысячах беларускіх грамадзян.
11 траўня тэлеграм-канал адукацыйнай ініцыятывы «Настаўніцкая» паведаміў, што Міністэрства адукацыі Беларусі перастала прымаць заявы на выдачу даведак, якія пацьвярджаюць легальнасць атэстатаў. Такія даведкі запытвалі некаторыя замежныя ВНУ пры прыёме беларускіх грамадзян.
Пазней стала афіцыйна вядома, што Мінадукацыі спыніла выдачу даведак, якія сведчаць аб тым, што школа, якую абітурыент заканчвае, можа выдаваць дакументы дзяржаўнага ўзору. Такі дакумент таксама запытваецца некаторымі польскімі ўстановамі вышэйшай адукацыі пры прыёме абітурыентаў.
Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваўся пра тое, што ў Беларусі неабходна павялічыць тэрміны адпрацоўкі размеркавання пасля ВНУ, а таксама спыніць выезд беларускай моладзі за мяжу.