Нарадзіўся ў Нясвіжы, перадаў ЦРУ імёны мноства шпіёнаў, дзіўна скончыў. Гісторыя знакамітага польскага перабежчыка
У пачатку траўня 2024 года польскі суддзя Томаш Шміт даў у Мінску прэс-канферэнцыю, падчас якой папрасіў прытулку ў беларускіх уладаў. Яго падазраюць у шпіянажы і ўжо завочна арыштавалі на радзіме. Гэта далёка не першы шпіёнскі скандал, звязаны з дзвюма краінамі. Мабыць, самай вядомай была гісторыя ўраджэнца беларускага Нясвіжа Міхала Галенеўскага.
Міхал Галенеўскі — супрацоўнік польскіх спецслужбаў, які працаваў на ЦРУ і выдаў Захаду дзясяткі савецкіх агентаў — а потым стаў паводзіць сябе вельмі дзіўна. «Люстэрка» расказвае пра яго жыццё.
Ад магчымай службы ў НКУС да кар'ерных вяршыняў
Міхал Галенеўскі нарадзіўся ў 1922 годзе ў Нясвіжы. За год да гэтага Масква і Варшава падзялілі паміж сабой тэрыторыю Беларусі паводле Рыжскага міру. Заходняя частка нашай краіны адыйшла да Польшчы. Так што будучы разведчык ад нараджэння стаў грамадзянінам гэтай краіны. Кім былі яго родныя – палякамі ці апалячанымі беларусамі – невядома. Зрэшты, калі нейкая сувязь з беларускай нацыяй і была, больш важна тое, што сам Міхал лічыў сябе палякам. Яшчэ ў дзяцінстве ён пераехаў з бацькамі ў сённяшнюю Польшчу, дзе атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі (хоць фактычна скончыў усяго чатыры класы).
Падчас Другой сусветнай вайны ён, дзякуючы веданню нямецкай мовы, працаваў служачым ва ўпраўленні Reichsland, адказваў за маёнткі, якія нацысты канфіскавалі ў палякаў. Міхал сцвярджаў, што быў у падпольнай арганізацыі і нават быў арыштаваны за гэта. Ці так гэта насамрэч, сказаць складана. Так ці інакш прыход Чырвонай арміі ён сустрэў у шпіталі — незадоўга да гэтага мужчына захварэў. У канцы 1940-х у дачыненні да ўраджэнца Нясвіжа нават распачыналі крымінальную справу па абвінавачанні ў супрацоўніцтве з акупантамі, але факты не пацвердзіліся.
У 1944-м на тэрыторыю Польшчы ўступіла Чырвоная армія. Існуюць звесткі, што ўжо з таго часу Галенеўскі нібыта супрацоўнічаў з НКУС (арганізацыя — папярэдніца КДБ) і вучыўся ў адной са школ гэтага ведамства. Але дакументальных доказаў гэтаму пакуль няма.
А вось наступны факт сумневу не падлягае: у 1945-м Галенеўскі ўступіў у Польскую працоўную партыю (з 1948 года — Польская аб'яднаная працоўная партыя, якая была ў краіне кіруючай да канца эпохі сацыялізму) і стаў працаваць у Міністэрстве грамадскай бяспекі. Так называлася суперсілавое ведамства, якое аб'ядноўвала, калі мы гаворым пра сучасную Беларусь, функцыі КДБ і МУС.
Мужчына пачынаў як звычайны ахоўнік, але, нягледзячы на слабую адукацыю, хутка рос па службе. У 1946-м ён ужо быў аператыўным супрацоўнікам, праз год стаў намеснікам кіраўніка раённага ўпраўлення грамадскай бяспекі. «Рашучы, поўны энергіі і энтузіязму, ён падае прыклад іншым. Сур'ёзны і разумны ў сваіх паводзінах, ён заслужыў павагу ўсяго ўпраўлення. Характарызуецца добрым уменнем зарыентавацца, таму хутка засвойвае новую пасаду. Ён умее захоўваць таямніцу (асабліва цікава гэта гучыць, калі ведаць аб будучай здрадзе. — Заўв. рэд.), добрасумленны, годны даверу супрацоўнік», — пісалі пра яго ў асабістай справе.
Росту па службе садзейнічалі і поспехі сілавіка. Напрыклад, падчас працы ў Познані Галенеўскі выкрыў некалькіх былых агентаў гестапа, якія займалі высокія пасады ў Польскай народнай рэспубліцы (ПНР — так называлася сацыялістычная Польшча). Яшчэ некалькі антыкамуністычных арганізацый ён раскрыў у Гданьску.
Але гэта быў адзін бок медаля. Па меры пасоўвання ўгару Галенеўскі дэманстраваў калегам не лепшыя рысы характару. Напрыклад, паводзіў сябе дастаткова аўтарытарна. У 1956-м на яго скардзіліся з-за таго, што ён склікаў начныя нарады, на якія сам не прыязджаў. А адзін з супрацоўнікаў сцвярджаў, што пад кіраўніцтвам Галенеўскага ў працы яго аддзела адбыўся застой, дзейнасць звялася да ўдарніцтва (гэта значыць пагоні за статыстычнымі паказчыкамі), была кідкай, але не заўсёды ўдалай. Адмысловая камісія нават не рэкамендавала яго для далейшай працы ў органах бяспекі, але мужчыну ўсё сышло з рук.
Гэта былі далёка не адзіныя прэтэнзіі да ягонай працы. Калегі абвінавачвалі Міхала ў ганарыстасці, маніі велічы, эгацэнтрычнасці, пыхі. Расціслаў Катвіцкі, арыштаваны сябра падпольнага антысавецкага руху «Свабода і незалежнасць», расказваў, што Галенеўскі насіў пры сабе дубінку даўжынёй каля 60 сантыметраў, якая была зроблена з прыкладна дзесятка тонкіх сталёвых дратоў, абцягнутых скурай; канец дубінкі быў пазбаўлены скуры, так што дроту дроту тырчалі вонкі. Увайшоўшы ў памяшканне, Галенеўскі некалькі разоў ударыў ёй Катвіцкага па твары, паўтараючы пры гэтым: «Мяне не хвалюе ні [твая] адукацыя, ні [грамадскае] становішча».
Адначасова кіраўніцтва адзначала яго розум, славалюбства. У правільнасці яго ідэалагічнай пазіцыі ніколі не было сумневаў.
Кар'ера ўраджэнца Нясвіжа і надалей развівалася паспяхова. На працягу амаль двух гадоў Галенеўскі ўзначальваў сакрэтны аддзел аналітычнай контрвыведкі. Потым на кароткі час стаў намеснікам начальніка контрразведвальнага ўпраўлення Камітэта грамадскай бяспекі. Чатырнаццаць месяцаў быў намеснікам начальніка Галоўнага інфармацыйнага ўпраўлення. Працуючы ў спецслужбах, ураджэнец Нясвіжа асабіста ўдзельнічаў у асобных аперацыях — за мяжу ён выязджаў як журналіст Раман Тарноўскі.
А вось сямейнае жыццё ў мужчыны не задалося. У яго першай жонкі ў 1950-х развілося сур'ёзнае псіхічнае захворванне, магчыма, выкліканае наступствамі Другой сусветнай вайны. Лекаванне не дапамагала, лекары дыягнаставалі шызафрэнію, пасля чаго Галенеўскі пайшоў з сям'і. У 1957-м ён падчас камандзіроўкі ў ГДР (усходняя Нямеччына, якая кантралявалася СССР) пазнаёміўся з мясцовай жыхаркай Ірмгард Кампф — з ёй у спецслужбіста завязаліся адносіны, якія Міхал доўга хаваў. Да іх мы яшчэ вернемся — яны адыграюць важную ролю ў жыцці Галенеўскага.
Супрацоўніцтва з ЦРУ і раскрыццё супер-агентаў
Усё змянілася ў 1958 годзе. Тады ўраджэнец Нясвіжа адправіўся ў камандзіроўку ў Швейцарыю, дзе прапанаваў супрацоўніцтва амерыканскім спецслужбам — для гэтага ён адправіў пасылку амбасадару ЗША ў Берне. У ёй былі два лісты: самому амбасадару і дырэктару ФБР Эдгару Гуверу. У іх Галенеўскі падпісаўся як Кулямётчык (амерыканцы сталі называць яго Снайперам), прапанаваў свае паслугі тайнага агента, у пацверджанне прыклаў некаторыя сакрэтныя дакументы і дадаў інструкцыю аб тым, як падтрымліваць далейшыя кантакты.
Амерыканцы пагадзіліся з прапановай аб супрацоўніцтве. Ажыццяўляла яго ЦРУ (ФБР мела права дзейнічаць толькі на тэрыторыі ЗША). Перапіска з агентам спачатку ішла праз паштовую скрыню ў Заходнім Берліне (пасля Другой сусветнай не толькі Германія, але і гэты горад быў падзелены паміж Захадам і Усходам; пасля стварэння ГДР унутры яго з'явіўся своеасаблівы анклаў — Заходні Берлін), а затым праз так званыя мёртвыя паштовыя скрыні ў Варшаве (гаворка пра спецыяльныя кантэйнеры для таемнай перадачы спецслужбамі інфармацыі ці матэрыяльных каштоўнасцяў). У сваіх лістах Галенеўскі не называў імя, а раскрыць яго асобу амерыканцы не змаглі, таму ўся перапіска праходзіла ананімна.
Чаму мужчына стаў супрацоўнічаць з амерыканцамі, дакладна не вядома. З улікам таго, што грошай ад іх ён не атрымліваў, застаюцца дзве асноўныя версіі: нянавісць да камунізму (гэта значыць ідэалагічныя матывы) або асабістыя абставіны (тае самае няўдалае сямейнае жыццё: Міхал хацеў ажаніцца з Ірмгард Кампф, але падазраваў, што начальства яму забароніць).
Тым часам у 1960-м аб адносінах Галенеўскага з грамадзянкай ГДР даведалася кіраўніцтва, пасля чаго падпалкоўніка (да таго часу ўраджэнец Нясвіжа даслужыўся да гэтага звання) часова зрабілі невыязным. У той жа час Міхал ужо перадаваў інфармацыю на Захад. Супрацоўніцтва працягвалася ўсяго некалькі гадоў, але за гэты час Галенеўскі нанёс сацыялістычнаму блоку небывалую шкоду.
Напрыклад, ён выдаў амерыканцам Джорджа Блэйка, які працаваў у брытанскай спецслужбе МІ-6. У гісторыю разведкі гэты агент увайшоў перш за ўсё як чалавек, які паведаміў СССР аб будаўніцтве амерыканцамі тунэля з Заходняга Берліна ва Усходні з апаратурай для праслухоўвання. Паводле яго слоў, ён здаў савецкай разведцы каля 500 заходніх агентаў, але адмаўляў, што следствам яго дзеянняў стала смерць 42 з іх (у Вялікабрытаніі лічыцца, што Блэйк перадаў савецкай разведцы імёны каля 600 агентаў).
Па навядзенні Галянеўскага таксама быў арыштаваны Конан Малоды, які пад выглядам канадскага бізнэсмэна ўзначальваў савецкую нелегальную рэзідэнтуру ў Лондане (1954-1961). Малодаму перадалі кантакты агентаў, раней завербаваных СССР. У тым ліку Гары Хаўтана, які працаваў у навукова-даследчым цэнтры падводнай зброі. Апошняму дапамагала яго палюбоўніца — сакратарка ваеннай базы Этэль Джы. За сувязь з Масквой адказвалі амерыканцы Морыс і Леанціна Коэны (у Брытаніі працавалі пад прозвішчам Крогер). Усіх гэтых людзей пазней назвалі «Портлендскай групай». Яны перадавалі ў Маскву інфармацыю аб узбраеннях ВМС Вялікабрытаніі, а таксама іншыя звесткі.
Галянеўскі ведаў Хаўтана і здаў яго. Амерыканцы перадалі інфармацыю аб агенце брытанцам, а ўжо тыя выйшлі на Малодага. У выніку ўсю групу затрымалі. Конан атрымаў 25 гадоў зняволення, але неўзабаве яго абмянялі на брытанскага агента.
Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін вырашыў пайсці на працу ў разведку, паглядзеўшы савецкі серыял «Мёртвы сезон». Гэта быў папулярны савецкі фільм 1967 года, галоўную ролю ў якім адыграў Данатас Баніёніс. Прататыпам галоўнага героя якраз стаў знакаміты Малоды.
Акрамя таго, Галенеўскі загадаў скласці спіс усіх спраў, якім займаўся яго аддзел, а таксама ўказаць імёны супрацоўнікаў, якія іх вялі. У агульны спіс увайшла 91 справа. Насупраць усіх, акрамя васьмі, былі напісаны імёны і прозвішчы таемных супрацоўнікаў. Пасля ўцёкаў на Захад Міхал забраў гэты спіс з сабой.
Ёсць звесткі, што Галенеўскі выдаў амерыканцам 240 чалавек. Сярод іх былі як агенты савецкай разведкі, так і краін, сяброўскіх СССР. Акрамя таго, ЗША на аснове яго дадзеных завялі каля дзвюх тысяч спраў у дачыненні да асоб, якія падазраваліся ў працы на разведслужбы краін Арганізацыі Варшаўскай дамовы. Зразумела, гэтыя лічбы могуць быць недакладнымі, бо акрамя Міхала на ЦРУ працавалі і іншыя людзі, інфармацыя паступала не толькі ад яго. Але маштаб у любым выпадку ўражвае.
«Тое, што мы ведаем — гэта мінімальная частка таго, што было фактычна прададзена ворагу, — прызнаваў начальнік Галенеўскага палкоўнік Вітольд Сянкевіч. — Даводзіцца спісваць дасягненні гэтага ўчастка працы прыкладна за пяць гадоў і пачынаць усё спачатку».
Уцёкі на Захад і спроба выдаць сябе за царскага сына
Як мы ўжо казалі вышэй, у 1960-м кіраўніцтва даведалася пра раман Міхала з Ірмгард. Першая жонка ўраджэнца Нясвіжа была рускай па нацыянальнасці — пасля разрыву яна вырашыла вярнуцца на радзіму. Тым часам Галенеўскі спрабаваў з ёй развесціся і ажаніцца са сваёй каханай. Але начальства, як ён і меркаваў, пярэчыла супраць шлюбу высокапастаўленага супрацоўніка з жыхаркай суседняй краіны (хай і сяброўскай ГДР).
У снежні 1960 года Галенеўскаму дазволілі з'ездзіць у Берлін для вырашэння працоўных і асабістых пытанняў — пад апошнім мелася на ўвазе вырашэнне пытання з Ірмгард (разведчык заявіў, што растанецца з немкай, а гэта будзе іх апошняя сустрэча). Візіт мусіў адбыцца з 26 снежня 1960 па 8 студзеня 1961 года. Але на гэты час Міхал запланаваў уцёкі.
Аб сваёй будучыні Галенеўскі паклапаціўся загадзя. Яшчэ працуючы ў Варшаве, ён прысвоіў сабе 550 долараў. Перад ад'ездам у Берлін узяў на камандзіровачныя выдаткі 16,3 тысячы заходнегерманскіх марак і яшчэ 300 долараў ЗША. Частку з сум, атрыманых раней, ён пераводзіў на рахунак каханай. Усемагутная Штазі (таемная паліцыя ГДР) не звярнула ўвагу на такія паступленні, хоць немка, якая зарабляла 300 марак у месяц, насіла швейцарскія ўпрыгожванні, французскае футра і адзенне вядомых фірмаў.
Па прыбыцці ў Берлін, Галенеўскі патэлефанаваў у амерыканскае пасольства з тэлефоннай будкі на спецыяльны нумар службы экстранай дапамогі, прадставіўся як Снайпер і расказаў аб запланаваных уцёках. Берлінскую сцяну ўзвядуць толькі праз паўгода, так што перабрацца ў Заходні Берлін тады было нескладана. 4 студзеня Міхал і Ірмгард пад'ехалі на таксі да амерыканскага консульства. Толькі тады ўраджэнец Нясвіжа назваў там свае сапраўдныя імя і пасаду. Ужо 5 студзеня яны былі ў ФРГ, а 16 студзеня — у ЗША.
У 1963-м Галенеўскаму далі палітычны прытулак, у тым жа годзе ён атрымаў амерыканскае грамадзянства. У Польшчы ж яго прыгаварылі да смяротнага пакарання. Уцёкі Міхала прывялі да шматлікіх адставак, звальненняў і перасоўванняў унутры польскай разведкі. 73 супрацоўнікі ўпраўлення былі звольненыя (у тым ліку 30 кіраўнікоў), іншых пераводзілі на іншыя пасады.
Аж да 1963 года Галенеўскі эфектыўна працаваў на Штаты. Але затым у яго паводзінах сталі выяўляцца дзівацтвы. Напрыклад, ён пачаў называць савецкімі агентамі людзей, якія ніяк не маглі імі быць. Ужо пасля звальнення з ЦРУ ён называў у іх ліку шэфа гестапа Генрыха Мюлера, палітыка (і будучага дзяржсакратара ЗША) Генры Кісінджэра, іранскага прапаведніка (будучага кіраўніка краіны) аяталу Хамейні і многіх іншых.
Чаму ён так рабіў, незразумела. Хутчэй за ўсё, прычыны медыцынскія: у Міхала развілося нейкае псіхічнае расстройства. Але існуе яшчэ адна версія: пра тое, што савецкі КДБ нейкім чынам перавербаваў Галянеўскага. Таму да 1963 года ён агучваў праўдзівую інфармацыю, а затым свядома збіваў з панталыку амерыканцаў, каб выратаваць найбольш каштоўных агентаў.
Але галоўным дзівацтвам у гэты час стала спроба разведчыка выдаць сябе за цэсарэвіча Аляксея Мікалаевіча. Нагадаем, што яшчэ ў 1918 годзе бальшавікі расстралялі ў Екацярынбурзе апошняга расійскага імператара Мікалая II Раманава і членаў яго сям'і. Аднак пазней папаўзлі чуткі, што нехта з дзяцей мог выратавацца.
Галенеўскі пайшоў далей. Ён сцвярджаў, што царскую сям'ю ўвогуле ніхто не расстрэльваў. Яна нібыта змагла дабрацца да Польшчы, дзе Мікалай II змяніў знешнасць і прозвішча. А Аляксей, сын імператара, стаў Міхалам Галенеўскім. Рэальны цэсарэвіч і ён сур'ёзна адрозніваліся ростам. Але ўраджэнец Нясвіжа заявіў, што прычына ў гемафіліі — хваробы, якая затрымала яго рост.
Магчыма, так выявілася хвароба Міхала. А магчыма, і банальная прага грошай: у студзені 1964-га ён запатрабаваў у суда Гамбурга прызнаць яго правы на маёмасць і ўклады сваіх «бацькоў». Зразумела, што яму адмовілі. У тым жа студзені 1964-га ЦРУ адмовілася ад паслуг ураджэнца Нясвіжа, даўшы яму дапамогу ў 500 долараў.
У верасні таго ж 1964 года Галенеўскі ажаніўся ў Нью-Ёрку на Ірмгард Кампф, з якой бег на Захад, — жанчына была на дзявятым месяцы цяжарнасці. Праўда, Міхал быў каталіком, а яго жонка — пратэстанткай. Але самае галоўнае, што ўраджэнец Нясвіжа прымудрыўся даць святару пасведчанне аб шлюбе на імя Аляксея Мікалаевіча Раманава, дзе таксама былі пазначаныя дадзеныя бацькоў рэальнага цэсарэвіча — імператарскай пары. Пазней Ірмгард развялася з Міхалам, які больш ніколі не ўбачыў дачку, якая нарадзілася ў іх шлюбе.
Ураджэнец Нясвіжа жыў у штаце Нью-Йорк па праграме абароны сведак, перанёс пластычную аперацыю. Сціплай дапамогі на жыццё яму не хапала, але павялічваць яе ЦРУ не спяшалася. Памёр былы разведчык у 1993 годзе ў адным з нью-ёркскіх шпіталяў. Яму было 70 год.
Сапраўдная роля і матывы паводзін Галенеўскага да гэтага часу застаюцца туманнымі.
Вітольд Сянкевіч, былы начальнік Міхала, лічыў, што гісторыя з «цэсарэвічам» была запланаванай аперацыяй савецкіх спецслужбаў: «Справа Галенеўскага павінна была быць спецыяльнай аператыўнай камбінацыяй, праведзенай разведкай Міністэрства ўнутраных спраў сумесна з разведкай СCCР. Ці быў Галенеўскі вар'ятам <…>? Я думаю, што не больш за <…>, чым усе мы. Ці быў ён супрацоўнікам ЦРУ, а мы аб гэтым не ведалі? Ён быў калабарантам, але мы пра гэта ведалі. Бо ён сам расказаў нам пра гэта <…>. Я асабіста размаўляў з ім пра гэта. Толькі пазней я даведаўся, што савецкія таварышы параілі яму шукаць кантакты з ЦРУ».
Па словах Сянкевіча, «наступным крокам павінна было стаць дэзерцірства <…> і разыгрыванне спектакля з прад'яўленнем правоў на расійскі пасад. <…>. У мяне было крыху іншае меркаванне на гэты конт. Я лічыў, што паўтараць падобную аперацыю, да таго ж не зусім удалую, у такі кароткі тэрмін немэтазгодна. Акрамя таго, уся гульня з Раманавымі была вельмі спрошчанай <…>. На жаль, я не ведаю, як развівалася справа далей, бо я быў звольнены з міністэрства. <…> Аднак ці былі дасягнуты намечаныя аператыўныя мэты, сказаць цяжка».
Тым не менш якія б мэты не ставіліся першапачаткова, гісторыя ўраджэнца Нясвіжа, мяркуючы па ўсім, стала самым ці адным з самых сур'ёзных выпадкаў дзяржаўнай здрады за ўсю гісторыю сацыялістычнай Польшчы.