Зянон Пазняк супраць міністаркі
Палітык і кандыдат мастацтвазнаўства Зянон Пазняк напісаў артыкул, у якім раіць, як захаваць беларускую мову ў неспрыяльнай сітуацыі.
«Нягледзячы на перашкоды і разбуральную палітыку рэжыму, мы бачым, што сярод людзей паступова вырастае павага да беларускай мовы ў розных пластах грамадства», — піша Зянон Пазняк на сваім афіцыйным сайце.
Але
пасьля аналізу беларускамоўнага сеціва палітык робіць несуцяшальную
выснову: беларусам трэба змагацца з дэфармацыяй маўлення і імкнуцца
захоўваць чысціню мовы.
«Часта няправільна называюць род назоўнікаў, блытаюць і няправільна абазначаюць агульныя і канкрэтныя назовы ды паняцці. Усе памылкі — гэта памылкі русіфікаванай свядомасці», — лічыць кандыдат навук.
Свабода падсумавала ўсе заўвагі і прапановы Пазняка ў 6 пунктах.
1. У сеціве ўжываюць слова «сабака» у жаночым родзе (як у расіян ). Па-беларуску «сабака» — гэта «ён», прытым па-беларуску «сабака» ёсьць агульная назва віду, гэтак жа як «кот», «конь» і ўсе жывёлы, якія не маюць вонкава выразна выяўленай полавай ідэнтыфікацыі. Спрэс пішуць «котка», маўляў, той меў «котку», гэты мае «котку». Усюды канкрэтызацыя «коткі». Адкуль такі выбар? Агулам па вонкавых прыкметах котку можна апазнаць, толькі калі яна «рыска» (трохколерная асобіна). Аказваецца, гэта людзі ў розуме сваім перакладаюць з рускай.
2. Яшчэ горш, калі людзі, відаць, з найлепшымі матывамі, хочуць падкрэсліць самабытнасць мовы, яе шматзначнасць, багацце лексікі, але дрэнна арыентуюцца, калі такая лексіка ўжываецца. У выніку ў неадпаведным кантэксце зьяўляюцца словы кшталту «Клінтаніха», «міністарка» і да т. п. Такія словы і формы словаў ёсць, але яны, як правіла, бытавога кшталту, часам з іранічным падтэкстам, і ўжываюцца ў адпаведнай гаворцы. Называнне гэтых словаў у неадпаведных абставінах і ў іншым кантэксьце ўспрымаецца як вульгарызм са зняважлівым непаважным сэнсам.
3. Правілы мовы абавязваюць казаць «спадарыня міністар», «яна міністар», «спадарыня дырэктар», «яна дырэктар» і г. д. «Міністарка» (слова-калека), ужытае ў публічным кантэксце, — гэта зняважлівае панібрацтва. Тут назіраем істотнае этычнае псаванне мовы.
4. Вымаўляюцца такія фанетычныя канструкцыі, якія супярэчаць самому роду беларускай мовы. Прыемная маладая пара артыстаў, напрыклад, хораша спявае беларускую песьню, а рэфрэнам, выклічнікам увесь час, замест беларускага «гэй!», гучыць чужое дзіўнае слова: «Хэй, хэй-хэй!» Прыклад неверагодны, каб так спявалі беларусы.
5. Сапраўдная паломка і жарганізацыя мовы адбываецца (як шмат дзе ў свеце) ад неапраўданага ўжываньня ангельскіх тэрмінаў, назваў і слоў. Месцамі мова робіцца ўжо незразумелай і цяжкай для ўспрыняцця. У беларускіх тэкстах як шчарбатыя зубы мільгаюць «хэдлайнер», «краўфандынг», «бодзібілдэр», «олдскул», «дайвінг», «мэнспрэдынг», «роўпджампэр» і іншае жаргоннае смець\це. Навошта такі гвалт над лексікай, з якіх такіх комплексаў?!
6. У ЗША сярод менш культурных беларусаў у бытавой гаворцы бывае чуваць ужо замежная «трасянка», калі кажуць што яны нешта хочуць «юзаць», але няма каму «супортаць» і г. д. Усё гэта — не адзнака ўзбагачэння і моўнага разьвіцця, а прыкмета дэгенерацыі і ўпадку. Ад жарганізацыі ангельшчынай беларускую мову ўжо трэба ратаваць. Зусім жа не складана ўсё сказаць зразумела і па-беларуску.
На думку Пазняка, беларуская вёска хутка русіфікуецца і перастае быць натуральным асяроддзем мовы. Яе месца займае літаратура, мастацтва, творчасць і некаторыя аб’яднаныя элітарныя групы людзей.
«Пад намі культура Вялікага Княства Літоўскага, гісторыя якога напаўняе гонарам сэрца. Пад намі вялікая якасная і чалавечная беларуская літаратура. Творчасць продкаў асьвятляе нам шлях. Толькі трэба па ім ісці» — піша Пазняк.