Заўтра працягнуць судзіць Сцяпана Латыпава

У аўторак, 27 ліпеня, у 10.30 у судзе Савецкага раёна Мінска адновіцца разгляд крымінальнай справы супраць палітвязня Сцяпана Латыпава, паведамляюць праваабаронцы.

Сцяпан Латыпаў ў судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org

Сцяпан Латыпаў ў судзе 1 чэрвеня. Фота: spring96.org

Перапынак у судзе быў зроблены 10 чэрвеня на час правядзення стацыянарнай судова-псіхіятрычнай экспертызы. Яе прызначылі пасля таго, як 1 чэрвеня Латыпаў проста ў клетцы ў зале суда праткнуў сабе горла асадкай. Перад гэтым ён заявіў, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пагражалі завесці крымінальныя справы ў дачыненні да яго сваякоў і суседзяў, калі ён не прызнае віну.


41-гадовы Сцяпан Латыпаў — жыхар «Плошчы Перамен», прамысловы альпініст, дырэктар фірмы «Беларбо». Яго затрымалі 15 верасня каля мурала з «дыджэямі перамен». Праз некалькі дзён на дзяржтэлебачанні выйшлі сюжэты пра тое, што Латыпаў нібыта збіраўся распыляць яды, каб цкаваць міліцыянтаў, але ў справе гэтых абвінавачанняў не аказалася. Латыпава абвінавачваюць па трох артыкулах: «Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1, 2 арт. 342), «Супраціў міліцыі» (ч. 2 арт. 363) і «Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 ).
reform.by