Закінутая будоўля вяслярнага канала на Дняпры стала экалагічнай бядой

У Магілёве чатыры гады замарожанае будаўніцтва адміністрацыйна-спартовага корпусу вяслярнага каналу. На завяршэнне няма фінансавання.

Адміністрацыйна-спартовы корпус вяслярнага каналу. Абляпіха вышэйшая за агароджу

Адміністрацыйна-спартовы корпус вяслярнага каналу. Абляпіха вышэйшая за агароджу

Алімпійскі чэмпіён Аляксандар Масяйкоў пра недабудаваны вяслярны канал у Магілёве: «Глядзіш на гэты даўгабуд, і сэрца сціскаецца».

Жыхары прылеглага да доўгабуду раёну абураюцца: кінуты аб’ект — асноўная прычына забруджання берагоў Фацінскай затокі ды й Дняпра.

Пераблыталі ліўневую камунікацыю з каналізацыйнай

Будаўнічая пляцоўка на Фацімскай затоцы зарастае абляпіхаю. Месцамі кустоўе сягае вышэй агароджы. З тыльнага боку ўзведзенай за два гады будыніны шыбы дарагіх шклопакетаў пабітыя. Навокал раскіданае бытавое смецце. Некалі выкладзеную тратуарную плітку крадуць.

«У раёне вуліц Цярохіна і Златавустоўскага два даўгабуды: вясьлярная база і, трошкі далей ад яе, лодачная станцыя. Наш раён новы, і такія аб’екты псуюць ягоны выгляд», — казаў адзін з жыхароў прылеглага да затокі дома.

Даўгабуд з тыльнага боку

Даўгабуд з тыльнага боку

«Актыўнасьці на гэтых аб’ектах, — адзначыў ён, — няма не першы год, і з кожным годам яны разбураюцца. Тэрыторыя ж вакол будоўляў занепадае. Ля іх утвараюцца несанкцыянаваныя сметнікі. Даводзіцца скардзіцца, каб іх прыбіралі. Калі тут усё будзе даведзена да ладу — пытанне рытарычнае».

Нядаўна жыхары даведаліся, што будаўнікі, якія ўзводзілі адзін з дамоў, пераблыталі ліўневую камунікацыю з каналізацыйнай і нечыстоты, абмінаючы адстойнікі, цяклі наўпрост у затоку.

«Смярдзела — не прадыхнуць», — кажа мясцовы жыхар.

«Калі б гэты аб’ект функцыянаваў, — паказаў ён на даўгабуд, — ці на ім вялося будаўніцтва, дык праблему выявілі б хутка, а так ніхто ня мог высветліць, адкуль смурод. Нечыстоты зліваліся ў затоку, ды й ня дзіўна, бо калектары на ёй і на Дняпры разбураюцца. Уражанне такое, што пра іх забыліся».

«Выходзіла так, што людзі спачатку хадзілі ў прыбіральню, а потым ішлі купацца», — далучылася да гутаркі жанчына, паказваючы на недалёкі ад даўгабуду пляж.

Заезд на пляцоўку падперлі бервяном

Заезд на пляцоўку падперлі бервяном

«Была праверка, і яна паказала вялікае перавышэнне ў вадзе аміяку. Пакаралі за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства будаўнічы трэст № 17», — заявіла суразмоўца, спаслаўшыся на свае крыніцы інфармацыі.

«Во, сынок, бачыш, дзе каналізацыя ў нас. І побач нехта даўмеўся разьбіць пляж», — не хаваючы абурэння, казалі пенсіянэры. Абодва пасвілі козы на беразе затокі.

«Іншым разам глядзіш, а ў затоцы кал плавае, — абуралася кабета. — Няўжо іншага месца не было для пляжу? Як у чалавека, які прыдумаў такое, мазгі працуюць?»

Сярод забароненых сёлета месцаў для купання значыцца і затока з боку вуліцы Фаціна. На мясцовым пляжы выстаўлены знак з адпаведным надпісам.

Забруджання нібыта не было, але будаўнікоў пакаралі

У Магілёўскай гарадзкой інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя пацьвердзілі факт парушэння будаўнікамі тэхналёгіі пракладкі камунікацыяў, але абверглі забруджванне сьцёкавых водаў аміякам.

douhabud_4.jpg

Лодачная станцыя таксама даўгабуд

«Нас зацікавіў факт, што ў сухое надвор’е ў ліўнёўцы ідзе рух вады. Правялі лябараторныя доследы, якія не выявілі забруджвання аміякам, — давёў супрацоўнік інспекцыі, — Высветлілі, што пры будаўніцтве дома былі парушаныя пэўныя тэхналагічныя нормы, за гэта мы пакаралі будаўнікоў. Супраць трэста пачаўся адміністрацыйны працэс, які скончыцца адназначна штрафам. Сітуацыя ўзятая пад кантроль. Калі будзе сігнал, то будзем рабіць захады».

На згадку пра тое, што будаўнічая пляцоўка вяслярнай базы занепадае, суразмоўца запэўніў: мясцовы зелянгас перыядычна яе прыбірае.

Гэтак выглядае на Дняпры калектар сцёкавых водаў

Гэтак выглядае на Дняпры калектар сцёкавых водаў

«На жаль, вяслярная база — даўгабуд. Мы прымушаем зелянгас прыбіраць смецце, каб гэтая база хоць эстэтычна выглядала прыстойна. Адходы там пэрыядычна збіраюцца, — не ўтойваў эколяг. — Пытанне яшчэ ў тым, што ўвечары там збіраюцца кампаніі і распіваюць спіртныя напоі, тара ад якіх застаецца там жа. Трэба запытаць міліцыю, ці патрулюе яна той раён, ці робіць рэйды. Вартаўнік жа не будзе казаць падпітым людзям пра парадак».

Узяліся будаваць, а грошай не было

Узводзіць адміністрацыйна-спартовы корпус пачалі ў 2011 годзе. Тады мясцовая прэса аптымістычна пісала, што вяслярны канал дазволіць на высокім прафэсійным узроўні трэнаваць спартоўцаў. У 2013-м праз нястачу фінансавання работы спыніліся, але аб’ект не закансервавалі як след. Ва ўзведзенае ўклалі 70 мільярдаў старых рублёў. Прызнавалася: каб завяршыць будаўніцтва, патрэбна сума ў разы большая.

Затока забалочваецца

Затока забалочваецца

Летась дзяржкантроль бесціў будаўнікоў за нядбайнае стаўленне да сваіх абавязкаў. Гэта прывяло, казалі кантралёры, да таго, што аб’ект пачаў разбурацца. Супрацоўнікі кантрольнага ведамства гаварылі пра неабходнасць перакладвання сценаў, рамонту даху, праз які цячэ вада і разбурае будынак знутры. Паказвалі кінутыя не скарыстаныя будаўнічыя матэрыялы.

«Першая праблема — гэта недастатковае планаванне будаўніцтва, — каментаваў абласному тэлебачанню сітуацыю на будаўніцтве адміністрацыйна-спартовага корпусу супрацоўнік дзяржкантролю Дзмітры Захараў, — Мы бяромся будаваць тое, на што няма дастатковага фінансавання».

На нястачу сродкаў наракаў супрацоўнік абласнога ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Ягор Шчараў.

«Было б ідэальна, каб выдзялілі сродкі для будаўніцтва, — даводзіў ён. — Гэта дазволіла б малымі сіламі абысціся з тымі ж пашкоджанымі канструкцыямі. А так чым далей, тым горш».

Прырода сваё адваёўвае

Сам вяслярны канал таксама не завершаны. Ён разам з Дняпром мялее. Некаторыя яго ўчасткі зарастаюць кустоўем і забалочваюцца. «Прырода вяртае сваё», — так ахарактарызаваў сітуацыю адзін з жыхароў магілёўскага раёну Лупалава. Гэта паселішча амаль што на беразе Фацінскай затокі.

Купанне забароненае

Купанне забароненае

«Сорак гадоў таму тут былі балоты, ды такія, што не прайсці, — прыгадаў мужчына. — Крыніцы паўсюдна былі. Каб дабрацца да Дняпра, у кожнага меліся чаўны. Цяпер жа кінутую чалавекам мясціну прырода адваёўвае сабе, і чалавек бясьсільны што-колвек зрабіць з сілай прыроды».

Паводле суразмоўцы, раней парадак у навакольлі Дняпра трымаўся на мясцовых жыхарах. Цяпер жа рэй вядуць тыя, хто засяліў шматпавярховікі. «Яны ж самі і забрудзілі мясціну», — настойваў жыхар Лупалава.

Ён кіўнуў на вышыню насыпнога грунту, на якім узьвялі тутэйшы жылы масіў і пад якім апынуліся крыніцы.

Краявід на вяслярным канале

Краявід на вяслярным канале

«Пяць метраў вышыня, — адзначыў суразмоўца. — Шматпавярховікі даюць усадку, і трэскаюцца сьцены. Я ведаю, мне паказвалі кватэры ў гэтых дамах».

«А што да гэтага спарткомплексу, — на развітанне сказаў мужчына, — дык у нашых кіраўнікоў вечнае апраўданне: няма грошай. А калі іх няма, навошта будаваць такія аб’екты?».

Алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ-двойцы 1992 году ў Барселоне Аляксандар Масяйкоў, камэнтуючы сітуацыю на вяслярным канале, адзначыў, што гэта ягоны галаўны боль. Аляксандар Анатолевіч — дырэктар абласнога цэнтру алімпійскага рэзерва ў вяслярных відах спорту і дэпутат аблсавету.

Вяслярны канал зарастае кустоўем

Вяслярны канал зарастае кустоўем

«44-я Дзмітраўская акруга — гэта мае выбарнікі, таму людзі да мяне пастаянна звяртаюцца (і я пастаянна ў сваіх дэпутацкіх справаздачах пішу, што людзі звяртаюцца), але пакуль нічога не адбываецца.

На пачатку я быў ініцыятарам будаўніцтва вяслярнага канала з усёй інфраструктурай, бо ў Кастрычніцкім раёне мала спартовых аб’ектаў, і ў новым раёне Фаціна таксама.

Аляксандар Масяйкоў

Аляксандар Масяйкоў

Пётра Пятровіч Пракаповіч быў старшынём саюзу вясьлярных відаў спорту, і была дамоўленасць з уладай, што частку грошай плаціць Нацбанк, а частку — бюджэт вобласці. Усё, што ўзведзена — гэта на грошы Нацбанку, а ў вобласці магчымасці няма.

Усюды зьвяртаемся, ніхто не кажа „не“, але сытуацыя не кранаецца з месца. Сэрца сьціскаецца, як бачыш, што будынак разбураецца». 

Гэтак мог бы выглядаць спартовы аб’ект у ідэале

Гэтак мог бы выглядаць спартовы аб’ект у ідэале

Паводле Радыё Свабода